Нацыя застаецца нацыяй, пакуль яна мысліць у катэгорыях уласных палітычных інтарэсаў. «Што выгадна Польшчы, тое выгаднае і беларусам», — такі погляд навязвалі польскія нацыяналісты. «Беларусы з Расіяй звязаны ў неразрыўнае цэлае, беларусы такія ж рускія, толькі са знакам якасці», — а гэта погляд, які навязваюць расійскія шавіністы. У выніку апошняга эканоміка Беларусі аказалася татальна залежнай ад расійскай, а рэальны ўзровень жыцця ў Беларусі — адзін з самых убогіх на кантыненце.

Але не загаснуць зоркі ў небе, не прападае надзея на іншы лад, пакуль ёсць у Беларусі мысленне ў катэгорыях уласнага нацыянальнага інтарэсу.

Надзвычай цікавыя ўзоры такога мыслення мы знаходзім у навуковым часопісе «Палітычная сфера», што выходзіць ад 2001 года.
І час, які выдаецца ён, і змест паказваюць на глыбіню і сур’ёзнасць задумы. Гэта высокага ўзроўню паліталогія. «Мэтай выдання з’яўляецца задавальненне патрэбаў шырокай акадэмічнай супольнасці ў выніках тэарэтычнай і эмпірычнай навуковай дзейнасці. Усе артыкулы часопіса праходзяць абавязковае ананімнае рэцэнзаванне. Адпаведнасць навуковым стандартам, а таксама эмпірычны ці тэарэтычны ўнёсак у разуменне палітыкі з’яўляюцца крытэрыямі для публікацыі». І, дадам, беларуская мова — маркёр матывацый яго аўтараў.
А літаральна ўчора ў сеціве з’явіўся новы праект: сайт пра міжнародную палітыку і эканоміку «Ідэя».
І таксама аўтары дэкларуюць: «Мы жывем у краіне, дзе тытульная мова нацыі занесеная ЮНЭСКА ў «Cпіс выміраючых моваў», таму мы лічым неабходным большую частку інфармацыі падаваць менавіта на беларускай мове».
Што да агульных пастулатаў, то, пішуць «ідэйнікі»: «мы верым у прынцыпы дэмакратыі і плюралізму, свабоднага рынку і прававой дзяржавы, беларускай незалежнасці і еўрапейскай інтэграцыі».

«Ідэя» прыйшла ў галаву Рыгора Астапені — хлопца родам з Салігорска, што здабывае асвету дзякуючы Праграме Каліноўскага.

Застаецца пажадаць аўтарам поспеху і папрасіць усіх дабрадзеяў, хто хоча спрыяць інтэлектуальнаму прагрэсу Беларусі, дапамагаць на такія выданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?