12.11.2012 / 18:30

«Да КДБ на Савецкую? Не паеду, бл…, там яны ўсё ачапілі сёння, бл..! Рванула там у іх нешта, бл..!» 3

Рэпартаж з Віцебска, дзе каля будынка КДБ прагрымеў выбух.

Карэспандэнт «Еўрарадыё» выправіўся ў Віцебск, дзе ў нядзелю каля будынка КДБ прагрымеў выбух.

«Да КДБ на Савецкую? Не паеду, бл…, там яны ўсё ачапілі сёння, бл.! Рванула там у іх нешта, бл.!« — гэта так таксіст на віцебскім вакзале адмаўляецца мяне везці да будынка мясцовай управы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, дзе ў мінулую нядзелю прагрымеў выбух самаробнай бомбы. Але ўжо праз хвіліну пагаджаецца.

Пакуль едзем, заўважаю на вуліцах неймаверную колькасць міліцыянтаў і даішнікаў. Нешта падобнае было пасля выбуху ў сталічным метро.
Стараюся адагнаць усе паралелі і асацыяцыі. Таксіст тым часам бесцырымонна спыняецца ў 200 метрах ад будынка КДБ і катэгарычна заяўляе, што далей не паедзе. Да месца выбуху іду пешшу.

Віцебскі КДБ месціцца ў прыгожым будынку, збудаваным у класічным стылі. Перад ім невялікі сквер, насупраць — музвучэльня. Збоку пачынаецца круты спуск уніз, да ракі. Там усё ачэплена чырвонымі стужкамі. Але мяне не пускаюць бліжэй за сто метраў — паўсюль міліцыянты. Ля пад’езду бліжэйшага да будынка КДБ жылога дома сустракаю жанчыну з сабакам. Пасля кароткага знаёмства аказваецца, што Таццяна (так зваць маю суразмоўцу) учора ўвечары акурат выгульвала свайго сабаку.

«Я тут ішла. Мяне якраз маладая пара дагнала — хлопец з дзяўчынай. Яны дагналі мяне і пайшлі туды, у цемнату. Раней там святло гарэла пастаянна. Але вось ужо два месяцы як не гарыць», — расказвае Таццяна.

Яна мяркуе, што злачынства магла ўчыніць менавіта гэтая пара. Бо больш нікога ў той вечар ля будынка КДБ яна не заўважыла. Не дзіўна: было халодна. Не самы лепшы час, каб сядзець у парку. Выбух прагрымеў адразу пасля таго, як жанчына зайшла ў сваю кватэру.

«Я зайшла дадому, зняла сабаку павадок, працерла лапы… І тут выбух страшны — шкло зазвінела ў вокнах. Я адразу на другі паверх кінулася да суседкі. У яе тое самае».

Пакуль размаўляем, падыходзіць яшчэ адзін відавочца — пенсіянер, сусед Таццяны. Ён таксама чуў выбух і спалохаўся. Але ніякіх падрабязнасцяў пакуль не ведае. Адно што наракае на міліцыянераў з ачаплення — замінаюць прайсці наўпрост у горад. Прыходзіцца абыходзіць кругамі. Абодва сведкі мяне пераконваюць, што ля будынка КДБ выбухнула зусім не звычайная петарда.

«Салют, ён як — хлопнула і трэск пайшоў. А тут зусім не тое. Я адразу нават падумала, што газ выбухнуў».

Пакуль размаўляем, да нас перыядычна падыходзяць міліцыянеры. Перамаўляюцца па рацыях з кімсьці і адыходзяць. Ля будынка КДБ таксама «дзвіжуха». За 15 хвілін заўважаю некалькі аўтамабіляў, якія пад’язджаюць да цэнтральнага ганку, мікрааўтобусы. Гэта пры тым, што нават асабістыя машыны супрацоўнікі спецслужбы сёння былі вымушаныя пакінуць падалей ад месца здарэння.

Таццяна тым часам не суцішаецца. У афіцыйную версію з затрыманнем ненармальнага, які некалькі разоў тэлефанаваў у КДБ з пагрозамі, яна не верыць. Гаворыць, што тут ля самага будынка пастаянна чорт ведае што рабілася. Адсюль і выбух.

«Ведаеце, што… Вось проста тут у іх на пляцоўцы, перад самымі камерамі, пастаянна салюты. Гэтага і трэба было чакаць».

Паразмаўляўшы з відавочцамі, іду ў музвучэльню. Ад студэнтаў інфармацыі мала: у нядзелю яны не вучыліся. Але пра выбух ведаюць усе. Разумею, што ў афіцыйную версію здарэння, апублікаваную сёння на сайце КДБ, ніхто не паверыць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
belariy / Адказаць
12.11.2012 / 19:07
ды нават каб афіцыйная версія і была правільнай, усё роўна ніхто не паверыць. ліміт даверу вычарпаны.
0
Грынявіцкі / Адказаць
12.11.2012 / 21:21
Істэрыя з боку КДБ вартая рэакцыі гестапа пасля нападу партызанаў..
0
віцебскія пацаны / Адказаць
12.11.2012 / 23:25
Дык чо, братва, значыць, віцебскія тэрарыста на воле? А дзе ў іх маліна?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру