Меркаванні1212

ЖЭСТачайшыя: піша Сяргей Ваганаў

З уласцівай яму сціпласцю Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка абвясціў свету, што да Сталіна яму яшчэ тупаць і тупаць.

Аднойчы я ўжо датупаў да Сталіна. Тупаў недзе гадзіны тры.

Гэта была ці не самая доўгая чарга ў свеце. Памятаю, як два чалавекі ў аднолькавых скураных паліто цягнулі з чаргі трэцяга, зусім старога, як па ягоных нагах бездапаможна стукаўся на доўгім раменьчыку фотаапарат «Зоркий»...

1958 год, мне 17.

Сышоўшы ў халоднае падзямелле і павольна прахо­дзячы наўкол саркафага, я быў проста ашаломлены неадпаведнасцю аблічча яшчэ нядаўняга ўладара паўсвету з пасмяротнай рэальнасцю. Больш за ўсё мяне шакавалі нізкі лоб і сівыя бялявыя валасы, з­-пад якіх адсвечвала сінюшная скура абяскроўленай галавы. Не выключана, зрэшты, што віной таму агіднаму ўражанню было яркае нерухомае святло ў саркафагу, вакол якога павінен быў па задуме творцаў відовішча заставацца густы, такі ж нерухомы, змрок...

Сёння мне падаецца, што калі б Сталіна не выкінулі з маўзалея, у гэтым было б менш сталіншчыны: няхай не адразу, але ў рэшце рэшт усе ўбачылі б, які нікчэмны, пачварны і нават убогі гэты стары, што наводзіў жах на агромністую краіну і паўсвету.
Разам са знішчаным ім настаўнікам яны зжылі б сябе ў новых пакаленнях, ператварыліся б, як адзін з іх, у дурнаватых жывых лялек на маскоўскіх плошчах.

Але замест цела пакінулі дух.

Па­-сталінску спадзяваліся, што «няма чалавека — няма праблемы». Атрымалася, што чалавека няма, а праблема ёсць...

Іншым разам я тупаў да Сталіна ў 1961, якраз пад 7 лістапада, так бы мовіць, чырвоны дзень.

Мы, чатыры студэнты­-гісторыкі, выйшлі пасля заняткаў у золкую восеньскую ноч. І праз якія сто метраў натыкнуліся на свінцова-­шэры жаўнерскі ланцуг... «Праходзьце, праходзьце, няма чаго тут затрымлівацца», — прыспешваў афіцэр. Мы намагаліся нешта спытаць. Ён нервова-­загадна махнуў рукой у бок ад схаванай за дрэвамі гарадскога сквера плошчы, дзе пульсавалі нейкія сінявата-бэзавыя ўсполахі...

Праз скразныя пад’езды ды падваротні мы абышлі той непрыступны ланцуг і, крадучыся, трапілі ў цёмны двор дома, што фасадам выходзіць на плошчу. Чапляючыся за пякуча слізкія зледзянелыя прыступкі пажарнай лесвіцы, мы ўзлезлі на дах і амаль паўзком дабраліся да нізенькай агароджы на самым краі.

Мы праседзелі там, абняўшыся, усю ноч, калоцячыся ад холаду ды дрыжыкаў. Дзіўна, але я не запомніў нейкіх асаблівых падрабязнасцяў. Толькі цягачы, мяхі з пяском, тросы, аўтаген, пражэктар...

Да раніцы застаўся адзіны высокі пастамент, аздоблены па чырвонаватаму з пражылкамі мармуру беларускім арнаментам. А да сярэдзіны дня месца, дзе стаяў помнік, было абгароджана драўляным плотам. Увесь тыдзень да 7 лістапада даносіліся адтуль глухія выбухі ды раз’юшаны дробат перфаратараў. Знаўцы тлумачылі, што ў помніка вельмі глыбокі і трывалы падмурак...

Сёння мне падаецца, што калі б народ, яшчэ нядаўна так горка рыдаўшы над скананнем свайго куміру, лёг пад цягачы, звазіўшыя распіленага балвана, у гэтым таксама было б менш сталіншчыны, чымсьці ў маўклівай згодзе, з якой ён успрыняў ягонае знішчэнне. Каб так адбылося, магчыма было б паверыць у рыданні ад Вялікай Любові.

Насамрэч – ад Вялікага Страху...

Маё пакаленне народжаных у 1940—50-я гады, мусіць, апошняе, здольнае беспамылкова пазнаваць у падрабязнасцях і агульнай атмасферы сённяшняга жыцця знаёмыя рысы сталіншчыны. Нават знешнія — праз жэсты.

Увогуле жэсты — ці не самая пазнавальная рыса ў паводзінах «жэстачайшых». Мусіць, каб не пераблытацца ў стагоддзях.
Вы памятаеце, напрыклад, жэсты Рузвельта, Мітэрана, нават «жалезнай лэдзі» Тэтчэр? А вось фюрэр, акрамя нацысцкага «хайль», вельмі любіў цёрці рукі, Ленін — змінаць кепку альбо падпіраць з абодвух бакоў камізэльку, Сталін — трымаць руку за бортам фрэнча ці шыняля.

Жэст помніка...

Неўміручы жэст!

А за жэстам — пераслед ды нават зніштажэнне палітычных праціўнікаў; намаганні мець татальны кантроль калі не над розумам, дык над паводзінамі цалкам залежных ад начальства грамадзян;
перамога загаду над законам; пошук ворагаў унутры краіны і кругавая абарона звонку; падазронасць, помслівасць, безматыўная жорсткасць; сацыяльная дэмагогія і хлусня са ўсіх крыніц прапаганды...

Дастаткова, да прыкладу, прачытаць побач з прызнаннем праўды Курапат (адмаўляць яе ўжо немагчыма) пра тое, што «новыя пакаленні палітыкаў ужо не нясуць адказнасці за Курапаты...», пра «ўсялякія спекуляцыі на трагедыі...», пра нейкіх нядобрых людзей, якія «трызняць «дэмакратычным трыбуналам» і мараць пра расправу са «сталіншчынай», якая ўжо даўно стала гісторыяй», каб разгледзець ва ўсіх гэтых і падобных піруэтах крывадушныя жэсты у бок легкавернага грамадства.

Каб яно не перашкаджала тупаць і тупаць…

Каментары12

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў30

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У «Аземпіка» з'явіўся сур'ёзны канкурэнт. Амерыканцы ўжо часцей купляюць менавіта гэты прэпарат для пахудзення

Трамп увёў пошліны 50% на тавары з Бразіліі5

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме57

Лес як нажом зрэзала. Наступствы непагадзі ў Мінскім раёне ФОТА1

На аўкцыёне ў Францыі прадалі ношаную шкарпэтку Майкла Джэксана2

Дзесяць лайфхакаў, як палепшыць працу пральнай машыны і лепш адмываць рэчы7

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два13

У якія краіны для беларусаў найбольш дарагія турыстычныя візы? Лідар нечаканы2

Індыйскія дактары падчас падрыхтоўкі пацыенткі да аперацыі выявілі новую групу крыві

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў30

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць