У Быхаве зьбіраюцца распачаць рамонт мясцовага замка да Сьвята пісьменства, якое ў 2013 годзе пройдзе ў гэтым райцэнтры.

Гэта помнік архітэктуры 16–17 стагодзьдзяў, адзінае замкавае збудаваньне, што ацалела ва ўсходняй Беларусі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, пакуль на падрыхтоўку да кансэрвацыі выдзелена два мільярды рублёў.

«Задача стаіць, каб частку рэстаўрацыі пачаць у 2013 годзе, нейкія элемэнты аднаўленьня паказаць да Дня пісьменства.

Два мільярды для такога замка — нязначная сума. Мы вядзем перамовы, і ёсьць разуменьне і падтрымка з боку міністра культуры пра тое, што будзе разглядацца пытаньне пра дадатковае фінансаваньне», —
цытуюць афіцыйныя крыніцы абяцаньне начальніка ўпраўленьня Магілёўскага аблвыканкаму Анатоля Сынкаўца.

Заяўляецца, што цалкам рэканструкцыю Быхаўскага замка плянуецца завяршыць да 2018 году.

У раённым аддзеле архітэктуры і будаўніцтва ў пачатку кастрычніка ўдалося даведацца, што

на рэканструкцыю помніка на сёньняшні дзень неабходна блізу 100 мільярдаў рублёў.

Быхаўскі замак узьвялі як абарончае збудаваньне ў першай палове сямнаццатага стагодзьдзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі.

Цяпер заняпалая цытадэль узвышаецца па-над крутым схілам абарончага рова. З акон відаць шырокі дняпроўскі поплаў. Акрамя самога замка, пакрысе разбураюцца і збудаваньні вакол яго. Напаўразбуранай стаіць замкавая вежа.

Доўгі час у мурах замка разьмяшчаліся розныя вытворчасьці. Калі будынак ужо пуставаў, здарыўся пажар, які зьнішчыў частку даху. Пасьля гэтага разбурэньне помніка пачалося больш інтэнсіўна. Там, дзе няма даху, будынак зарастае маладымі дрэўцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?