Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным усталяванне ў Беларусі дзяржаўнага свята 7 лістапада — у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пра гэта ён заявіў 6 лістапада, адказваючы на пытанні журналістаў пасля цырымоніі адкрыцця трох новых станцый метро ў Мінску.

«7 лістапада мы святкуем Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі вам прымальныя? А мне яны ўсе прымальныя, таму што ўсе рэвалюцыянеры ідуць з добрымі ідэямі да народа, калі штосьці трэба змяніць, перавярнуць.
Тады рэвалюцыянеры ішлі з добрымі ідэямі: зямля — сялянам, фабрыкі — працоўным. Ніводнага дрэннага лозунгу не было, і пад гэтымі лозунгамі рэвалюцыянеры перамаглі, і пераможцы былі поўныя рашучасці рэалізаваць гэтыя лозунгі. Гэтыя лозунгі мне прыемныя і цяпер», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён перакананы, што «нельга ганіць тое, што было ў 17-м годзе і пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, з якімі ішлі Уладзімір Ільіч Ленін і яго каманда на гэту рэвалюцыю».

Пазней, дадаў Лукашэнка, у СССР былі рэпрэсіі і забойствы людзей, але гэта, паводле яго меркавання, не перакрэслівае тых ідэй і лозунгаў, з якімі здзяйснялася Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Да ацэнкі мінулага, адзначыў Лукашэнка, трэба ставіцца «вельмі акуратна, і заўсёды памятаць, што ад мінулага нікуды не дзенешся».

«Ні ў якім разе нельга замоўчваць недахопы, але трэба выцягваць на паверхню ўсё лепшае, што было. Мы правільна зрабілі, што захавалі гэта свята», — упэўнены беларускі кіраўнік.

Да 1991 года ў СССР Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі лічыўся галоўным дзяржаўным святам краіны. Сёння Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы краіна, дзе 7 лістапада па-ранейшаму называецца Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, носіць статус дзяржаўнага свята і з’яўляецца выхадным днём. У Расіі 7 лістапада адзначаецца як Дзень згоды і прымірэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?