Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі зацверджаны галоўным трэнерам мінскага хакейнага «Дынама», паведамляе афіцыйны сайт клуба.

«Аляксандр Андрыеўскі — шматгадовы лідар нацыянальнай зборнай Беларусі, адзін з найлепшых хакеістаў краіны за ўвесь перыяд выступлення нацыянальнай дружыны. Галоўным дасягненнем Андрыеўскага як галоўнага трэнера „Дынама“ на гэты момант стала перамога ў прэстыжным Кубку Шпенглера. На апошніх чэмпіянатах свету Андрыеўскі ўваходзіў у трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай. На працягу двух сезонаў працаваў асістэнтам Марака Сікоры ў клубе», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, у кастрычніку Андрыеўскі быў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера пасля звальнення з «Дынама» фіна Кары Хейкіля.

«На думку кіраўніцтва „Дынама“, гульня пасля сыходу Хейкіля стабілізавалася, а вынікі (пяць перамог, тры паражэнні) сведчаць пра станоўчую дынаміку. Апрача таго, нельга не адзначыць і факт паляпшэння маральна-псіхалагічнага стану ў камандзе», — тлумачацца на сайце «Дынама» матывы прынятага рашэння.

«Хачу вам назваць галоўнага трэнера — Аляксандра Андрыеўскага. Спадзяюся, што каманда не пакіне рашэнне без увагі і дапаможа выканаць пастаўленыя задачы. Жадаю поспехаў на гэтым шляху! Чакаюцца важныя гульні. Трэба замацавацца ў зоне плэй-оф, каб мець усе перадумовы для дасягнення станоўчага выніку», — зазначыў кіраўнік назіральнага савета «Дынама» Юрый Бародзіч падчас сённяшняй сустрэчы з гульцамі і трэнерскім штабам.

«За выключэннем паражэння ад лідара Усходняй канферэнцыі „Металурга“ апошнія сустрэчы „Дынама“ пакінулі дастойнае ўражанне як па гульні, гэтак і па самааддачы.

Гэта адносіцца і да прайгранага паядынку з „Югрой“, у якім „зубры“ мелі значную перавагу, а вынік яўна не адпавядаў таму, што адбывалася на лёдзе. Дый з „Трактарам“ ішла фактычна роўная барацьба. Варта адзначыць першую ў гісторыі выступлення клуба ў КХЛ перамогу ў Рызе ў асноўны час, вікторыю над „Авангардам“. Апрача спартыўных задач клуба перад новым галоўным трэнерам ставіцца задача падвесці гульцоў беларускай зборнай да алімпійскага кваліфікацыйнага турніру, які адбудзецца ў лютым», — пракаментаваў прызначэнне Андрыеўскага спартыўны дырэктар клуба Ігар Матушкін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?