03.11.2012 / 10:37

На прэм’еры фільма «У тумане» у кінатэатры «Кастрычнік» не было свабодных месцаў 3

Рэжысёр Сяргей Лазніца не змог прыехаць на прэм'еру, але прыбудзе на выніковы паказ.

На прэм’еры карціны «У тумане», знятай пры ўдзеле «Беларусьфільма», у мінскім кінатэатры «Кастрычнік» практычна не было свабодных месцаў. Прэм’ера адбылася ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2012», які адкрыўся 2 лістапада.

У аснове карціны «У тумане» — твор Васіля Быкава.
Гэта міжнародны кінапраект, у вытворчасці якога, апроч «Беларусьфільма», удзельнічалі MA.JA.DE Fiction (Германія), кінакампанія «Джы Пі» (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды), а таксама тэлеканал ZDF / ARTE (Германія), Фонд падтрымкі еўрапейскага кіно EURIMAGES. Правы на сусветныя продажы карціны належаць кампаніі Match Factory.
Фільм «У тумане» ўдастоены прэстыжнага прыза журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м міжнародным кінафестывалі ў Канах, а таксама многіх іншых узнагарод.

На «Лістападзе-2012» карціна ўваходзіць у праграму асноўнага конкурсу ігравога кіно, што дае ёй права змагацца за галоўную ўзнагароду — Гран-пры форуму. Стужцы выпаў гонар стаць фільмам адкрыцця сёлетняга «Лістапада», пасля цырымоніі адкрыцця яна была паказана адразу на двух пляцоўках (у Малой зале Палаца Рэспублікі і ў кінатэатры «Кастрычнік»).

Пасля доўгіх падарожжаў па міжнародных кінафестывалях беларускім гледачам фільм нарэшце прадставілі генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч, прадзюсар Кірыл Красоўскі, а таксама гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі.

Сяргей Лазніца пакуль не змог прыехаць у Мінск, каб асабіста прадставіць фільм, аднак павінен прыбыць на выніковы паказ, які адбудзецца 7 лістапада ў Доме кіно.

Алег Сільвановіч адзначыў, што проза Васіля Быкава набыла магутнае рэжысёрскае бачанне у працы іншага нашага земляка — Сяргея Лазніцы, які нарадзіўся ў Баранавічах, а цяпер жыве і працуе ў іншай краіне. Па словах гендырэктара «Беларусьфільма», у агульнай складанасці існуе 19 варыянтаў экранізацыі твораў Быкава і,

мяркуючы па шматлікіх узнагародах, якія за адносна нядоўгае фестывальнае жыццё заваяваў фільм «У тумане», гэтая кінаработа з’яўляецца адной з самых моцных.

Кірыл Красоўскі у сваю чаргу прызнаўся, што больш за ўсё баяўся прыйсці на кінапаказ ў Мінску і ўбачыць пусты глядзельную залу, аднак усё выйшла з дакладнасцю да наадварот.

* * *

Фільм «У тумане» — драма пра чалавека, які спрабуе зрабіць маральны выбар у амаральных абставінах.
Дзеянне карціны адбываецца на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі ў 1942 годзе. Пуцявога абходчыка Сушчэню ілжыва абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Два партызана прыязджаюць да Сушчэні на хутар, каб здзейсніць расправу над здраднікам. Сушчэня спадзяецца даказаць сваю невінаватасць…

0
symona / Адказаць
03.11.2012 / 14:36
Ўчора паглядзела фільм " У тумане". Уражанні сціплыя. Беларускага там амаль нічога няма - ні мовы, ні ментальнасці. Актор , які іграе Сушчэню, аблічча нашае, і іграе нядрэнна, але катастрафічна не хапае мовы.
0
Даша / Адказаць
03.11.2012 / 14:56
Так, шкада, што не на мове. Было б больш цэльна.
0
беларуска / Адказаць
03.11.2012 / 17:56
згодна з вамi, symona
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру