У памінальны дзень Дзяды, які католікі адзначаюць 2 лістапада, традыцыйнае набажэнства прайшло ў Гомелі каля крыжа на 9-м кіламетры, дзе былі расстраляныя ахвяры камуністычнай сістэмы.

«Гэта месца святое, сімвалічнае для Гомеля. У Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсій былі забіты дзясяткі тысяч людзей, у тым ліку і на 9-м кіламетры ў Гомелі, — нагадаў удзельнікам малебна настаяцель гомельскай рымска-каталіцкай парафіі ксёндз Славамір Ласкоўскі.

— Многія былі высланы з вёсак, гарадоў і скончылі сваё жыццё недзе ў Сібіры і іншых месцах. Многія святары і вернікі загінулі на Салаўках. І дзякуючы іх ахвярам мы сёння маем магчымасць быць у Царкве.
Таму, браты і сёстры, прыходзім сюды кожны год, каб аддаць даніну павагі тым, хто не баяўся бальшавіцкага рэжыму, хто не баяўся да канца ісці за Хрыстом, хто не баяўся таго, што можа памерці».

Святар і некалькі дзясяткаў вернікаў памаліліся таксама і за тых, хто браў удзел у рэпрэсіях, за ганіцеляў хрысціян. Бо, паводле слоў ксяндза Славаміра, крыж — гэта не толькі знак перамогі над смерцю, але і знак даравання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?