Тэхнічны стан мінскага стадыёна «Дынама» стварае рэальную пагрозу для бяспекі і здароўя яго наведвальнікаў. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон 5 лістапада на нардзе па пытанні рэканструкцыі стадыёна, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Якабсон, у прыватнасці, пералічыў факты, якія давялі стадыён да яго цяперашняга стану, хаця размова пра неабходнасць грунтоўнай рэканструкцыі вядзецца ўжо не адзін год.
Гэтаму спрыялі як цяганіна з боку чыноўнікаў, так і тэхналагічныя парушэнні, дапушчаныя ў час рэканструкцыі ў канцы 90-х гадоў. Напрыклад, пры мантажы новых сядзенняў была пашкоджана гідраізаляцыя падтрыбунных памяшканняў, з-за чаго туды рэгулярна пранікала вільгаць, утваралася сырасць і цвіль.
«Праблема з рэканструкцыяй стадыёна „Дынама“ найбольш востра абазначылася пасля праведзеных у 2001 і 2005 гадах даследаванняў тэхнічнага стану нясучых канструкцый заходняй трыбуны.
Было ўстаноўлена, што пры выкананні работ па капітальным рамонце другога яруса на гэтым аб’екце ў 1997 годзе дапушчаны адступленні ад распрацаванага праекта, што прывяло да перагрузкі яе нясучых канструкцый», — расказаў Аляксандр Якабсон.

«Тэхнічны стан канструкцый стадыёна, інжынерных камунікацый, унутранае ўтрыманне падтрыбунных памяшканняў ствараюць рэальную пагрозу для бяспекі і здароўя наведвальнікаў стадыёна, убогія ўмовы для карыстальнікаў памяшкання і наносяць урон па рэпутацыі гістарычнага сімвала беларускага футбола», — канстатаваў старшыня КДК.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе запатрабаваў правесці рэканструкцыю мінскага стадыёна «Дынама» да канца 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?