Новае грамадскае аб’яднанне «Маладыя хрысціянскія дэмакраты», устаноўчы з’езд якога прайшоў у Мінску 3 лістапада, узначалілі жанчыны.

Старшынёй МХД абрана 23-гадовая Марына Хоміч. Яна скончыла Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Танка па спецыяльнасці «беларуская філалогія». На парламенцкіх выбарах 2012 года вылучалася кандыдатам у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, была зарэгістравана і на агітацыйных пікетах агітавала за байкот выбараў. Разам з іншымі кандыдатамі ад АГП Хоміч знялася з выбараў.

Намеснікамі старшыні сталі Вікторыя Радзіеўская (міжнародны сакратар МХД) і Вольга Кавалькова. Дэлегаты таксама выбралі раду і рэвізійную камісію арганізацыі.

Пасля свайго абрання Марына Хоміч акрэсліла некаторыя прыярытэтныя задачы новай арганізацыі.

«Самая вялікая праблема цяпер у Беларусі — гэта наяўнасць палітзняволеных.
Два нашыя лідары, Павел Севярынец і Яўген Васьковіч (прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя“.), знаходзяцца за кратамі, і мы абавязаны змагацца за іх вызваленне», — заявіла Хоміч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0