Па выніках чарговага раўнда перамоў, якія прайшлі ў Маскве 31 кастрычніка і 1 лістапада, дасягнута дамоўленасць, што ў IV квартале гэтага года Расія паставіць у Беларусь 5,3 млн тон нафты. Пра гэта паведаміў 2 лістапада на пасяджэнні Савета міністраў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Раней Масква заяўляла пра планы скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у IV квартале 2012 года з 5,3 млн да 4 млн тон у адказ на «растваральны» бізнес, якім беларускі бок займаўся ў першым паўгоддзі. Нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расійскай сыравіны, экспартаваліся ў Еўропу пад выглядам растваральнікаў і разбавіцеляў, якія не абкладаюцца экспартнай пошлінай. Паколькі гэта пошліна павінна была паступаць у расійскі бюджэт, Расія недалічылася буйной сумы. Першапачаткова эксперты ацэньвалі нанесены ўрон у 2 млрд долараў.

У кастрычніку, паводле даных расійскай статыстыкі, у Беларусь было пастаўлена 1 млн 347 тыс. тон нафты, ці на 22% менш, чым у верасні.

26 кастрычніка віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч паведаміў, што пытанне аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь у 2012 і 2013 гадах бакі абмяркоўваюць ва ўвязцы з рашэннем праблемы экспарту Мінскам растваральнікаў.

29 кастрычніка інфармаваная крыніца паведаміла, што Масква патрабуе ад Беларусі кампенсаваць 1,5 млрд долараў у якасці недаатрыманай пошліны ад «растваральнага» бізнесу.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, на пасяджэнні Саўміна 2 лістапада Сямашка заявіў, што перамовы ў Маскве прайшлі нармальна. Па выніках 2012 года, адзначыў ён, Беларусь павінна імпартаваць 21,5 млн тон расійскай нафты, як гэта прадугледжана паліўна-энергетычным балансам Саюзнай дзяржавы.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, дакумент пра аб’ёмы паставак нафты ў IV квартале 2012 года павінен быць падпісаны да 15 лістапада.

Наконт паставак расійскай нафты ў 2013 годзе Сямашка паведаміў: «Па наступным годзе мы гаворым, што 23 мільёны тон — гэта непахісная лічба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?