Літву ўпершыню наведае найпапулярнейшы беларускі рок-гурт «N.R.M.», У Вільню гурт прыедзе 16 сакавіка для ўдзелу ў традыцыйнай «Акцыі беларуска-літоўскай салідарнасці», якую ўжо ў пяты раз ладзіць Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (JuBIC) у Вільні.

Акцыя павінна прыцягнуць вялікую ўвагу з боку літоўскіх аматараў року, а таксама віленскіх беларусаў, найперш студэнтаў.

«Канцэрт прадэманструе Літве вольную, смелую, дзёрзкую Беларусь. Рок - самы дэмакратычны кірунак музыкі, непадуладны ніякаму ўціску, таму ня дзіва, што ў Беларусі ён цяпер перажывае ўздым. Спадзяемся ўвагі таксама і з боку тых, хто мала цікавіцца палітыкай і каму, магчыма, ужо крыху надакучылі тыя ж самыя фразы пра дыктатуру ў Беларусі, але хто хоча ўжывую дакрануцца да культуры суседняй краіны,» - кажа старшыня JuBIC Вадзім Вілейта.

Паў-забаронены ў Беларусі, «N.R.M.» паспяхова канцэртаваў у Нямеччыне, Украіне, Польшчы, а ў Вільні іх канцэрт «Revolution Rock» напярэдадні беларускіх прэзідэнцкіх выбараў будзе прымеркаваны да Акцыі салідарнасці, што ладзіцца штомесяц 16 дня. Акцыя накіраваная на тое, каб нагадаць сусветнай грамадскасці аб становішчы ў Беларусі.

Канцэрт адбудзецца 16 сакавіка а 20.00 у віленскім клубе INTRO (Maironio 3, каля касцёла Св.Ганны). Праект падтрымаў Фонд спрыяння абароны грамадзян.

Паводле інфармацыі JuBIC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0