Невядомыя зламыснікі скралі аэрастат, што быў прывязаны на даху выставачнага комплексу ў Мінску. Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 24 на 25 красавіка ў футбольным манежы, пераабсталяваным ў выставачную пляцоўку на час правядзення 14‑й міжнароднай спецыялізаванай выставы «tibo».

У «tibo’2007» удзельнічаюць больш за 120 экспанентаў з Беларусі, Германіі, Расіі, Швейцарыі, Швецыі і іншых краін, вядучыя сусветныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання і вядомыя кампаніі, прадстаўленыя на IT‑рынку краіны. У іх ліку — адзін з лідэраў беларускага інтэрнет‑рынку ТАА «Адкрыты кантакт». Менавіта гэта кампанія і запусціла ў неба над манежам шасцімятровы рэкламны аэрастат.

Паводле слоў дырэктара кампаніі Андрэя Іванова, паветраны шар быў прывязаны да самага даху выставачнага павільёна і лунаў на вышыні каля 30 метраў. «Пад лёгкім павевам ветру ён то кружыўся, то накіроўваў свой нос у неба, як бы імкнучыся вырвацца. Увесь першы дзень выставы ён забаўляў разявак сваімі піруэтамі, а ў ноч на сераду хтосьці зрэзаў яго. Так і паляцеў у цемру, — расказаў БелаПАН А.Іваноў. — Шкада. Калі ўжо ляцець, дык лепш днём. Хоць бы дзеці парадаваліся свабоднаму палёту. Старту, так бы мовіць».

Вечарам 24 красавіка прадстаўнікі «Адкрытага кантакту» хацелі занесці аэрастат да ранку ў павільён, але арганізатары выставы сказалі, што будынак рэжымны, добра ахоўваецца і шар не прападзе. Аднак раніцай аказалася, што тры тросы, якія ўтрымлівалі аэрастат на прывязі, акуратна перарэзаны, а сам ён знік. «Падобна, што паляцеў ён на Захад: вецер быў з усходу», — лічыць А.Іваноў.

Начальнік аховы выставы параіў пацярпелым звярнуцца ў міліцыю, адзначыўшы, што аэрастат быў размешчаны «па вуснай дамоўленасці» і акт аб прыняцці яго пад ахову адсутнічае. А прадстаўнікі адміністрацыі футбольнага манежа прапанавалі праглядзець запісы камер назірання па перыметры будынка, адразу папярэдзіўшы, што на даху манежа такіх камер няма.

«Мы наўрад ці будзем займацца пошукамі нашага «дырыжабля», бо пасля выставы ён нам ужо не будзе патрэбны, — рэзюмаваў А.Іваноў. — Добра было б, калі б хто‑небудзь пазваніў або напісаў нам аб тым, каму мог спатрэбіцца аэрастат і куды ён змог даляцець».

Як паведамілі БелаПАН у камандаванні ВПС і войскаў СПА Беларусі, ваенныя не маюць ніякай інфармацыі пра лёс паветранага шара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?