З 1 лістапада ў Мінгарвыканкаме пачала працаваць новая служба для інвестараў, створаная па прынцыпе «аднаго акна». Пра гэта 14 лістапада на брыфінгу ў Мінску паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Дзяніс Яроменка.

Падчас працы службы патэнцыяльны інвестар можа атрымаць хуткую кансультацыю па свабодных зямельных участках і іншых арганізацыйных пытаннях, пакарыстаўшыся інфакіёскам або дапамогай кансультацыйнага савета.

«У структуру кансультатыўнага савета ўваходзяць пяць асноўных падраздзяленняў Мінгарвыканкама — камітэт эканомікі, землеўпарадкавальная служба, фонд „Мінскгармаёмасць“, камітэт будаўніцтва і інвестыцый, камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Апрача таго, там працуюць дзевяць адміністрацый, дзве праектныя арганізацыі камунальнага падпарадкавання. Дадаткова мы ўстанавілі сувязь з камітэтам па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя і гарадскім упраўленнем па НС», — паведаміў начальнік упраўлення інвестыцый камітэта эканомікі гарвыканкама Мікалай Ахраменка.

Кансультацыі ў савеце можна атрымаць у рэжыме рэальнага часу па відэасувязі — служба працуе тры разы на тыдзень: у аўторак, сераду і чацвер з 9 да 19 гадзін. Паводле слоў Яроменкі, інфакіёск таксама мае англійскую версію зместу, а шэраг супрацоўнікаў выканкама валодаюць замежнымі мовамі.

Ахраменка зазначыў, што на працягу трох дзён заключэнне па пададзеных дакументах будзе вынесенае, пасля чаго дакументы разгледзіць спецыяльная камісія, вынікі якой будуць зацверджаныя рашэннем Мінгарвыканкама. Усяго на працэдуру прадугледжваецца 25–30 дзён.

Беларускім праектам ужо зацікавіліся ў Маскве, падкрэсліў Яроменка. Прэзентацыю службы плануецца правесці падчас Беларускага інвестыцыйнага форуму, які пройдзе ў Мінску 15–16 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?