Aпошнімі днямі Белнэт горача абмяркоўвае лацінку ў мінскім метро. І калі мэтазгоднасць яе ўжывання не выклікае ніякіх спрэчак, то асобныя моманты часам бываюць не зусім зразумелымі. Напрыклад, ці «Plošča Lienina» — правільнае напісанне? Вядома, беларуская лацінка выкарыстоўваецца для передачы беларускіх назваў з дапамогай лацінскага алфавіту. Але ж Ленін не быў беларусам, таму, мабыць, карэктным будзе варыянт — «Lenina», то бок так, як перадаюць яго імя расейцы?

Па адказ «Наша Ніва» звярнуліся да супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Уладзіміра Кошчанкі.

«Гэтае пытанне разглядалася асобна, — кажа ён. —

Праблема ў наступным: калі ўважліва паглядзець на мапу Мінска, то можна заўважыць, што ці не палова (калі не болей) назваў вуліц маюць назвы небеларускага паходжання. У ідэале, такія назвы варта было б перадаваць з мовы арыгінала. Але тут паўстае шэраг праблем:
па-першае, трэба высвятляць паходжанне назвы, а па-другое, трэба ведаць, як імя і прозвішча пішацца ў мове-арыгінале.

Уявіце сабе, якім чынам чыноўнікі ці нелінгвісты будуць пісаць «вуліца Розы Люксембург» ці там «Маркса». Возьмем найпрасцейшае — вуліца Карла Маркса.

Маем імя Карл Маркс.

Па-беларуску вуліца завецца «Карла Маркса» (у родным склоне — і яна не можа змяняцца). То калі мы нават напішам «Karla Marxa», то замежнікі ўсё адно не пазнаюць імя. Можна шчэ напісаць «Karl’а Marx’a», але на што гэта будзе падобна?
Калі мы нават напішам «Lenina», для замежнікаў гэта не Ленін будзе. Да таго ж расейцы не маюць лацінскай графікі і не маюць агульнапрызнанага стандарту раманізацыі.
Таму Ленін у розных мовах пішацца па-рознаму, адпаведна з правіламі пэўнай мовы: «Lenjin» па-сербску, па-баснійску ды па-харвацку; «Lénine» па-французску; «Leinín» па-ірландску; «Leninas» па-літоўску.
У Латвіі гэта будзе «Ļeņins» і «Lenín» — у Ісландыі.

Каб не ўносіць блытаніны, варта на сёння ставіцца да ўсіх назваў вуліц Мінска як да беларускіх без выключэння. Таму і

перадавацца на лацінцы яны мусяць аднолькава. Гэта адзінае выйсце, інакш будзе хаос.
Вы станеце пісаць, напрыклад, vulica Kirova, Sverdlova, Gromova? Сумняюся. Чаму для Леніна трэба рабіць выключэнне?»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?