Пісьменнік пазбягае даваць інтэрв’ю, але для «НН» зрабіў выключэнне. На пытанні, праўда, адказаў у «тэлеграфным» стылі, не адкрываючы надта заслону творчасці і прыватнага жыцця.

Андрэй Федарэнка — адзін з найлепшых сучасных пісьменнікаў.

Андрэй Федарэнка — адзін з найлепшых сучасных пісьменнікаў.

«НН»: Не так даўно Вы сталі беспрацоўным. Сыход з тыднёвіка «ЛіМ» — уласная ініцыятыва?

Андрэй Федарэнка: Гэта было скасаванне шлюбу па ўзаемнай згодзе. Я збіраўся сыходзіць сам, а тут і лёс прыйшоў мне на дапамогу ў выглядзе запісу ў працоўнай кніжцы: «Уволен в связи с сокращением численности работников».

«НН»: І што цяпер робіце?

АФ: Пішу новую аповесць.

«НН»: Нядаўна абвясцілі конкурс на 2-ю літаратурную прэмію імя Гедройца. Вы сёлета атрымалі адзін з прызоў першай прэміі, але праігнаравалі цырымонію ўзнагароджання. Чаму?

АФ: Такі прыемны працэс, як літаратурная прэмія, павінен выклікаць пазітыўныя пачуцці і аб’ядноўваць людзей. Калі ж ён выклікае адмоўныя эмоцыі нават у лаўрэатаў і раз’ядноўвае, значыць, нешта тут не так.

«НН»: Прэміі, рэйтынгі, узнагароды спрыяюць адкрыццю талентаў?

АФ: Безумоўна. Але арганізацыя такіх мерапрыемстваў павінная быць як жонка Цэзара — па-за падазрэннямі.

«НН»: Вы адпрацавалі шмат гадоў рэдактарам аддзелаў у літаратурных выданнях, праз якія праходзяць і творы маладых аўтараў. У кім з іх бачыце вялікі талент — каго можаце назваць пайменна?

АФ: У нас цяпер у прозы, кажучы медыцынскай тэрміналогіяй, «стабільна цяжкі» стан. А ў такой сітуацыі — панавання «сярэдняга ўзроўню» — дзяўчаты чамусьці заўсёды пішуць крышку мацней за хлопцаў. Магу назваць Кацю Іваніну, Кацю Фядотаву, Наталлю Ярмольчык. Вельмі сімпатычна пішуць зусім маладыя Андрэй Голуб і Зміцер Баяровіч.

«НН»: Фактычна адна за адной у Вас сёлета вышлі кнігі «Ланцуг», «Сечка». Аповесць «Вёска», калі не памыляюся, выдадзеная ў серыі «Школьная бібліятэка». Адбылося тое, пра што мараць пісьменнікі — чарга з выдаўцоў?

АФ: Роўна 15 гадоў (з 1994 па 2009) не магла выйсці ніводная мая «дарослая» кніга. Гэтыя кнігі проста дысцыплінавана «адстаялі» ў чарзе і дачакаліся свайго часу.

«НН»: І гэтыя пятнаццаць гадоў Вас успрымалі як аўтара кніжак для падлеткаў («Шчарбаты талер», «Афганская шкатулка»). А цяпер, наадварот, пішаце толькі для дарослых?

АФ: Так атрымліваецца.

«НН»: Па-за літаратурай Андрэй Федарэнка чымсьці цікавіцца?

АФ: З гадамі ўсё менш і менш.

* * *

Андрэй Федарэнка нарадзіўся ў 1964 годзе ў в. Бярозаўка на Мазыршчыне. Скончыў Мазырскі палітэхнікум і бібліятэчна-бібліяграфічны факультэт Мінскага інстытута культуры. Працаваў мулярам, бібліятэкарам, у рэдакцыях часопісаў «Полымя», «Маладосць», газеты «ЛіМ».

Аўтар кніг прозы «Гісторыя хваробы», «Смута», «Нічые», «Мяжа». Па кнізе «Шчарбаты талер» зняты чатырохсерыйны мастацкі фільм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?