Зборная Беларусі па хакеі, што рыхтуецца да пачатку чэмпіянату сьвету ў Маскве і Мыцішчах, у аўторак правяла апошні таварыскі матч. Супернікам была моцная славацкая каманда. Як і на леташнім чэмпіянаце сьвету, беларусы перамаглі зь лікам 2:1. Шайбы закінулі Андрэй Глебаў і Андрэй Міхалёў. Бліскучую гульню правёў брамнік нашай каманды Андрэй Мезін.

Перад пачаткам чэмпіянату зборная Беларусі правяла шэсьць таварыскіх сустрэч: з славенцамі, славакамі і двойчы з італьянцамі і нарвэжцамі. Абсалютна ва ўсіх гульнях нашы хлопцы атрымалі перамогі, што ня можа ня радаваць.

Зборную Беларусі летась узначаліў новы галоўны трэнэр, канадца Глена Хэнлана зьмяніў амэрыканец Курт Фрэйзэр. Гэта будзе ягоны дэбютны чэмпіянат. Летась беларусы ў Рызе былі шостымі. Сёлета плянуюць выступіць яшчэ лепш. Фрэйзэр жа адкрыта заяўляе, што каманда едзе змагацца за мэдалі. Пакуль невядома, ці зможа дапамагчы камандзе пара нападнікаў канадзкага «Гамільтана» Андрэй Касьціцын і Міхаіл Грабоўскі, бо іх клюб пакуль змагаецца ў плэй‑оф АХЛ. Не прыедуць таксама лідэры каманды Руслан Салей і Аляксей Калюжны, некалькі гульцоў атрымалі траўмы.

Чэмпіянат пачнецца ў пятніцу 27 красавіка. І ўжо ў першы дзень наша каманда пазмагаецца з Чэхіяй. У нядзелю — гульня з ЗША.

Скончыцца групавы турнір для беларусаў матчам з аўстрыйцамі. У другі этап пройдуць па тры найлепшыя каманды з кожнай групы. Зборная Беларусі свае матчы будзе праводзіць не ў расейскай сталіцы, а ў падмаскоўных Мыцішчах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?