12.11.2012 / 20:26

Валер Булгакаў выехаў з Беларусі 41

Былы галоўны рэдактар часопіса Arche паведаміў радыё «Свабода», што да такога ўчынку яго вымусіла следства, якое ўлада ўсчала супраць інтэлектуальнага выдання.

РС: Чаму прынялі рашэнне з’ехаць з Беларусі?

Валер Булгакаў: Маё рашэнне не з’яўляецца апошнім і канчатковым.
Выкліканае яно той акалічнасцю, што на пазамінулым тыдні беларускія тэлеканалы ажыццявілі прапагандысцкі залп па маёй сціплай асобе. Нагадаю, што 23 і 27 кастрычніка мінулага месяца па беларускім тэлебачанні ў праграме «Зона Ікс» двойчы паказваліся рэпартажы, якія тычыліся маёй асобы непасрэдна. У адным з іх сцьвярджалася, што я галоўны фігурант так званай «кніжнай справы». А ў наступным ужо рабіўся акцэнт, што гэтая «кніжная справа стала крымінальнай».
Вакол маёй сціплай асобы стварылася сітуацыя не вельмі здаровая псіхалагічна. Пры такіх абставінах мне было цяжка знаходзіцца ў краіне.
Гэта быў занадта вялікі псіхалагічны ціск для мяне. Я часова вырашыў ад’ехаць. Як далей будзе развівацца сітуацыя, залежыць ад таго, ці пойдуць нашыя праваахоўныя органы на абвастрэнне сітуацыі, ці не.

РС: Вы з рэпартажу БТ даведаліся пра тое, што вашая справа стала крымінальнай?

ВБ: Відаць, следства разглядае цяпер магчымасці, каб інкрымінаваць розныя склады злачынства. Беларускае тэлебачанне рабіла акцэнт на тым, што калі выяўленыя публікацыі маюць экстрэмісцкі змест, то мне пагражае крымінальны пераслед.

Такім чынам маем, з аднаго боку, склад злачынства, звязаны з пашырэннем экстрэмісцкіх публікацый. З другога боку, не сакрэт, што ёсць вялікая небяспека таго, што мне будуць інкрымінавацца дзеянні, звязаныя з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. І, нарэшце,

зараз адбываецца вельмі скрупулёзная, паглыбленая, дэталёвая праверка часопіса Arche. Адбылася выемка ўсіх да апошняга дакументаў фінансавай справаздачнасці за апошнія тры гады.
Не выключаю, што па гэтым сюжэце таксама будуць спрабаваць яшчэ нешта. Магчыма, паспрабуюць давесці, што я злоўжываў сваёй службовай пасадай.

РС: Як вашая сям’я, жонка і двое малых дзетак, перажываюць тое, што адбываецца?

ВБ: Пакуль не адбываецца нічога фатальнага. Ёсьць стан стрэсу і шоку. Але гэта не нешта надзвычайнае. Ніхто не памёр, ніхто не захварэў. Узніклі абставіны, якія на нейкі час прымушаюць мяне быць далёка ад свайго роднага дома.

РС: Пры якіх умовах вы можаце вярнуцца?

ВБ: Калі будуць разгортвацца падзеі ў кірунку ўзбуджэння крымінальнай справы, то асаблівай ахвоты вяртацца назад не будзе. Але сітуацыя дынамічная, яна ўвесь час мяняецца. Я не магу сказаць, што я ніколі не вярнуся.

РС: Ці кампанія падтрымкі Arche ўплывае на сытуацыю? Чым яшчэ можна дапамагчы?

ВБ: Грамадства, безумоўна, рэагуе. Але ў нашай сітуацыі няма ўніверсальнага спосабу нам дапамагчы. Найлепшы спосаб засведчыць увагу да нашага часопіса — наведваць наш сайт, купляць нашыя выданні, нягледзячы на тое, што адбываецца.

* * *

Валера Булгакава 18 кастрычніка гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — за продаж кніг і часопіса. Штраф склаў пяць базавых велічынь, або пяцьсот тысяч рублёў. Затрымалі Валера Булгакава ў Горадні 14 верасьня падчас прэзэнтацыі новай кнігі.

Пры канцы кастрычніка Беларускае тэлебачаньне ў праграме крымінальнай хронікі «Зона Ікс» прадэманстравала два сюжэты аб справе ARCHE. У прыватнасьці, гаварылася, што выдаўцы часопіса ARCHE абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, што рахункі выданьня арыштаваныя і што вынятыя 5 з паловай тысяч асобнікаў кніг, выдадзеных пад рэдакцыяй Валера Булгакава. Паводле аўтараў сюжэту, гэтая літаратура змяшчае «альтэрнатыўны погляд на гісторыю акупацыі Беларусі ў гады вайны».

«Сумнеўная літаратура з прэтэнзіяй на экстрэмізм» — так ахарактарызаваў выданьні часопіса Arche журналіст Аляксандр Вярбіцкі ў сюжэце праграмы «Зона Ікс».

У якасці прыкладаў прыводзіцца тое, што ў выданнях ёсць выявы «свастыкі, а таксама карыкатуры, якія, па словах адмыслоўцаў, далёкія ад рэальнасці».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
віКніК / Адказаць
12.11.2012 / 20:51
Яны вырашылі смяніць тактыку. Замест пасадак нязгодных выдаўліваць з краіны
0
котка / Адказаць
12.11.2012 / 20:58
для Беларусі выцясненне інтэлектуальнай эліты з'ява традыцыйная ад навіны стала сумна
0
Рэаліст / Адказаць
12.11.2012 / 21:18
Не трэба быць адмыслоўцам каб усведамляць неверагодную аддаленасць ад рэальнасці быдла -ТВ !
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру