У Ташкенце створана даччынае прадпрыемства ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынгу». ЗП ТАА «Амкадор-Ташкент» сфарміравана са 100% капіталам ААТ і будзе прадстаўляць інтарэсы холдынгу ва Узбекістане.
Аб гэтым паведаміла
прэс-служба прадпрыемства.
Сфера дзейнасці ЗП ТАА «Амкадор-Ташкент» — рэалізацыя дарожна-будаўнічай, камунальнай і іншай спецыяльнай тэхнікі прадпрыемстваў холдынгу «Амкадор», гарантыйны і паслягарантыйны рамонт, сэрвіснае абслугоўванне машын, а таксама гандаль запаснымі часткамі і камплектуючымі. Акрамя таго, ТАА будзе ўдзельнічаць у выставачнай дзейнасці, арганізацыі семінараў-прэзентацый на тэрыторыі Узбекістана. Першыя пастаўкі тэхнікі запланаваны на лістапад.
Як адзначыла прэс-служба, рашэнне аб стварэнні ЗП ТАА «Амкадор-Ташкент» прынята «ў сувязі з узрастаючым попытам на прадукцыю машынабудавання ва Узбекістане, які абумоўлены развіццём сельскагаспадарчай, прамысловай, здабывальнай галінаў эканомікі дзяржавы. Узбекістан — краіна з патэнцыяльна ёмістым рынкам. Да таго ж тут ведаюць і цэняць беларускую тэхніку».
Паводле інфармацыі спецыялістаў, машыны маркі «Амкадор» працуюць больш чым у 30 краінах. Планы продажу па кожным рынку фарміруюцца па мадэлях, што дазваляе ўтрымліваць занятыя пазіцыі і прасоўвацца далей. Сёння холдынг «Амкадор» прадстаўляюць 70 кампаній у Расійскай Федэрацыі, 30 — у краінах СНД, 7 — у далёкім замежжы.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ