У гэтыя дні ў Мінску праходзіць Belarus Fashion Week, традыцыйны тыдзень моды, які адчыняе свае дзверы ўжо ў трэці раз. Каля 70 дызайнераў як з Беларусі, так і з блізкага замежжа, прэзентуюць свае працы.

Самі арганізатары адзначаюць, што ажыятажу вакол квіткоў і запрашальных няма, і нават топавыя беларускія дызайнеры не жадаюць выстаўляць свае мадэлі на тыдні моды, бо не бачаць перспектывы ў айчынным рынку ў плане спажывання.

Як ішлі справы з арганізацыяй паказу і колькасцю наведвальнікаў, я вырашыла пабачыць на ўласныя вочы. Абрала не стандартны паказ, а прэзентацыю адзення мадэльера Наталлі Гайдарджы для жанчын памеру Х+.

Бачыць з тэлеэкранаў і на подыумах мадэлей з фігурамі, якія застаюцца для многіх з нас недасягальнымі і так часта выклікаюць зайздрасць і пачуццё недасканаласці, ужо трошкі надакучыла. А вось паглядзець на жанчын з формамі, якія нашмат бліжэй да сапраўднага жыцця, было вельмі цікава.

Я прыйшла на паказ у Палац Мастацтва дзесьці за паўгадзіны да пачатку, каб прасачыць за арганізацыяй усяго мерапрыемства. Людзей практычна не было, толькі у асобных кутках гуртаваліся дызайнеры. Падняўшыся ў хол, заўважыла некалькі секцый з продажам дызайнерскага адзення, але

ці то кошты вялікія, ці то нам зручней апранацца ў звычайных крамах, але людзей не было і тут.
Дызайнеркі мерзлі каля сваіх стэндаў.

Калі скончыўся папярэдні паказ, у хол пачалі прыходзіць людзі. Вытанчаныя і ўрачыста апранутыя, яны абмяркоўвалі калекцыі і дызайнераў. Некаторыя не гублялі магчымасці пафатаграфавацца на фоне банераў папулярных фірмаў і марак, бо не кожны дзень можна з гонарам казаць, што быў на Тыдні Моды.

«Я цікаўлюся модай. Я заўсёды сачу за сучаснымі тэндэнцыямі. Такія падзеі развіваюць нашу модную індустрыю. Тыдзень моды ёсць усюль, чаму б і беларусам не зацвердзіць сябе на сусветным рынку. Нам ёсць што паказваць, я лічу. Шкада, што гэта пакуль не вельмі папулярна», — сваім меркаваннем падзялілася з намі адна студэнтка.

Паказ пачаўся ў час, людзі занялі свае месцы, але вельмі шмат месцаў засталіся пустымі, такое адчуванне, што

на паказ прыйшлі хіба дызайнеры і сябры сяброў гэтых самых дызайнераў.

Адна за другой на подыуме пачалі з’яўляцца жанчыны ў яркім адзенні з натуральных матэрыялаў. Фатографы нястомна здымалі мадэляў, паветра рассякаў гук ад затвораў іх апаратуры. Не абышлося без падзенняў. Адна з манекеншчыц ад хвалявання згубіла раўнавагу прама перад фатографамі, але хутка выправіла сітуацыю, адарыўшы гледачоў усмешкай.

Упэўненыя ў сабе, з запалам ў вачах, жанчыны прэзентавалі адзенне. Нікога не бянтэжыла тое, што іх формы не адпавядаюць мадэльным стандартам.
Усё выглядала прыстойна і прэзентабельна. Яны пырхалі па подыуму, як матылі. Адзенне яркае і свабоднае, для сапраўды ўпэўненых і незакамплексаваных жанчын. Іх свабода і ўпэўненасць у сабе перадавалася іншым.

Сваімі ўражаннямі ад паказу з намі падзялілася маладая дызайнерка: «Вельмі спадабалася, вельмі ўразілі манекеншчыцы, таму што яны сябе любяць і гэта бачна. Ад іх хочацца усміхацца і цешыцца. Я дызайнер і тое, што я пабачыла сёння, сапраўды дзіўна і нестандартна. Шкада, што Belarus Fashion Week пакуль мае для Беларусі культурнае значэнне, своеасаблівае маральнае задавальненне для дызайнераў, а не эканамічнае. У рамках Еўропы гэта бізнэс-праект, у нас, на жаль, гэта пакуль не атрымліваецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?