У Кітаі адкрыўся XVIII з’езд Кампартыі, на якім адбудзецца перадача ўлады новаму кіраўніцтву. Сыходзіць у адстаўку цяперашні лідар Ху Цзіньтаа, прыходзіць новы — Сі Цзіньпін. Мяркуецца, што для выбару пераемніка было праведзена апытанне 300–400 самых уплывовых кіраўнікоў Кампартыі. Па выніках галасавання Сі Цзіньпін набраў найбольш галасоў, таму ён і стаў новым лідарам як найменш канфліктная постаць.

Спачатку ён зойме пасаду кіраўніка партыі, праз пяць месяцаў, у сакавіку — Старшыні КНР, яшчэ праз год-два — старшыні Вайсковай камісіі, г.зн. начальніка над сілавымі структурамі.
Такі паступовы пераход забяспечавае бесканфліктнасць, пераемнасць і добрую кіраванасць самай населенай краінай свету. Нагадаем, што ў Кітаі жыве каля 1,4 мільярда чалавек — гэта ў 150 разоў больш, чым у Беларусі.

Кіраўнікі трымаюцца ў Кітаі 10 гадоў, пасля чаго адбываецца ратацыя. Такую традыцыю завялі пасля Дэн Сяапіна.

Кітай застаецца пад поўнай уладай Кампартыі.
Выбары ў краіне маюць фармальнае значэнне. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру дысідэнт Лю Саабо застаецца пад вартай.
Тым часам у краіне нарастае сацыяльная напружанасць: за апошні год у розных кутках краіны адбылося каля 4000 масавых пратэстаў і сутычак з сіламі аховы правапарадку.

На з’ездзе Кампартыі абяруць 200 членаў абноўленага складу Цэнтральнага камітэта, 25 сяброў Палітбюро (упершыню кандыдатаў будзе больш, чым сяброў) і або 7, або 9 членаў Пастаяннага камітэта Палітбюро — арэапаг Кампартыі. У ЦК зменіцца палова членаў, у Палітбюро — 14 з 25, у Пастаянным камітэце — 7 з 9, у Цэнтральнай вайсковай камісіі — 7 з 12, у Сакратарыяце — 1 з шасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?