Вядомы беларускі прадпрымальнік, кіраўнік інвэсткампаніі «Lebortovo Capital Partners» Сяргей Левін лічыць, што ізаляцыя беларускага прыватнага бізнэсу ад доступа да валюты падчас леташняга валютна-фінансавага крызісу прывяла да поўнай страты даверу прыватнага сэктару эканомікі да ўраду.

«Думаю, што страты былі большыя, чым проста страты паасобных кампаній — вера прыватнага бізнэсу ва ўрад была канчаткова падарваная», —

заявіў Левін падчас дыскусіі ў рамках II Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у сераду ў Менску.

З пункту гледжаньня Левіна, для ацэнкі бізнэс-клімату ў Беларусі найбольш паказальны той факт, што ў леташні крызіс «прыватны бізнэс быў кінуты на волю лёсу, доступ да валюты мелі толькі дзяржаўныя кампаніі».

«Гэта праўда, за якую пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць», — падкрэсьліў бізнэсмэн.

На яго думку, нестабільныя макраэканамічныя ўмовы ў Беларусі — ключавы фактар, які перашкаджае разьвіцьцю дзелавой ініцыятывы ў краіне.

«Складаныя макраэканамічныя ўмовы сьведчаць, што, у прынцыпе, няма ўмоваў, каб людзі пачыналі сваю справу.
Макраэканамічная палітыка — гэта галоўны фактар, які ўплывае на прадпрымальніцкае асяродзьдзе», — мяркуе Левін.

Другім па значнасьці фактарам, які стрымлівае дзелавую ініцыятыву, ён лічыць высокі ўзровень манапалізацыі эканомікі. «Праблема ў тым, што манаполіі як пыласос „высмоктваюць“ любую прадпрымальніцкую ініцыятыву. Яны зьнішчаюць крэатыўнае асяродзьдзе канкурэнцыі», — сказаў Левін.

Акрамя таго, ён падкрэсьліў зусім нязначныя, на яго думку, маштабы прыватызацыі ў краіне.

«Калі прыватызацыя будзе ісьці тымі тэмпамі, якімі ідзе зараз, гэта акажа моцны ціск на прадпрымальніцкае асяродзьдзе», —
мяркуе бізнэсмэн.

Акрамя таго, ён зьвярнуў увагу на нізкі ўзровень эфэктыўнасьці сыстэм аховы здароўя і адукацыі ў Беларусі.

«Законы, накіраваныя на разьвіцьцё прадпрымальніцтва, — гэта вельмі добра, але тыя сыстэмныя фактары трэба вырашаць.

Я пакуль не назіраю такіх дыскусіяў ва ўрадзе, якія б сьведчылі пра рашэньне гэтых праблем», —
заявіў С.Левін.

Пры гэтым ён рытарычна спытаў: «Ці магчыма іх вырашыць? Бо разьвязаньне гэтых праблем мае сур’ёзны інтэлектуальны складнік, а зь цягам часу разьвязваць гэтыя праблемы становіцца ўсё больш складана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?