Кіроўца, які збіў на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Сяліцкага ў Мінску вечарам 2 лістапада чатырох пешаходаў, затрыманы. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Па факце ДТЗ распачата і расследуецца справа на падставе часткі 2 артыкула 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што выклікала смерць чалавека па неасцярожнасці). Хутчэй за ўсё, 5 лістапада будзе прынята рашэнне аб узяцці парушальніка пад варту.

Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, 2 лістапада ў 17.50 39-гадовы жыхар Рагачова, знаходзячыся за рулём аўтамашыны «Мерседэс-Бенц-500», каля дома № 21б па вуліцы Сяліцкага не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі і ўчыніў наезд на чатырох грамадзян, якія былі на прыпынку грамадскага транспарту.

У выніку ДТЗ 53-гадовы мінчанін з закрытым пераломам 9-10-га рэбраў справа і 38-гадовая мінчанка з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, ударам правага сцягна і верхняй губы былі шпіталізаваныя ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу.

29-гадовага жыхара Гомеля з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй ступені, ранай ад удару галавы, закрытым пераломам абедзвюх галёнак і 48-гадовую мінчанку з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй ступені, пераломам асновы чэрапа, адкрытым пераломам абедзвюх касцей галёнкі, траўматычным шокам даставілі ў гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, дзе 3 лістапада ў 9.00 жанчына памерла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?