Вінцук Вячорка апублікаваў у «Народнай волі» артыкул з аналізам палітычнай сытуацыі і прапанаваў плян дзеяньняў.

Пiшу гэтыя радкi напярэдаднi «Чарнобыльскага Шляху». Пасля традыцыйна вулiчнай вясны дэмакратычна настроеныя людзi зададуць пытанне сабе i лiдэрам, а што далей? Сапраўды, падчас Дня незалежнасцi сёлета мы паказалi краiне i свету, што тысячы грамадзян насуперак запалохванню гатовыя выходзiць на вулiцы ў абарону Свабоды i Незалежнасцi. Мы пабачылi, што ўлада рэагуе на вулiчныя акцыi неадэкватна i нязграбна, дэманструе перабольшаны страх напярэдаднi iх, садзячы ў кутузку сотнi актывiстаў. Упершыню за многiя гады ўлада павяла сябе iнакш у сам дзень 25 Сакавiка: пад лозунгам «За незалежную Беларусь» зладзiлi папсовыя канцэрты. I, такiм чынам, вымушана, пад нашым цiскам, прызналi 25 Сакавiка як Свята незалежнасцi. Нешта ў краiне мяняецца.

Але патэнцыял вулiчных акцый як спосабу змены становiшча ў краiне не праявiцца, дакуль у iх бяруць удзел толькi заведама актыўныя, свядомыя людзi. Трэба прынамсi цiхая сiмпатыя i разуменне iншых, непалiтызаваных людзей. Масавыя акцыi маюць сэнс, калi ёсць ясная агульная стратэгiя i яны складаюць частку большай працы.

Чаго дамагацца i што рабiць

Наша стратэгiчная мэта не мяняецца. Гэта свабодная i незалежная краiна Беларусь, дзе ўсе грамадзяне могуць працаю дасягаць еўрапейскага ўзроўню дабрабыту.

Пераходзiць ад дыктатуры да дэмакратычнага ладу давядзецца ў некалькi крокаў.

Першы крок i найпершая задача — укласцi яснае пасланне грамадству i паасобным групам насельнiцтва. Яго сутнасць: альтэрнатыва залежнасцi ад Расii i эканамiчнай дэградацыi ёсць. Гэта — незалежная Беларусь, якую падтрымлiвае Еўропа. Шлях да яе ляжыць праз дэмакратызацыю краiны.

Заключны крок — перамовы ў фармаце «аб’яднаныя дэмакратычныя сiлы — улада» пры пасрэднiцтве Еўрапейскага Саюза (i/цi еўраатлантычнай супольнасцi) ды правядзенне ў вынiку перамоў свабодных выбараў.

Вось жа памiж гэтымi крокамi — велiзарны кавалак работы, якую рабiць усiм нам, а не толькi лiдэрам партый, не толькi партыйным актывiстам.

Грамадства

У грамадстве — замяшанне, трывога. Беларусь апынулася ў цяжкай геапалiтычнай сiтуацыi. Людзi iнтуiтыўна адчуваюць, што iм гавораць не ўсю праўду; шукаюць адказаў на новыя пытаннi. Прапаганда кажа, што эканомiка трымае ўдар. Але ўжо цяпер чвэрць зарэгiстраваных у краiне прадпрыемстваў прыносiць чыстыя страты. На прадпрыемствах яшчэ летась пачалi скасоўваць сацыяльныя праграмы. А беспрэцэдэнтная задума ўлад скасаваць iльготы студэнтам i бацькам школьнiкаў, iнвалiдам i чарнобыльцам выявiла, да якой ступенi паглыбiўся крызiс.

А крызiс немiнуючы, i гэта вельмi трывожна. На эканамiчныя руiны прыйдзе — бескантрольна i без канкурэнцыi — далёкi ад цывiлiзаванасцi расiйскi алiгархiчна‑спецслужбаўскi капiтал.

У нашым грамадстве ёсць 20—25% людзей, якiя актыўна падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасцi, што пацвярджаюць сацыёлагi i рэальныя вынiкi прэзiдэнцкiх выбараў. Сюды ўваходзяць палiтычна актыўныя людзi з розных катэгорый, вялiкая частка iнтэлiгенцыi, моладзь. Наша задача — мабiлiзаваць гэтую групу для перадачы пратэстнага iмпульсу шырэйшаму грамадству.

Але для дасягнення заяўленай мэты недастаткова абапiрацца толькi на пратэстны электарат. Абмяжоўвацца толькi iм азначае спакойнае iснаванне ў адведзенай уладамi «дысiдэнцкай» нiшы i адмову ад шанцаў перамагчы. Сацыяльная база пераўтварэнняў — гэта, акрамя каштоўнасна матываванага пласта, перадусiм сацыяльна‑эканамiчныя групы, якiя не могуць рэалiзаваць свой патэнцыял у цяперашнiх умовах. Мы спрадвеку належалi да еўрапейскай хрысцiянскай цывiлiзацыi, i еўрапейскiя каштоўнасцi свабоды i годнасцi абавязкова зноў лягуць у падмурак нашага дзяржаўнага ўладкавання. Веру, што нармальныя людзi стамiлiся ад усепранiкальнага страху i навакольнага хамства.

Але з людзьмi трэба гаварыць. У тым лiку, дарэчы, з мiлiцыянтамi i нават амапаўцамi (сам маю досвед). Гаварыць падрыхтавана, маючы ў руках друкаваную прадукцыю, а ў галаве — мэту. Вельмi важна знайсцi i далучыць да сiстэмнай працы лiдэраў з розных асяроддзяў. Яны ўзнiмаюць прыватныя праблемы, арганiзуюць людзей i падводзяць iх да ўсведамлення праблемы галоўнай. Беларускае грамадства можа ўспрыняць каштоўнасць свабоды i еўрапейскую геапалiтычную арыентацыю. Яе трэба своечасова прапанаваць.

Наменклатура

У наменклатуры ва ўмовах росту эканомiкi i даходаў чыноўнiкаў (2003—2006 гг.) склалася скансалiдаваная пазiцыя: «Беларускае грамадства не гатовае да дэмакратыi. Неабходна падтрымлiваць моцную дзяржаўную ўладу. Не трэба свабодных выбараў, галоснай прыватызацыi. Трэба гуляць на супярэчнасцях памiж Захадам i Расiяй i не пускаць у эканомiку Беларусi анi заходнiх капiталiстаў, анi расiйскiх алiгархаў. Апазiцыя не гатовая ўзяць на сябе адказнасць за дзяржаву. Таму апраўданыя жорсткiя меры супраць апазiцыi».

З 1 студзеня сёлета сiтуацыя пачала мяняцца. Газавая, нафтавая, мытная, гандлёвая войны Лукашэнкi з Крамлём прымаюць зацяжны характар i на працягу чатырох год павiнны прывесцi да сусветных цэн, што пазбавiць бюджэт краiны ў 2010 г. 5—6 млрд долараў (у параўнаннi з 2006 г.). Тым не менш аднамомантавага эканамiчнага абвалу не будзе; цяперашнi адносны дабрабыт будзе абнiжацца па магчымасцi паступова.

Сiтуацыя штурхае рэжым да лiхаманкавых пошукаў датацый. Калi ён не знойдзе ў блiжэйшы час новых фiнансавых крынiц, то адзiнства наменклатуры будзе парушанае барацьбой кланаў i груп за рэзка абмежаваныя рэсурсы.

Момант

Вось гэта i ёсць момант, калi наша пазiцыя павiнна прагучаць i быць данесеная да грамадства. Дэмакратычныя сiлы мусяць правесцi iнфармацыйна‑мабiлiзацыйную кампанiю не толькi для актыўных i свядомых людзей. Абавязкова трэба звяртацца да працаўнiкоў буйных прадпрыемстваў, да прадпрымальнiкаў, да настаўнiкаў i дактароў, да беларускай моладзi, да насельнiкаў памежных з краiнамi Еўрасаюза раёнаў. I гаварыць з iмi моваю iхнiх штодзённых праблем i спадзяванняў, каб усвядомiлi, што паратунак — у дэмакратычных рэформах i адкрытасцi на свет, каб пачалi — няхай напачатку цiха — дамагацца сваiх законных правоў на дабрабыт i будучыню. А прагматычныя групы наменклатуры атрымаюць сiгнал, што дэмакратычныя сiлы гатовыя весцi перамовы наконт рэформ з улiкам iх iнтарэсаў (i пры ўмове зберажэння незалежнасцi).

У другой палове 2008 года маюць адбыцца г.зв. выбары ў Палату прадстаўнiкоў. Падчас выбарчых кампанiй палiтызацыя грамадства заканамерна ўзрастае. Такiм чынам, маем час да канца наступнага года.

Каалiцыя

Ля будучага «круглага стала» апынуцца толькi тыя, хто будзе мець рэальную сiлу. Патэнцыял БНФ — гэта нашая паслядоўнасць у пытаннях незалежнасцi. У якасцi перамоўнiкаў нас могуць прызнаць i еўрапейцы, i тая частка чынавенства, якая спалохалася перспектывы бескантрольнага прыходу ў Беларусь расiйскага алiгархiчна‑кадэбiсцкага капiталiзму. Але нельга разлiчваць, што мы адны будзем правамоцным бокам у такiх трохбаковых перамовах (два iншыя бакi — цяперашняя ўлада i Аб’яднаная Еўропа). Каб быць пачутымi i прызнанымi, патрэбны «мегафон» у выглядзе аб’яднаных дэмакратычных сiл. Iнакш лёс Беларусi могуць вырашыць без нас.

Людзям не цiкавыя нашы каалiцыйныя раскладкi. Добра, калi Кангрэс дэмакратычных сiл будзе не пляцоўкай для высвятлення персанальных адносiн, а трыбунай, з якой будуць агучаны канцэпцыi абароны энергетычнай, эканамiчнай, палiтычнай незалежнасцi краiны. Дарэчы, памыляюцца тыя, хто спадзяецца выйграць нейкiя пункты ў вачах Масквы, процiпастаўляючы сябе Лукашэнку як прарасiйскiя палiтыкi альбо просячы ў Масквы прабачэння за «няўдзячнасць Лукашэнкi». Сёння незалежнасць краiны ёсць аб’яднаўчая каштоўнасць для вельмi многiх, i здабудзе сiмпатыi грамадства толькi больш паслядоўны незалежнiк, чым кан’юнктурны Лукашэнка.

Еўрапейскiя прапановы

Колькасць людзей, якiя выказваюцца прыхiльна пра сяброўства Беларусi ў Еўрапейскiм Саюзе, пачынае перавышаць колькасць прыхiльнiкаў саюза з Расiяй. Нядаўнiя прапановы Еўрапейскага Саюза, адрасаваныя Беларусi, паказваюць людзям: калi мы правядзем дэмакратычныя змены i будзем стаяць за сваё, нам дапамогуць. Еўропа прапануе канкрэтныя выгады для краiны i народа: для рабочага i бiзнесмена, для дзяржаўнага чыноўнiка i студэнта. Але толькi ў вынiку свабодных выбараў i дэмакратычных рэформ, вызваленне палiтычных вязняў, свабодныя справядлiвыя выбары, свабода думкi i iнфармацыi, свабода грамадскай дзейнасцi i г.д. — гэтыя пункты патрабаванняў трэба данесцi ў кожны дом. Гэтаксама як пералiк выгод i прэферэнцый: доступ беларускiх тавараў на рынкi Еўропы, фiнансаванне мадэрнiзацыi прадпрыемстваў, фiнансаванне мадэрнiзацыi энергетычнай i транспартнай сiстэмы, iх далучэнне да агульнаеўрапейскiх et cetera.

* * *

Нашая мэта — мець з’яднаную вакол нас актыўную частку, але i яшчэ — хай маўклiвую — падтрымку неактыўнай большасцi. Няўхiльны энергетычны крызiс (i нават само яго чаканне) прымусiць многiх задумацца пра змены. На жаль, асаблiвасць беларускай гiстарычнай памяцi ў тым, што змены апошнiх стагоддзяў не вялi да лепшага. Таму Лукашэнка спекулюе словам «стабiльнасць». Але сёння кожны беларускi дырэктар ведае праўду: стабiльнасцi i «светлага заўтра» няма. Гэтая ўлада крызiсу не зможа прадухiлiць, таму яна павiнна пайсцi на перамовы, каб сысцi годна i зберагчы краiну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?