13.11.2012 / 14:45

«Якое ёсць абгрунтаванне для мінскага ганарару Марату Башараву ў 17 тыс. еўра?» 13

Пакуль у сталіцы шумеў «Лістапад», я валялася, вывучаючы цвіль на столі, на рыпучым ложку ў 1-й клінічнай бальніцы, куды мяне прывезлі на хуткай.

Так што пра цудоўныя адкрыцці, новыя і старыя імёны «19 крепыша», як ахрысціў XIX Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» яго старшыня, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, я атрымлівала навіны выключна з афіцыйных СМІ. І навіны гэтыя акруглялі мае вочы да памераў талерак у бальнічнай сталовай, і сліна зайздрасці напаўняла мой галодны рот.

З вялікай цікавасцю паглядзела я сюжэт АНТ, у якім карэспандэнт Аляксандр Мацяс расказаў беларускім гледачам, што расійскі акцёр Марат Башараў, які быў адным з 15 (!) вядучых цырымоніі закрыцця «Лістапада»,
атрымаў за свой выхад на сцэну Малой залы Палаца Рэспублікі ганарар у памеры 17 тыс. еўра, гэта значыць 22 тыс. даляраў, то бок каля 187,000,000 беларускіх рублёў.

Колькі гадоў трэба працаваць на карысць сваёй краіны простаму беларусу, каб атрымаць 187,000,000? Недарэчнае пытанне. Недарэчнае, як сярэдняя тэмпература па бальніцы. Усё ж у нас зарабляюць па-рознаму. Напрыклад, маёй сястры - завучу агульнаадукацыйнай школы ў Гродне, педагогу з 20-гадовым стажам працы і заробкам у 3,6 млн рублёў - трэба навучаць маладое пакаленне беларускіх грамадзян каля пяці гадоў.

Мой артыкул ў беларускіх СМІ каштуе ў сярэднім 100 тыс. рублёў. А значыць, мне трэба напісаць 1870 калонак і нататак, каб зарабіць столькі ж грошай, колькі атрымаў Марат Башараў з дзяржаўнага бюджэту (г.зн. з нашых з вамі падаткаў) за тое, што на пяць хвілін выйшаў на сцэну Малой залы Палаца Рэспублікі і пяць разоў пакланіўся, зрываючы «ўра» і «брава».

Ах, так, абаяльны і сціплы Марат яшчэ прамовіў: «Дзякуй усім вам! Мы вельмі часта прыязджаем да вас, здымаем тут кіно. Ведалі б вы, сябры, як у вас добра...» І сапраўды, мне, мінчанцы, нават уявіць складана, як можа быць добра ў нашай краіне за 187,000,000 беларускіх рублёў.

Дарэчы, Башараў быў не адзіным «раялем ў кустах» на фестывалі. Не менш дарагі Дзмітрый Харацьян нават праспяваў са сцэны Палаца Рэспублікі. Ды і п'яны Гоша Куцэнка, чый здымачны дзень ацэньваецца ў 15 тыс. небеларускіх рублёў, таксама разбіў непатрабавальную айчынную публіку сваім вакалам.

І пакуль я ў жудаснай антысанітарыі прымала душ у санпакоі, дзе «дэзінфікуюць асноўнае медыцынскае абсталяванне першых клінічных» - мыюць анучы і судны хірургічных хворых, не давала мне спакою простая думка: якое ёсць эканамічнае абгрунтаванне для падобных ганарараў Куцэнку, Харацьяну і Башараву ў краіне, дзе гадавы бюджэт на кінематограф роўны бюджэту свінафермы або бюджэту кароткаметражнага анімацыйнага галівудскага кіно?

У Беларусі я двойчы перамагала ў конкурсах «Беларусьфільма» і дэпартамента па кінематаграфіі.

У снежні 2005 года са сцэнаром «Мой уласны помнік» заняла 2-е месца ў конкурсе на стварэнне кароткаметражнага мастацкага фільма ў жанры камедыі. Першае месца тады не прысуджалася. У снежні 2008 года са сцэнаром «Скульптар» заняла 2-е месца ў конкурсе на стварэнне мастацкага фільма ў жанры меладрамы.

Першае месца зноў не прысуджалася. Менш чым за тысячу долараў прызавых я аддавала «Беларусьфільму» на тры гады права на свае сцэнары, але ні адзін сцэнар не быў экранізаваны.

І калі за тлумачэннямі я звярталася ў Мінкульт і дэпартамент, які ўзнагароджваў мае сцэнары, то атрымлівала адказ: маўляў, напісаць добры сцэнар мала, маўляў, кіно павінна быць прадзюсерскім, маўляў, я павінна знайсці добрых рэжысёра і прадзюсара, які прыйдзе і інвестуе мільёны даляраў у мой сцэнар, і тады ўжо «Беларусьфільм» з радасцю ўключыцца ў вытворчасць.

А пакуль грошай няма, «кіна не будзе, кіншчык захварэў».
І думалася мне тады, што калі я знайду прадзюсара з мільёнамі даляраў у кішэні, то апошняе месца, куды я захачу гэтыя даляры несці, будуць «Беларусьфільм» і наш айчынны дэпартамент па кінематаграфіі. Так-так, і выдавацца са сваімі кнігамі я таксама буду і далей у Расіі.

А сёння мне цікава, колькі ж інвеставалі прадзюсары Марата Башарова ў «19 крепыша»? Думаю, каля мінус 17 тысяч еўра. Пры гэтым у райдэры папулярнага акцёра значылася, што ён не дасць ні аднаго інтэрв'ю беларускім журналістам.

А значыць, яны не заробяць свае крэўныя 10-20 еўра. Яшчэ райдэры расійскіх зорак мільгаюць вустрыцамі ў белым віне і адмысловымі патрабаваннямі да гасцінічных люксаў. А ў гэты час нашыя акцёры, якія граюць на сцэнах дзяржтэатра, атрымліваюць зарплату ў памеры ад 2,5 млн да 3.500.000 беларускіх рублёў, у залежнасці ад занятасці ў рэпертуары. Што ж гэта, калі не генацыд, не дыверсія супраць уласнага народа?

Хаця чаго здзіўляцца? Бо беларусы сілкуюцца «бульбай» і патрыятычнымі лозунгамі, а не вустрыцамі і далярамі, што набілі аскому.
Да таго ж у нас жа няма сваіх зорак: сваіх акцёраў, рэжысёраў, сцэнарыстаў, пісьменнікаў, мастакоў... Яшчэ ў нас няма дзіцячых дамоў, анкацэнтраў, бальніц з цвіллю на сценах.

А ёсць толькі непераадольнае жаданне паклікаць у госці сапраўдных зорак з сумежнай дзяржавы і падзяліцца з імі грашыма падаткаплацельшчыкаў, якія камусьці дзяржаўную кішэню паляць. Ну што ж, у багатых свае дзівацтвы. Прыгожа жыць не забароніш! Будзем чакаць юбілейнага ХХ кінафэсту і спадзяемся, што яму ўдасца прагучаць «яшчэ ярчэй, яшчэ сакавіцей».

0
Мазынскі Валеры / Адказаць
13.11.2012 / 15:06
Усё слушна!!! У каторы раз...слушна, каторы год слушна...Але ж нам так утульна ў тым, чым мы ёсьць! Не шавялі нас аўтар...ня трэба. Дарэчы, хто ты - аўтар?
0
Алень / Адказаць
13.11.2012 / 15:09
Ганьба ды стыдобішча... Калі б існавала беларуская пракуратура, можа і зацікавілася б нямэтавым расходаваньнем грошай. А так - толькі комэнты ў Сеціве і назапашваньне злобы да лукаморскага рэжыму.
0
Сяргей / Адказаць
13.11.2012 / 15:21
Мабыць зусім цяжка, калі нават Дзіяна пра генацыд ды дыверсіі піша.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру