Зміцер Жылуновіч, піцерскі здымак. Хто б мог падумаць, што на фота — фрэзероўшчык?

Зміцер Жылуновіч, піцерскі здымак. Хто б мог падумаць, што на фота — фрэзероўшчык?

Літаб’яднанне «Полымя». У цэнтры — Гартны і Купала. 1926 г.

Літаб’яднанне «Полымя». У цэнтры — Гартны і Купала. 1926 г.

Турэмны здымак. 1930-я.

Турэмны здымак. 1930-я.

Родная хата Гартнага ў Капылі выглядае нежылой.

Родная хата Гартнага ў Капылі выглядае нежылой.

Бацька паэта і палітыка: беззямельны, але пісьменны селянін Хведар Жылуновіч.

Бацька паэта і палітыка: беззямельны, але пісьменны селянін Хведар Жылуновіч.

Вуліца імя Жылуновіча ў Капылі — адна з дзвюх у краіне. (Другая — у Мінску, у дварах Партызанскага праспекта.)

Вуліца імя Жылуновіча ў Капылі — адна з дзвюх у краіне. (Другая — у Мінску, у дварах Партызанскага праспекта.)

У былой гарбарні Шм. Рабіновіча, дзе Гартны пачынаў працоўны шлях, месціцца цяпер Капыльскі раённы музей.

У былой гарбарні Шм. Рабіновіча, дзе Гартны пачынаў працоўны шлях, месціцца цяпер Капыльскі раённы музей.

Дом доктара Клейнбарта — падпісчыка «Нашай Нівы» і бацькі даследчыка літаратуры Льва Клейнбарта. Ад доктара першая беларуская газета трапіла ў рукі маладым сацыял-дэмакратам, у тым ліку Жылуновічу.

Дом доктара Клейнбарта — падпісчыка «Нашай Нівы» і бацькі даследчыка літаратуры Льва Клейнбарта. Ад доктара першая беларуская газета трапіла ў рукі маладым сацыял-дэмакратам, у тым ліку Жылуновічу.

Доктар Клейнбарт з сям’ёй.

Доктар Клейнбарт з сям’ёй.

Капыльскія сацыял-дэмакраты пачатку стагоддзя. Фота са збораў Капыльскага музея.

Капыльскія сацыял-дэмакраты пачатку стагоддзя. Фота са збораў Капыльскага музея.

На пачатку сёлетняга верасня асобныя жартаўнікі віншавалі мяне: вось ты на пачатку года ўзняў праблему Вацлава Ластоўскага, пытаўся, ці будзе ў Дзень беларускага пісьменства і ў Год кнігі ўшанавана ягоная памяць, і бюст Ластоўскага з’явіўся ў Глыбокім, а «Мастацкая літаратура» перавыдала ягоную «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі».

На пачатку года я ўздымаў і праблему Змітра Жылуновіча. Мяне збянтэжыла, што ў публічных выказваннях чыноўнікаў, адказных за ідэалогію і культуру, не згадваецца ягоны 125-гадовы юбілей.

У сярэдзіне кастрычніка я адмыслова паехаў на радзіму Жылуновіча — у Капыль. Думалася: дзе-дзе, а на радзіме гэты юбілей будзе адзначаны з размахам.
Але ні ў краязнаўчым музеі, ні ў раённай бібліятэцы я не ўбачыў і не пачуў таго, што спадзяваўся ўбачыць і пачуць.

Мусіць, справа ў людзях. Былі б жывыя Фёдар Абрамчык, Марыя Нагорная, Барыс Багдановіч — нешта рабілася б.

Для тых, хто не ведае Капыля, — даведка. Фёдар Абрамчык працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі ў Капыльскім райкаме КПБ. З усіх раённых загадчыкаў агітпрапаў, якіх я ведаў, Фёдар Канстанцінавіч быў найменш чыноўнік і найбольш беларус. У тым, што ў Капылі з’явіўся краязнаўчы музей, і яго заслуга. Марыя Мікалаеўна Нагорная была загадчыцай раённай бібліятэкі. Яе ведаў не адзін пісьменнік Беларусі, не кажучы пра землякоў. Барыс Канстанцінавіч Багдановіч працаваў дырэктарам школы № 2, якая носіць імя Цішкі Гартнага, быў старшынёй гарвыканкама, гісторык, суаўтар кніжкі пра Капыль.

Пасля музейнай і бібліятэчнай беднасці (у бібліятэцы няма апошніх выданняў Гартнага, бо яны, відаць, не аднесены да «социально значимой литературы»),

прыемна ўразіў густоўна аформлены літаратурны куток на другім паверсе школы № 2.
Не папытаўся (дый гэта не так важна) у настаўніцы Таццяны Анатолеўны Колас, як удалося здабыць для гэтага кутка дзве карціны і адну графічную працы капыляніна Уладзіміра Пасюкевіча. Праўда,
для поўнага камплекту не хапае хоць бы копіі карціны «Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі. 1930 год». Арыгінал цяпер у Маладзечне, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

А

дом Жылуновічаў (ведама, яго і ў 1920-х, і па вайне перасыпалі, рамантавалі, перакрывалі, але ён стаіць на тым самым месцы, дзе стаяў і пры жыцці Зміцера Жылуновіча) цяпер пусты. А мог бы там быць музей Цішкі Гартнага. І была адпаведная ініцыятыва. Ды ініцыятарам сказалі, што нельга выводзіць той дом з жыллёвага фонду. Цяпер жа стварыць музей будзе яшчэ праблемней, бо дом прыватызавалі.

У Капылі спадзяюцца, што некалі і ў іх горад прыйдзе Дзень беларускага пісьменства, і тады з’явяцца сродкі і для абнаўлення экспазіцыі краязнаўчага музея, і, магчыма, для стварэння філіі краязнаўчага музея ў доме Жылуновічаў.

* * *

Ва ўяве маладога Яна Скрыгана асобна існавалі Цішка Гартны і Зміцер Жылуновіч.

«Цішка Гартны — паэт, пышнавалосы, тонкі, высокі і стройны, з кволым пявучым голасам; Зміцер Жылуновіч — грузны, мажны мужчына, малагаваркі, з цяжкім паглядам воч, строгі і нават суровы, прывучаны, каб яго слухаліся»
. Два створаныя фантазіяй маладога пісьменніка вобразы зніклі пасля таго, як Ян Аляксеевіч убачыў рэальнага Жылуновіча-Гартнага, але ўсё ж
у нашай свядомасці Жылуновіч-Гартны заўсёды будзе раздвойвацца на палітыка і пісьменніка.

***

Памятаецца, Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч у сваіх успамінах пра бацьку працытаваў Коласавы словы: мы забылі, калі смяяліся. Ян Скрыган згадваў:

«Я ніколі не бачыў, каб Гартны жартаваў, смяяўся, каб у яго быў нейкі другі, не той, што заўсёды, маўклівы настрой».
Калі мы згадаем яшчэ пра маўклівасць Янкі Купалы, то атрымаем карціну нярадаснага савецкага жыцця ў 1930-х, калі нават «бацька народаў» сваімі словамі пра тое, што «жить стало лучше, жить стало веселее», прызнаваў, што было кепска і нявесела. Тое, чаго неставала ў рэальным жыцці, савецкім людзям кампенсаваў савецкі ж кінематограф з яго «Вясёлымі рабятамі», «Свінаркай і пастухом», «Волгай, Волгай»…

«Ніколі не бачыў, каб ён [Цішка Гартны] радаваўся ці смуткаваў, быў нечым здзіўлены ці ўражаны». Гэта, зноў-такі, цытата з Яна Скрыгана. Я памятаю людзей, якія атрымалі жыццёвую загартоўку ў сталінскі час, і магу сцвярджаць:

жорсткія выпрабаванні, маральна-псіхалагічная атмасфера таго часу прывучылі Зміцера Жылуновіча быць зашпіленым на ўсе гузікі, не даваць волю эмоцыям, маўчаць пра тое, пра што нельга казаць уголас.

Ва ўмовах партыйнай цэнзуры Ян Скрыган не даваў характарыстыку таму часу, але асобнымі мастацкімі мазкамі, узнаўленнем асобных дэталяў ён дае магчымасць нам, яго чытачам, у пэўнай меры аднавіць рэальную карціну.

* * *

Калі згадваць напісанае пра Змітра Жылуновіча, нельга не згадаць дакументальную аповесць Эрнеста Ялугіна «Без эпітафіі» (1989).
Аповесць чытаецца і сёння. З вышыні часу відаць тое, пра што аўтар яшчэ не мог напісаць (цэнзура!) або пра што папросту не ведаў. Думалася: вось каб сеў нехта побач з Эрнестам Васільевічам ды разам з ім «пахадзіў» па старонках кнігі, што-колечы паправіў, штосьці дадаў — і можна было б пакласці гэтую аповесць у аснову тома ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».
А калі да аповесці дадаць матэрыялы з выдадзенай у 1984 годзе кніжкі «Успаміны пра Цішку Гартнага», іншыя публікацыі — атрымаўся б вельмі неблагі том, падарунак да 125-годдзя Зміцера Жылуновіча. Ды чамусьці не ўдастоіўся старшыня першага савецкага ўраду Беларусі такой чэсці.

* * *

Ужо не памятаю, дзе я чытаў (ці ў архіўным фондзе Уладзіміра Няфёда, ці ў нейкім артыкуле, ці ў мемуарах) пра тое, як

Цішка Гартны прыстаў быў да трупы Ігната Буйніцкага, якая прыязджала з гастролямі і ў Капыль. А там, у трупе, і Цётка, і Алесь Бурбіс, і Мікола Шыла — гурток Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Хто пасля гэтага скажа, што тэатр — не партыйная справа? Вельмі нават партыйная, калі партыя рупіцца аб беларускай культуры, аб свядомасці народа.

Тут дарэчы прыгадаць, што і самы першы беларускі спектакль ХХ стагоддзя, які адбыўся 1906 годзе ў Пятроўшчыне пад Менскам (цяпер у рысе горада), наладзілі беларускія сацыялісты на чале з Алесем Бурбісам.

* * *

Пішучы пра паездку Змітра Жылуновіча ў Вільню і яго знаёмства з нашаніўцамі, усе аўтары спасылаюцца на ягоныя ўспаміны «Дваццаць гадоў назад». Гэтыя ўспаміны, а менавіта

словы пра тое, што яго, Змітра Жылуновіча, «цягнула да Антона Луцкевіча», што ў гутарках з Луцкевічам яму «ўдалося пераканацца, што ён [Антон] сьвядомы марксысты», паслужылі адной з зачэпак для пачатку палітычнага пераследу Жылуновіча, які разгарнулі ў 1929 г.

Успаміны Змітра Жылуновіча абавязкова трэба суаднесці з тым, што ён казаў на Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. у дыскусіі па дакладзе Максіма Гарэцкага. Гэты наш класік быў адным з тых, хто ўбачыў у «Нашай Ніве» шавінізм. Праўда, слова гэтае ў тэксце даклада Гарэцкага на канфэрэнцыі адсутнічае (мусіць, вычытваючы стэнаграму Гарэцкі выкасаваў яго), але выступ Жылуновіча сведчыць, што слова было прамоўленае.

Востра крытыкуючы Гарэцкага, Жылуновіч, у прыватнасьці, сказаў: «Няхай ён [Гарэцкі] не забывае, што кіраўніцтва „Нашаю Ніваю“ цалком знаходзілася ў руках сацыял-дэмакратаў, як: А. Навіна, Ян Луцкевіч, А. Бурбіс і інш., і вялікая большасьць пісьменьнікаў нашаніўцаў таксама належалі да гэтае партыі, як-та: Ц. Гартны, С. Палуян, Ф. Шантыр, А. Гурло, Хв. Чарнушэвіч, Я. Лёсік і да іншых сацыялістычных партый — А. Гарун, Л. Лобік, Л. Гмырак і інш. Як-та магло стацца, як бы яны былі шавіністамі ў час, калі ўвесь беларускі рух укладаўся выключна ў рамкі рэвалюцыйнасьці.
Гэта тайна тав. М. Гарэцкага…»

Бальшавіцкія публіцысты нагадалі Жылуновічу і ягоныя ўспаміны, і ягоныя словы на Акадэмічнай канфэрэнцыі. Была, у прыватнасці, такая змагарка «супроць контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмакратызму» дацэнтка БДУ Я. Сякерская…

Жылуновіч парушыў бальшавіцкае табу: ніякую іншую сацыял-дэмакратычную партыю, апроч бальшавіцкай, нельга было называць марксісцкай, ніякую іншую партыю нельга было называць рэвалюцыйнай.
Жылуновіч як быццам не ведаў, што сацыял-дэмакратыя1920-х гадоў у вачах бальшавікоў і паслухмянага ім Камуністычнага Інтэрнацыяналу перарадзілася ў сацыял-фашызм.
Кажучы і пішучы на Акадэмічнай канферэнцыі і ва ўспамінах праўду, Жылуновіч тым самым падстаўляў сваю галаву.

* * *

Жылуновіч, праўдападобна, спадзяваўся, што яго возьмуць у штат «Нашае Нівы».

Мне ўжо даводзілася пісаць, што праца ў рэдакцыі «НН» вымагала пэўнай адукаванасці яе супрацоўнікаў.

Вырываючы маладога Яна Луцэвіча з ідыятызму вясковага жыцця, браты Луцкевічы не прапанавалі яму працу ў рэдакцыі, а расстараліся, кажучы ў стылі Антона, аб месца памоцніка бібліятэкара ў бібліятэцы Барыса Даніловіча «Знание».
У Зміцера Жылуновіча, калі ён прыехаў у Вільню, была такая ж адукацыя, што і ў Яна Луцэвіча ў момант ягонага прыезду ў Вільню. Да таго ж, што ні кажы,
паэт Цішка Гартны не мог дараўнаць Янку Купалу.

З тае прычыны, што чалавеку трэба з нечага жыць, а жыць здаровы чалавек можа толькі з працы,

сын пана Леанарда Іваноўскага, Вацлаў, прапанаваў Жылуновічу працу ў маёнтку свайго бацькі.
Не ведаю, якія былі ўмовы жыцця парабкаў у тым маёнтку. Жылуновіч мог у духу 1920-х гг. і згусціць фарбы, тым болей, што Вацлаў Іваноўскі аб той пары быў адышоў ад беларускага руху. З другога боку,
ягоная крыўда на тое, што сацыяліст Іваноўскі наняў яго работнікам, выглядае смешна.
Іваноўскі не першы і не апошні сацыяліст — сын землеўладальніка. Працу парабкаў выкарыстоўвалі, напрыклад, бацькі Льва Троцкага і Рыгора Зіноўева, а маці ультрасацыяліста Уладзіміра Ульянава-Леніна здавала два невялікія маёнткі ў арэнду. І сацыялісты Троцкі, Зіноўеў ды Ленін не саромеліся карыстацца грашыма з прыбыткаў сваіх бацькоў.
Ведама, Вацлаў Леанардавіч мог бы расстарацца для Жылуновіча (зноў пераходжу на стыль Антона) аб месца аканома. Але для гэтага патрабавалася, каб Жылуновіч меў пэўную адукацыю і пэўны досвед.

Дарэчы, работнікам у Вацлава Іваноўскага быў Янка Купала. Праўда, не ў самога Іваноўскага, а ў суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца». Адзін з лістоў Купалы да Антона Луцкевіча сведчыць, што паэт стаў у суполцы «правай рукой» Іваноўскага. Я больш чым упэўнены, што менавіта Іваноўскі пазней рэкамендаваў Купалу на пасаду рэдактара «Нашае Нівы». Купала да таго часу ўжо істотна падвысіў свой адукацыйны ўзровень і набыў досвед выдавецкай справы.

* * *

Вяртаюся да сюжэту «Жылуновіч — Іваноўскі».

«…суполка ж выдае першы зборнік вершаў Гартнага — «Песні», — чытаем мы ў кнізе Эрнеста Ялугіна. Зборнік той выйшаў у 1913 годзе, а першае грунтоўнае прадстаўленне асобы і творчасці Цішкі Гартнага адбылося раней — у другой кніжцы альманаха «Маладая Беларусь» за 1912 год. Альманах таксама выпускала суполка «Загляне сонца…».

Вось гэта — што Вацлаў Іваноўскі як кіраўнік выдавецкай суполкі дапамог Зміцеру Жылуновічу ўзысці не беларускі Парнас — варт адзначыць асабліва.
Ведама, Іваноўскі падтрымаў Жылуновіча як кіраўнік суполкі, а
рэдактарам і публікацыі ў «Маладой Беларусі», і зборніка «Pieśni» быў, праўдапабна, Купала. Ці не з тае пары пачынаецца сяброўства Жылуновіча з Купалам?

* * *

Другі, хто прывеціў Змітра Жылуновіча ў Піцеры, — Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Ксёндз Адам Станкевіч у сваёй брашуры «Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы» пералічвае «ў большай або ў меншай меры» духовых дзяцей свайго настаўніка — як ксяндзоў, гэтак свецкіх.

Сярод свецкіх айцец Адам называе Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча, Змітра Жылуновіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Тамаша Грыба, Леанарда Зайца і Язэпа Варонку. Цікава, што сярод іх два праваслаўныя, і абодва яны (Варонка і Жылуновіч) стануць першымі старшынямі першых беларускіх урадаў.

Калі разам з названымі свецкімі дзеячамі ды Вацлавам Іваноўскім згадаем такіх асобаў, як будучыя архімандрыты Фабіян Абрантовіч ды Андрэй Цікота, як ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі і сам Адам Станкевіч (усе мучанікі за маці Беларусь), дык становіцца зразумелым, што значыла для асобы Зміцера Жылуновіча, для яго адукацыйна-культурнага развіцця пецярбургскае беларускае кола.

* * *

Час быў цікавы тым, што рабочыя імкнуліся да ведаў. Нядзельныя школы, усякія адукацыйныя курсы.
Там, у Піцеры, у рабочым асяроддзі вырастаюць будучыя дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, левага крыла БСГ: Аляксандр Усціловіч, Іосіф Лагун…
Казаць, што рэвалюцыю рабілі люмпены і басота, — не зусім карэктна.
Карэктней было б сказаць, што
рэвалюцыю, якую бальшавікі, назвалі сацыялістычнай, рабілі рамантыкі, чыстыя сэрцам людзі, Яны паверылі дэмагогам, якіх больш за ўсё цікавіла ўлада.

* * *

У сваёй аповесці пра Жылуновіча Эрнест Ялугін цытуе рэзалюцыю нарады ЦК РСДРП лета 1913 г., у якой гаворыцца аб тым, што сацыял-дэмакраты павінны адстойваць права нацый на самавызначэнне. Па ўмовах таго часу пісьменнік не мог тэксту рэзалюцыі супрацьпаставіць тэкст Леніна, які не прызначаўся для шырокіх колаў.

Вось як Ленін тлумачыў сутнасць рэзалюцыі ў лісце да бальшавіка Сцяпана Шаўмяна ад 6 снежня 1913 г.:

««Права на аўтаномію? … Мы за аўтаномію для ўсіх частак, за права аддзялення (не за аддзяленне ўсіх!). Аўтаномія ёсць н, а ш план уладкавання дэмакратычнай дзяржавы. Аддзяленне зусім не наш план. Аддзяленьне мы зусім не прапаведуем. Наагул, мы супраць аддзялення. Але мы стаім за права на аддзяленне з прычыны чарнасоценнага вялікадзяржаўнага нацыяналізму, які так спаганіў справу нацыянальнага сужыцьця, што іншы раз больш сувязі атрымаецца пасля свабоднага аддзялення!».

Як бачым, Ленін вучыў свайго таварыша адрозніваць права на аддзяленне і рэальнае аддзяленне.
У наступным абзацы Ленін развівае гэтую думку: «Права на самавызначэнне ёсць выключэнне з нашай агульнай пасылкі цэнтралізму. (…) Але выключэнне нельга тлумачыць пашырана. Нічога, абсалютна нічога акрамя права на аддзяленьне тут няма і быць не павінна».

У 1917 годзе Ленін у сваім славутым артыкуле «Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?» прызнаваў, што нацыянальнае і аграрнае пытанні — «карэнныя пытаньні дня дробнабуржуазных масаў насельніцтва Расеі ў цяперашні момант», і заяўляў, што пралетарыят (а дакладней, пралетарскі ўрад) здольны правесці «неадкладныя і рэвалюцыйныя меры супраць памешчыкаў, неадкладнае аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульман і г. д.».

У Жылуновіча (і ў гэтым у 1931 годзе ён прызнаваўся на паседжанні Прэзідыума і Парткалегіі Цэнтральнай Кантрольнай Камісіі КП(б)Б), была надзея, што нацыянальнае пытанне, у тым ліку пытанне аб самавызначэнні Беларусі будзе вырашана на падставе бальшавіцкай Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Пазней ён мог пераканацца, што абвешчанае бальшавікамі права нацый на самавызначэнне было адно толькі лозунгам, а не прынцыпам.
А лозунг і прынцып трэба адрозніваць, напісаў нядаўна прафесар Рыгор Лазько.

* * *

Некаторыя аўтары схільныя блытаць «Дзянніцу», якую Жылуновіч рэдагаваў у канцы 1916-га (выйшла сем нумароў), і «Дзянніцу», што выходзіла ў 1918—1919 гг.

Я яшчэ не бачыў грунтоўнага падручніка ці навучальнага дапаможніка з гісторыі беларускай журналістыкі, у якім бы паказваліся перыядычнасць выдання, яго мова, жанры, праблематыка, аўтарскі склад, адно выданне параўновалася з другім…

У 1918 годзе выходзілі чатыры беларускія газеты: «Гоман» — у Вільні, «Вольная Беларусь» і «Беларускі шлях» — у Менску, «Дзянніца» — у Маскве.

Чым каштоўная газета гісторыку? Перш за ўсё інфармацыйнай насычанасцю. Дык вось,

паводле інфармацыйнай насычанасці я б пашыхаваў гэтыя газеты ў такім парадку: «Гоман», «Дзянніца», «Беларускі шлях», «Вольная Беларусь».

Што матэрыялы Рады БНР і Народнага Сакратарыяту друкаваў «Гоман», — тое не дзіва. А вось

што датычыць «Дзянніцы», дык тут пры чытанні ствараецца дваістае ўражанне.
Шчыры Беларус, Стары сацыял-дэмакрат — якіх толькі псеўднімаў не было ў рэдактара газеты Зміцера Жылуновіча!.. Пад гэтымі псеўданімамі
ён з бальшавіцкіх пазіцый граміў Раду, «здраднікаў працоўнага беларускага народа» і адначасна друкаваў даволі шмат (значна больш, чым Лёсікава «Вольная Беларусь») матэрыялаў і Рады, і Народнага Сакратарыяту.

Не ведаю, як хто, а я разумею так:

пішучы ў «Дзянніцы» артыкулы аб неабходнасці самавызначэння Беларусі ў якасці аўтаномнай часткі Расійскай савецкай федэратыўнай рэспублікі, а з другога боку — крытыкуючы Раду і адначасна друкуючы інфармацыю пра жыццё ў непадсавецкай частцы Беларусі, Жылуновіч тым самым закладваў у свядомасць і нават у падсвядомасць чытачоў «Дзянніцы» пастулат незалежнай Беларусі, няхай сабе і савецкай.

Сам Жылуновіч выбраў такую лінію паводзінаў ці з падказкі — не так важна. Важна тое, што Беларускі нацыянальны камісарыят, чыім органам была «Дзянніца», істотных прэтэнзій да рэдактара не меў.

Калі ж шыхаваць беларускія газеты 1918-га паводле падачы матэрыялу (паводле аб’ектыўнасці інфармацыі, яе «прывязанасці» да канкрэтных даты і месца), дык тут будзе іншы шыхт: «Гоман», «Вольная Беларусь», «Беларускі Шлях», «Дзянніца».

Рэдактар «Дзянніцы» Зміцер Жылуновіч, мусіць, не здагадваўся, што кожная падзея мае пэўную дату, што ў інфармацыйных матэрыялах трэба пазбягаць ацэнак. Горшыла газету і граматыка, тое, што Жылуновіч спрабаваў увесці ў норму пэўныя асаблівасці капыльскай гаворкі, у прыватнасці канчатак -ум: у зялёнум, аб высокум…

Загадкай (прынамсі для мяне) застаецца тое, чаму да Жылуновіча прыставілі другога рэдактара — Івана Пятровіча (Янку Нёманскага). Газета ўсё роўна як была так і засталася жылуновічаўскай.

* * *

Пра Беларускі нацыянальны камісарыят, у якім працавалі сябры БСГ і ўчарашнія сябры БСГ, пра гульні бальшавікоў «на беларускім участку працы» апошнім часам пішуць нямала і цікава. Радуе, што тэму даследуюць маладыя (маю ўвагу звярнулі артыкулы Сяргея Сіняка). Да гэтай тэмы звярнуўся і Рыгор Лазько. Вось некаторыя яго высновы: 1) «Петраградскія беларусы-сацыялісты [на пачатку 1918 г.] яшчэ адчувалі сябе бліжэйшымі да сваіх сяброў па нацыянальнаму руху, якія засталіся ў Менску…»; 2) «Белнацкам не стаў для савецкага ўрада цалкам сваёй, заслугоўваючай даверу арганізацыяй». І іншая выснова:

студзеньскія падзеі 1918 г. (падтрымка Петраградам разгону Усебеларускага з’езду, разгон Устаноўчага сходу, расправа з тымі, хто выйшаў Сход падтрымаць, і да т. п.) паказалі беларускім сацыялістам, што бальшавікі не для таго ўчынілі дзяржаўны пераварот, каб аддаць уладу, што яны не спыняцца перад самымі брутальнымі метадамі ў барацьбе з апанентамі. І беларускім сацыялістам, хай сабе і з білетамі бальшавіцкай партыі ў кішэнях, нічога не заставалася як падладжвацца пад гэты рэжым і дамагацца ад яго хоць якіх саступак для Беларусі.
Яны, можна сказаць, кіраваліся правілам Івана Луцкевіча: з паршывай авечкі хоць воўны клок.

* * *

Зміцер Жылуновіч аж да восені 1918-га працягваў лічыць сябе сябрам БСГ, спрабуе пасля пераезду Белнацкама ў Маскву наладзіць партыйнае жыццё, аднак гэта яму не ўдаецца. Хутчэй за ўсё з тае прычыны, што ва ўмовах бальшавіцкага тэрору нават лаяльныя да бальшавікоў сябры БСГ «страха ради иудейска» вырашылі не рызыкаваць. І Жылуновіч уступае ў бальшавіцкую партыю. Яго, новаспечанага бальшавіка, у снежні 1917-га выбіраюць старшынёй канферэнцыі беларускіх секцый Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Іосіф Лагун, трэці з чаргі камісар Белнацкама, прапануе кандыдатуру Жылуновіча на пасаду камісара БНК. Жылуновіча выбіраюць старшынёй Цэнтральнага Бюро беларускіх секцый РКП(б).

Усё чакаю даследаванне нашых гісторыкаў на тэму Беларускай камуністычнай партыі. У літаратуры праскокваюць нейкія згукі тагачаснай барацьбы вакол гэтага пытання. Ва ўсякім разе быў запланаваны ўсебеларускі з’езд камуністычных арганізацый у Менску.

Думаецца, што Жылуновіч ды іншыя разумелі неабходнасць супрацьпаставіць бальшавікам Заходняй камуны беларускі камунізм.

Забягаючы наперад. Жылуновічу і яго аднадумцам не ўдалося стварыць Беларускую камуністычную партыю, але праз год гэты праект будзе рэалізаваны.

На самым пачатку 1920-га на захопленай палякамі тэрыторыі Беларусі з’явіцца Беларуская камуністычная арганізацыя на чале з Усеваладам Ігнатоўскім. Гэта быў выдатны палітычны ход. Калі ў ліпені 1920-га бальшавікі прыйшлі ў Менск, яны мусілі мець справу з аўтэнтычнымі беларускімі камуністамі.

* * *

Дзе архіў Жылуновіча? Гэтае пытанне я не раз і не два задаваў Віталю Скалабану.

Дзе пратакол пасяджэння Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі ад 24 снежня 1918 года? Не маглі ж Ленін і Сталін без ЦК вырашыць пытанне пра ўтварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі. Апроч таго, вельмі імаверна, што на тым пасяджэнні была прынятая пастанова аб скліканні І кангрэсу Камуністычнага Інтэрнацыяналу, бо чысла 28 снежня Ленін даў адпаведнае даручэнне наркаму замежных спраў Георгію Чычэрыну.

Рыгор Лазько напісаў, што абвяшчэнне БССР — гэта інструмент палітыкі Савецкай Расіі ва Ўсходняй Еўропе. Не згаджуся. Трэба зірнуць шырэй.

Ленін супрацьпаставіў сваю партыю Сацыялістычнаму Інтэрнацыяналу і гарэў жаданнем стварыць свой, камуністычны Інтэрнацыянал, аднак гэтая справа ў яго не вельмі ладзілася. Леніну хацелася ўцерці нос нямецкім сацыял-дэмакратам, якія ані не хацелі ісці бальшавіцкім шляхам, і ён зрабіў стаўку на спарткаўцаў, аднак Роза Люксембург не падтрымала ягонага імкнення рабіць ІІІ Інтэрнацыянал.

Для масоўкі бальшавікі каго толькі не клікалі на І кангрэс Камінтэрну. У тым ліку прадстаўнікоў філіяльных партый, створаных у новых савецкіх рэспубліках — Украіне, Літве… Для масоўкі бальшавікам не шкодзіла стварыць і Кампартыю Беларусі.
Прафесар Уладзімір Снапкоўскі можа прадставіць доказы, што свежаствораную КП(б)Б таксама клікалі на кангрэс. Не шкодзіць таксама паглядзець дакументы першага і наступных кангрэсаў Камінтэрну.

Такім чынам, стварэнне БССР і КП(б)Б трэба разглядаць не адно ва ўсходнееўрапейскім кантэксце.

Само сабой — і гэта зафіксавана ў пратаколах Цэнтральнага Бюро КП(б)Б, — БССР патрэбная была таксама як антытэза БНР і як буфер паміж бальшавіцкай Расіяй і Захадам (неабходнасць такога буферу фатальным чынам не зразумелі польскія палітыкі).

* * *

Дзе архіў Жылуновіча?

Патрабаванні беларускіх камуністаў, сфармуляваныя канферэнцыяй беларускіх секцый РКП(б), былі сціплыя: яны хацелі, каб Заходняя камуна называлася Беларуссю і стала аўтаномнай адзінкай у складзе Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. І тут, літаральна назаўтра пасля канферэнцыі, нечаканае рашэнне кіраўніцтва бальшавіцкай партыі…

Вось пераказвае Уладзімір Дубоўка пачутае ад Алеся Чарвякова. Пра сустрэчу ў Леніна. Маўляў, спыталіся: а хто створыць урад новай рэспублікі? І тут устаў Жылуновіч ды сказаў: я ствару.

Ведама, Жылуновіч быў лідэрам беларускіх камуністычных секцый і меў права сказаць такое. Але ці ў Леніна ён гэта сказаў? На паседжанні Прэзідыума і Парткалегіі Цэнтральнай Кантрольнай Камісіі КП(б)Б у 1930 годзе Чарвякоў такой упэўненасці не выказваў. І

сам Жылуновіч ані словам пра тое не абмовіўся.

Шкада, няма архіву Жылуновіча. А ён у сваіх працах з гісторыі Савецкай Беларусі спасылаўся на дакументы, якія меліся ў яго распараджэнні.

Мусіць, цікавы быў архіў. І небяспечны.

* * *

Чарвякоў даў высокую ацэнку Маніфесту Часовага работніча-сялянскага ўраду Беларусі. Цікавы дакумент. Цікавы тым, што ў ім няма слоў: наша краіна (край, старана) абвяшчаецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Беларусі. Няма ў Маніфесце ні такога словаспалучэння, ні абрэвіятуры ССРБ. Нічога ў Маніфесце не сказана пра тэрыторыю Беларусі.

Юрыдычна ССРБ узнікае 2–3 лютага 1919 года — на І Усебеларускім з’ездзе Саветаў. Менавіта тады і з’яўляюцца гэтая назва і гэтая абрэвіятура. А да з’езду ў пратаколах Часовага ўраду новую рэспубліку называлі проста Беларуссю або Беларускай Рэспублікай.

* * *

Калі я скажу, што Жылуновіч быў наіўны чалавек, гэта будзе няпраўда. Калі я скажу, што ён быў даверлівы чалавек, і гэта будзе няпраўда. Як палітык ён быў нявопытны чалавек. І з прычыны сумленнасці празмерна даверлівы. Па-мойму, Жылуновіч доўга не разумеў, што да ўлады ў Расіі прыйшлі людзі (далей цытую Антона Луцкевіча), «гатовыя на ўсё, пазбаўленыя усякіх „скрупулаў“, далёкія ад гуманітарызму». Падманваць, ашукваць праціўніка і саюзніка для іх было звыклай справай.

Стварэнне БССР у вачах бальшавіцкіх лідэраў было не чым іншым, як перабудовай Аблвыкамзаха. Сталін так і пісаў у канцы 1918-га: «Все вопросы перестройки Облисполкомзапа уже решены». Справа была ў перайменаванні і ў пэўнай перастаноўцы мэблі, а сутнасна нічога не мянялася. Практычна ўсё заставалася як і раней. Хіба што ранг мясцовых кіраўнікоў падымаўся: раней была вобласць, камуна, а цяпер, што ні кажы, рэспубліка. Мяснікян, Кнорынг ды іншыя па-ранейшаму пачуваліся тут гаспадарамі.

Уяўляю, як Жылуновіча ды іншых беларускіх камуністаў уразіла вераломства бальшавікоў, калі яны даведаліся, што Сталін і Мяснікян элементарна абвялі іх вакол пальца. Мала таго, што ўсе ключавыя пасады ў Часовым урадзе Беларусі былі прадугледжаны для байцоў кшталту Мяснікяна, выявілася, што ў Жылуновіча і Мяснікяна маюцца розныя спісы сябраў Часовага ўраду Беларусі, узгодненыя з усё тым жа Сталіным, і што ўчарашнія праціўнікі самой назвы «Беларусь» будуць, паводле другога спісу, у гэтым урадзе пераважаць.
Больш за тое,
выявілася, што кіраўніком спраў ураду, «правай рукой» Жылуновіча мае быць не беларускі камуніст Пётра Клыш, пазней расстраляны палякамі, а Вільгельм Кнорынг. Так сказаць, наглядчык.

І не запратэстуеш, і не назавеш ашуканцаў ашуканцамі. У бальшавікоў жалезная субардынацыя і дысцыпліна. Арганізацыя, якая ад самага пачатку мела адзнакі крымінальнай групоўкі.

* * *

Сталін не самавольна гуляў за спіной у Жылуновіча. У біяграфічнай хроніцы Леніна чытаем: «2 января 1919 г. Ленин подписывает телеграмму члену Временного рабоче-крестьянского правительства Белоруссии А. Ф. Мясникову с сообщением, что в Минск для связи и взаимной информации между правительством РСФСР и Советским правительством Белоруссии командирован специальный представитель».

Ёсць старшыня Часовага ўраду Беларусі Жылуновіч, але Ленін адрасуе тэлеграму не яму, а «свайму чалавеку». Жылуновіч для Леніна — не свой.
І для ЦК таксама, бо Сталін заявіў, што кантактаваць з Часовым урадам Беларусі ЦК будзе праз Мяснікова. Жылуновіч тут лішні, непатрэбны.

* * *

У канцы 1918 — пачатку 1919 г. Савет Народных Камісараў РСФСР даваў пазыкі (ссуды) марыянеткавым урадам Эстоніі (50 млн. руб.), Латвіі (20 млн. руб.) і Украіны (толькі на патрэбы чыгунак 30 млн.).

14 студзеня СНК выдзяляе ўраду Беларусі 25 млн. руб. Праз дзень (16-га) Ленін падпісвае гэтую пастанову СНК для накіравання яе ў Дэпартамент дзяржаўнага казначэйства. Але Беларусі выдзяляецца не 25 млн. руб., як прадугледжвалася, а толькі дзесяць.

Усё правільна. Бо ў гэты дзень Ленін бярэ ўдзел паседжанні ЦК РКП(б). На паседжанні абмяркоўваюцца пытанні аб Украіне і Беларусі.

Тэрыторыю яшчэ неўканстытуяванай Беларусі бальшавіцкі ЦК скарачае ўдвая: цалкам забірае ў склад Расіі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. А раз змяншаецца тэрыторыя Беларусі, змяншаецца і пазыка ёй
(потым бальшавікі прыгорнуць да Расіі пэўныя часткі і Менскай губерні).

У 1989 г. яшчэ панавала КПСС, можна было крытыкаваць Сталіна, але нельга было чапаць свяшчэнную асобу Леніна. І таму ў сваёй дакументальнай аповесці Эрнест Ялугін піша, што паседжанне ЦК, на якім вырашалася пытанне аб межах Беларусі, «праводзілася без удзелу У. І. Леніна, які хварэў пасля ранення». Ды не, Ільіч быў даўно здаровенькі і бадзёранькі.

Ад каго сыходзіла ідэя «абразання» Беларусі? Вядома толькі тое, што наркам нацыянальнасцяў Сталін разам з Дзяржынскім у студзені 1919 года знаходзіліся па-за Масквою, высвятлялі, чаму Перм апынулася ў руках «белых». Ці ўзгадняў з ім Ленін рашэнне ад 16 студзеня? Затое дакладна вядома, што адпаведны пункт у пратаколе пасяджэння ЦК РКП(б) уласнаручна рэдагаваў старшыня Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і сакратар ЦК РКП(б) Якаў Свярдлоў.
Кожны можа ўбачыць фотакопію гэтага пратаколу ў кнізе «1 января 1919 года. Временное рабочее-крестьянское советское правительство Белоруссии».

* * *

Калі Масква вырашыла адарваць ад Беларусі тры ўсходнія губерні, а рэшту аб’яднаць з Савецкай Рэспублікай Літвы, у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці і асобнасці Беларусі выступілі Мяснікян, Кнорынг ды іншыя «інтэрнацыяналісты». Супраць гэтага рашэння пратэставалі таксама Зміцер Жылуновіч, Зміцер Чарнушэвіч, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла, Ларывон Пузыроў, Фабіян Шантыр і Усевалад Фальскі. Часовы ўрад Беларусі быў падзелены на дзве часткі
. Адну з іх прадстаўнік ЦК РКП(б) Адольф Іофе называў «нашымі», другую — беларусамі і лічыў, што «нашы» большыя нацыяналісты, чым беларусы.
Ці маглі гэтыя дзве групы выступіць супраць рашэння Масквы салідарна? Ці дало б такое выступленне плён?
Пытанні, па-мойму, рытарычныя. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што ў Менск прыехаў Якаў Свярдлоў, і змусіў «нашых» падпарадкавацца Маскве.

* * *

Жылуновіч, калі на тое пайшло, — першы гісторык БССР. Ён не толькі кінуў у 1923 годзе кліч «Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі!», але і сам напісаў працу пад загалоўкам «Да гісторыі Савецкае Беларусі», а потым быў шэраг публікацый, у тым ліку з падзагалоўкамі «Да гісторыі Савецкае Беларусі» і «Матар’ялы да гісторыі Савецкай Беларусі».

Эрнест Ялугін прапанаваў нам разглядаць артыкулы Жылуновіча з гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі «перш за ўсё як пісьменніцкую публіцыстыку». Няхай так, але… Вось выдаў Алесь Жынкін творы Язэпа Лёсіка, вось выдалі Андрэй Вашкевіч і Алесь Пашкевіч грунтоўную кнігу Адама Станкевіча, вось выдаў я тры тамы твораў Антона Луцкевіча (два тамы улада нядаўна арыштавала) і адчуваю, што патрэбен том (а мо і двухтомнік) добра ўкаментаваных гістарычных, публіцыстычных і літаратурна-крытычных твораў Зміцера Жылуновіча.

Ці не ў сярэдзіне гэтага года Аляксандр Фядута сказаў мне, што ў архіве Віталя Скалабана маецца падрыхтаваная кніга твораў Жылуновіча з гісторыі рэвалюцыйнага руху. На жаль, гэта не так.

* * *

Выключаны з партыі, пазбаўлены пасад Зміцер Жылуновіч працаваў на менскім заводзе імя Варашылава.
Пра тое, што акадэмік Жылуновіч «доўгі час» працаваў на заводзе, у кнізе ўспамінаў пра яго згадаў, здаецца, толькі адзін Мікола Хведаровіч.
На пачатку 1930-х некаторыя «знаўцы» марксізму спадзяваліся стварыць у Беларусі пралетарскую літаратуру, мабілізуючы ў яе «рабочых-ударнікаў». Праглядаючы зборнікі «Ударнікі», я звярнуў увагу на тое, што сярод аўтараў гэтых кніжачак не адзін чалавек з завода імя Варашылава. Ці не Жылуновіч натхніў іх на творчасць
? Такое пытанне я задаў знаўцу таго перыяду ў гісторыі літаратуры Віктару Жыбулю. Цяпер чакаю адказу.

* * *

Прыехаўшы ў Піцер, малады Зміцер Жылуновіч уладкаваўся на завод «Вулкан», стаў там фрэзераўшчыкам, г. зн. кваліфікаваным рабочым.

Пралетарыят змагаўся за сваё вызваленне. Гэта праўда. І пралетарыят паступова дамагаўся пашырэння сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, паляпшэння свайго жыцця.

Каб мець уяўленне пра тое, які быў матэрыяльны дастатак кваліфікаваных рабочых за царскім часам, я раю маім чытачам і суразмоўцам пачытаць знакамітую аповесць Максіма Горкага «Маці», хоць бы той яе раздзел, у пішацца аб першым заробку галоўнага героя, Паўла Уласава.

Сутнасць барацьбы пралетарыяту і яго сацыял-дэмакратычнай партыі заключалася ў тым, каб узвысіць працоўных у матэрыяльным і духоўным аспектах, каб рабочы падняўся да інжынера. (Як жылі за царскім часам інжынеры, чытайце «Блуканні па пакутах» Аляксея Талстога. Колькі пакояў было ў кватэры яшчэ нежанатага інжынера Івана Іванавіча Цялегіна?)

У нас ёсць піцерскі здымак фрэзероўшчыка завода «Вулкан» Зміцера Жылуновіча. З кадэцкай (!) газетай «Речь» пад пахай. «Просты савецкі чалавек», які не памятаў царскага часу і насіў ватоўку, зірнуўшы на гэты здымак, мог падумаць, што на ім — калі не буржуй, дык нейкі чыноўнік ці інтэлігент.

Як пачуваўся Жылуновіч, калі трапіў на завод імя Варашылава? Дзе атаварваў карткі на харчы і мануфактуру? Што ён думаў? Не мог жа ён не параўноваць узровень жыцця кваліфікаванага рабочага за савецкім і за царскім часам…

…Станіслаў Пятровіч Шушкевіч успамінаў: «Неяк восенню 1936 года (незадоўга да арышту. — А. С.) я сустрэў Цішку Гартнага на вуліцы з кошыкам. Ён ішоў прыгорблены і нёс дадому прадукты.

— Хварэю, — казаў ён, — ды і жонка з дачкою крыху занядужалі. А да гэтага яшчэ колькі непрыемнасцей. Некаторыя з тых, хто яшчэ нядаўна хіліўся да мяне, вышукваюць плямы на маім сумленні.

У вачах стамлёнага Цішкі Гартнага стаялі невыказны боль і горыч».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?