29-гадовы жыхар Мазырскага раёна смяротна траўмаваны дызель-цягніком Калінкавічы — Славечна ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці 7 лістапада.

Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі, праверкай устаноўлена, што машыніст саставу, які заўважыў чалавека, што пачаў пераходзіць чыгуначныя пуці ў неўстаноўленым месцы ў непасрэднай блізкасці ад лакаматыва, прымяніў экстраннае тармажэнне.

Пры гэтым былі пададзены гукавыя і светлавыя сігналы, на якія пешаход не адрэагаваў і працягваў свой шлях цераз рэйкі. У выніку пазбегнуць наезду не атрымалася.

Малады чалавек памёр ад атрыманых траўм на месцы. Пры аглядзе было ўстаноўлена, што загінулы ў момант трагедыі слухаў музыку ў навушніках.

У гэты ж дзень у Баранавіцкі аддзел транспартнай міліцыі па тэлефоне ад дзяжурнага па станцыі Гарадзея паступіла паведамленне,

што на чыгуначным пераездзе станцыі электрацягніком Баранавічы — Мінск смяротна траўмаваны 26-гадовы непрацоўны інвалід 3-й групы (глуханямы), жыхар Нясвіжскага раёна.
Устаноўлена, што загінулы пераходзіў рэйкі па чыгуначным насціле пераезду пры гукавой і светлавой сігналізацыі. Не рэагуючы на забаронныя сігналы семафораў, мужчына не звярнуў увагі на састаў, што набліжаўся з хуткасцю 50 км/гадз, у выніку чаго трапіў пад колы лакаматыва. Ад атрыманых траўм ён памёр на месцы.

Мінулай ноччу на прыпыначным пункце Мачулішчы электрацягніком Мінск — Пухавічы быў траўмаваны 18-гадовы мясцовы жыхар, які дастаўлены ў бальніцу з дыягназам «выцятая рана цемянной вобласці, пералом цемянной косці справа, пералом рэбраў справа, двухбаковы гідраторакс, асколачны пералом груднога пазванка, унутрыбрушны крывацёк». Паводле слоў маладога чалавека, калі ён ехаў у вагоне цягніка, то задумаўся і не заўважыў, як састаў прыбыў на патрэбны яму прыпынак.

Пасажыр паспрабаваў выбегчы з электрычкі падчас закрывання дзвярэй, аднак не паспеў і быў заціснуты паміж імі.

Сёлета ў Беларусі на аб’ектах чыгуначнага транспарту загінулі 118 чалавек, 54 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Больш як 62% пацярпелых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?