1. Атрымаў пасаду пасля тэракта
Імя Вадзіма Зайцава шырокай грамадскасці стала вядома пасля тэракта 2008 года на стэле «Мінск — горад-герой». Намесніка старшыні памежнага камітэта Зайцава прызначылі старшынёй камітэта дзяржаўнай бяспекі замест Юрыя Жадобіна, які на кароткі тэрмін перайшоў працаваць у Раду бяспекі. Дарэчы, тыя змены ў кіраўніцтве краіны былі ацэненыя, як пасыл Еўропе. Лукашэнка тады звольніў «ястрабаў» Шэймана і Нявыгласа.

Прызначыўшы ўраджэнца Украіны Зайцава, Лукашэнка працягнуў савецкую традыцыю, калі ў органы дзяржбяспекі не ставіліся этнічныя беларусы. За часамі СССР ГПУ Беларусі ўзначальваў толькі адзін беларус — Піліп Мядзведзь (1924–1925).

2. Пашырыліся вярбоўкі
Менавіта за кіраўніцтвам у КДБ Вадзіма Зайцава пачалі шырока агучвацца грамадскімі актывістамі выпадкаў вярбоўкі. Прычым, вербавалі стваральнікаў незалежных інтэрнэт-рэсурсаў, гей-актывістаў, мадэратараў груп у сацыяльнай сетцы Укантакце.

Асабліва буйныя памеры вярбоўка набыла пасля прзідэнцкіх выбараў у СІЗА КДБ «Амерыканцы». Аказаўшыся ў нялюдскіх умовах, былі завербаваныя кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, кіраўнік штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец. Але яны агучылі факт вярбоўкі, публічна адмовіліся ад супрацоўніцтва. Астатнія вязні «амерыканкі» таксама прызнаваліся, што да іх прыходзілі з падобнымі прапановамі.

3. Меў размову з Андрэем Саннікавым
«31 снежня ў мяне была прымусовая гутарка з старшынёй КДБ Вадзімам Зайцавым, які пагражаў жыццём і здароўем жонкі і дзіцяці. Калі я адмовіўся, то Зайцаў сказаў, што супраць іх будуць больш жорсткія метады. Я быў уражаны. І зразумеў, што ад мяне залежыць жыццё жонкі і дзіцяці», — такія паказанні на судзе даваў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

Перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі Зайцаў паведамляў пра затрыманне кур’ераў апазіцыі, але нідзе далей падрабязнасцяў не было. Дык ці існавалі яны ўвогуле?

4. Падмяў Генпракуратуру, МУС
Ужо праз месяц пасля прызначэння Зайцава на пасаду старшыні былі істотна пашыраныя паўнамоцтвы Камітэта. Было дазволена праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, прымяняць рашэнні па меры ўтрымання і здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні па пастановах старшыні КДБ. Тагачасны генеральны пракурор Рыгор Васілевіч не пагадзіўся з такімі прапановамі.

У хуткім часе Генпракуратура пацярпела ад новаўвядзенняў. Паводле пастановы Вадзіма Зайцава была заведзеная крымінальная справа на следчую па асабліва важных справах Генпракуратуры Святлану Байкову.

Менавіта пры Зайцаву разгарнулася вядомая «паляўнічая справа», якая стала апагеем змагання КДБ і МУС. «Чэкісты» атрымалі перамогу. Працягваліся арышты ў Дзяржкантролі.

5. Як з мядзведзікамі
Сітуацыя з адстаўкай Вадзіма Зайцава нагадвае жнівеньскую гісторыю з кіраўніком памежнага камітэта Ігарам Рачкоўскім. Тады афіцыйныя крыніцы адмаўлялі факт шведскага плюшавага дэсанта над Беларуссю. Пакуль у справу не ўмяшаўся Лукашэнка.

Цяпер у КДБ гэтак сама адмаўлялі факт самагубства аднаго з супрацоўнікаў. Лукашэнка на пятнічнай нарадзе пацвердзіў, што падпалкоўнік Казак сапраўды зрабіў сабе смерць.

У выніку Рачкоўскага праз нейкі час прабачылі, прызначыўшы віцэ-прэзідэнтам НАК. Зайцаву можа таксама знайсціся месца ў спорце. Ён узначальвае фэдэрацыю біятлона. Сёлета Зайцавым быў падпісаны кантракт на трэнерства зборнай не абы з кім, а з самім Рафаэлем Пуарэ, адным з найлепшых біятланістаў у гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?