Даля Грыбаўскайце не мае намеру займацца спекуляцыямі на тэму аб тым, каму можа быць выгадны напад на літоўскае пасольства ў Мінску. Пра гэта прэзідэнт Літвы заявіла журналістам у Каўнасе 9 лістапада, паведамляе агенцтва BNS.

«Займайцеся спекуляцыямі самі, гэта ваша справа, а не мая, — сказала Грыбаўскайце журналістам. — Гэты выпад ужо ацэнены як самімі беларусамі, так і літоўскім бокам. Мы накіравалі гэтай краіне ноту, а папярэдняе расследаванне ажыццяўляе сама Беларусь».

У сваю чаргу літоўскі пасол у Беларусі Лінас Лінкявічус, які зараз знаходзіцца ў Літве, выказаў надзею, што праваахоўныя органы Беларусі належным чынам расследуюць інцыдэнт.

«Паводле закону, расследаваннем інцыдэнтаў такога роду займаюцца мясцовыя праваахоўныя органы ў адпаведнасці з законамі гэтай краіны. Мы далі ім такую магчымасць. Спадзяемся, што яны належным чынам расследуюць інцыдэнт, а таксама спадзяемся на належнае забеспячэнне аховы дыпламатычных прадстаўніцтваў, што і неабходна зрабіць на падставе Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах», — сказаў пасол.

Пры гэтым ён адзначыў, што пасольства Літвы не падтрымлівае з праваахоўнымі органамі Беларусі пастаяннай сувязі з нагоды інцыдэнту. «У нас практычна кантакт быў адзін раз, у самым пачатку пасля гэтай падзеі, і мы не маем афіцыйнай інфармацыяй пра ход следства. Не думаю, што мы павінны яе атрымліваць, яны не павінны перад намі рабіць справаздачу за кожны крок. Ведаю толькі, што расследаванне ідзе, былі і афіцыйныя заявы. Акрамя таго, ёсць заява Міністэрства замежных спраў (Беларусі. — БелаПАН.), у якой выказваецца шкадаванне і запэўненні ў тым, што вінаватыя будуць пакараныя. Думаю, так і павінна быць», — сказаў Лінкявічус.

Паводле яго слоў, «наўрад ці можна чакаць карысці» ад запісу з камер вонкавага назірання, бо ўсё адбывалася ў цёмны час сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?