Упраўленне культуры Мінгарвыканкама рэкамендавала арганізатарам канцэрта гурта «Крама» падаць заяўку на яго правядзенне ў вышэйшую інстанцыю — Міністэрства культуры або адпаведны аддзел Адміністрацыі прэзідэнта. Пра гэта БелаПАН паведаміў арганізатар канцэрта Павел Кашырын.

Нагадаем, заяўка на правядзенне канцэрта, прымеркаванага да выхаду новага альбома гурта «Крама», была пададзена 15 сакавіка ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама. Паводле слоў П.Кашырына, «адмовы ў правядзенні канцэрта не было, але не было і дазволу». Арганізатары канцэрта, які раней планавалася правесці ў сярэдзіне мая, маюць намер падаць заяўку ў вышэйзгаданыя структуры.

Праца над новым альбомам гурта «Крама» практычна завершана. У якасці госця на канцэрт плануецца запрасіць лідэра расійскага калектыву «Ліга блюза» Мікалая Аруцюнава, які браў удзел у запісе альбома «Крамы», лідэра гурта «Crossroads» Сяргея Воранава, мінскіх музыкантаў.

Нагадаем, у красавіку 2005 года канцэрт «Крамы», прысвечаны выхаду першага афіцыйнага зборніка найлепшых песень «Будзь разам з намi», быў адменены. Арганізатарам канцэрта адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання.

Гурт «Крама» з’яўляецца пастаянным удзельнікам мерапрыемстваў, што праводзяцца апазіцыяй. Музыканты бралі ўдзел у шэрагу канцэртаў, у тым ліку ў «Джынсавым фэсце «За свабоду!», які прайшоў у Мінску 16 верасня 2006 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?