Вечарам 3 лістапада ў ГУМе прайшла «ноч зніжак». З 21:00 да 00:00 там дзейнічала зніжка ў 50%, але не на ўсю цану тавару, а толькі на нацэнку.

І хоць сапраўдная зніжка складала 12%, рэкламны ход зрабіў сваю справу.

Кожную хвіліну ў краму прыходзіла ўсё болей і болей патэнцыйных купцоў. Попыт быў на ўвесь тавар, пачынаючы ад бялізнавых прышчэпак і сканчваючы тканінай і дыванамі. Самая вялікая чарга была налічана ў аддзеле жаночых калготак і панчох, каля 30 жанчын нястомна чакалі сваёй чаргі, каб нарэшце набыць запаветнае.

«Я разумею, калі стаяць за абуткам ці тэхнікай, але стаяць за калготкамі, ну прабачце, але ганьба», —
абурылася жанчына, якая прапіхвалася праз натоўп.

Прыходзілі з мужамі і з дзецьмі. Набывалі кашулі і абутак, паліто і заплечнікі. Стомленыя дзеці сядзелі на пуфіках і не ведалі, чым жа сябе заняць, пакуль бацькі здабываюць новы тавар. На першым паверсе быў сапраўдны аншлаг, столькі людзей можна было пабачыць хіба на вялікіх святах і кірмашах.

«А я нават не ведала, што тут зніжкі, сказалі мне браць, ну я і бяру. Нельга такую магчымасць губляць. Хутка навагоднія святы, трэба рыхтавацца», —
падзялілася са мной радасцю жанчына ў чарзе за навагоднімі упрыгожаннямі.

Трапіць да любой вітрыны з таварам было вельмі складана, з усіх бакоў іх абляпілі людзі. На мяне з фотаздымачом касіліся зусім не ветліва, адна бабуля нават заўвагу зрабіла:

«Што вы тут ходзіце, здымаеце? І так месца няма. Што тут здымаць? Калі браць нічога не будзеш, дык ідзі адсюль і не перашкаджай іншым!»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?