451 градус

Рэй Брэдберы, які казаў, што галоўнае для яго — не пераставаць здзіўляцца, вагаўся паміж гіпертрафаванай гуманістычнай сентыментальнасцю і мізантропіяй у чыстым выглядзе — так моцна яго здзіўляў штодня бліжні. Адпаведна, у ягоных творах нярэдка два гэтыя светапогляды перацякаюць адзін у адзін.

У яго класічным рамане-антыутопіі «451 градус па Фарэнгейце», у якім пажарныя займаюцца спальваннем кніг, а дзяржава дэперсаналізуе ўласных грамадзян, пажарны Мантэг вагаецца між двума процілеглымі светапоглядамі.
Настаўнік Фабер пераконвае нашага героя ў вялікай каштоўнасці нематэрыяльнага свету. Начальнік Мантэга, брандмайстар Біці, у пэўны момант пачынае даказваць, што ў вялікіх ведах вялікі смутак і працэс знішчэння кніг — ёсць актам літасці ў дачыненні да экзальтаванага гома сапіенса. Тым не меней, перадатчык у вуху ў Мантэга, што даў яму настаўнік, дазваляе Фаберу чуць працэс прамывання мозгу свайго сябра і падказваць антытэзы:

«…пастарайцеся разабрацца і вырашыць, з кім вы. Але я хачу, каб вы вырашылі гэта самі… Аднаго толькі не забывайце — брандмайстар належыць да ліку самых небяспечных ворагаў праўды і волі, да тупога і абыякавага статку нашай большасці.

О, гэтая жахлівая тыранія большасці.
Мы з Біці пяём розныя песні. Ад вас самога залежыць, каго вы станеце слухаць…», — кажа Фабер.
Ніякіх асаблівых высноваў герой самастойна не зрабіў, і старога настаўніка ён выслухаць не паспеў.
Праўда нараджаецца ў спрэчцы толькі для ўдзельнікаў ці сведкаў спрэчкі. Для тых жа, хто нерэгулярна сутыкаецца з антаганістычнымі пастулатамі, праўда замяняецца на патрэбу інтуітыўна прыняць у спрэчцы нейкі бок.

У нас нядаўна было чарговае свята са слязьмі на вачах.

Васямнаццаты год з намі і над намі ў выглядзе марксаўскай надбудовы чалавек, для якога па метафарычным сюжэце спальванне кніг — спосаб захавання стабільнасці. І вясямнаццаты ж год голас старога выкладчыка ў вуху не кажа нам нічога цікавага і амаль нічога бясспрэчнага.
«Фарбер у вуху» — не нейкі канкрэтны чалавек. Гэта рэха ідэй, якія тыражуюцца і аднаўляюцца, мінаючы галаўны мозг людзей, якія іх тыражуюць і аднаўляюць.
Гэта калектыўныя догмы, якія, будучы догмамі, нібыта тлумачаць чалавеку яго рэчаіснасць, а на самой справе не тлумачаць нічога, канчаткова заблытваючы і замінаючы бачыць перспектыву.
Наша антыўтопія мае свае асаблівасці. Наш брандмайстар такі ж спрэчны, як і ў класіка, але Фабер — куды больш неадназначны.
Да таго, як нашу з умоўным Фаберам радыёсувязь перарвалі, ён паспеў сказаць болей, чым літаратурны. Што Лукашэнка кепскі, бо ён дыктатар. Што тыранія большасці — гэта невыносна, а меншасць мае рацыю па праве меншасці. Што яна заўсёды рухавік прагрэсу і інтэлектуальная соль. Што Лукашэнка адрадзіў і выгадаваў клас людзей, якія не хочуць працаваць, а хочуць атрымліваць зарплату. Што Лукашэнка — пазіцыя, а ўсе астатнія — апазіцыя…
Прымаючы гэта на веру, чалавек пачынае жыць у свеце настолькі дыскамфортным, што імкненне змяняць яго на першы погляд выглядала б натуральным. Але адказы, якія нараджаюцца пад уплывам такога светапогляду, прымушаюць чалавека лічыць сваё становішча безнадзейным.
Гэты іманентны эмпірызм вядзе ў нікуды.

Паспрабуем разабрацца ва ўсім падрябязней.

Міф першы. Тыранія большасці

Успрымаючы час як стан, чалавек не бачыць мажлівасці руху для сябе. Тут, як казаў Бродскі — «канец перспектывы».

Усведамляючы неабходнасць змяніць свет для дасягнення камфорту, наш Мантэг адмаўляе для сябе такую магчымасць. Змагацца поруч з большасцю нельга, бо большасць, якая выбрала сабе такога прэзідэнта, — оруэлаўскія пролы, якія толькі п’юць піва і гуляюць у латарэі. Мантэг выбірае сабе ролю выключнага-пакрыўджанага і ўпарта супрацьпастаўляе сябе брандмайстрам, якія, у сваю чаргу, таксама не маюць асаблівых аргументаў, акрамя дэкларацыі сваёй большасці.

Мантэг паступова пачынае любіць сябе толькі за сваю прыгнечанасць.
Пасля паняцце большасці будзе трансфармавана ім у паняцце пасіўнай большасці, а меншасці — у паняцце актыўнай меншасці. На гэтым працэс спыніцца і пачнецца стан. Бо крыўда, у адрозненне ад злосці, — ёсць станам пасіўным. У ім чалавек перастае ствараць і замыкае сваю дзейнасць на сабе. Ён займаецца генераваннем унутраных маналогаў тыпу: «Я лепшы за іх, бо…».

Адпаведна, грамадства існуе ва ўмовах, дзе меншасць ганарыцца тым, што яна меншасць, і грэбуе большасцю, бо адмаўляе сабе ў магчымасці перацякаць у большасць і злівацца з ёю, вычляняючы з сябе новую меншасць. Не будзем сумнявацца, што Лукашэнку на пэўным адрэзку часу выбірала большасць. Магчыма, большасць за яго прагаласуе і на наступных выбарах. Але, у сваю чаргу, Лукашэнка мусіць прыняць наступны факт: калі галасуе большасць, — у перспектыве і расчароўваецца большасць. Так было з усімі. З усімі да аднаго.

Ці ведаеце вы людзей, якія за апошні час сталі прыхільнікамі палітыкі Лукашэнкі? Між тым, перад маімі вачыма безліч прыкладаў расчаравання.

Вядома, што Майсей вадзіў яўрэяў па пустэльні сорак год з мэтай дачакацца радаснага моманту смерці апошняга постегіпецкага раба. Наша сітуацыя ад іхнай адрозніваецца толькі адсутнасцю неабходнасці хадзіць. Калі успрымаць час як працэс, становіцца відавочна, што

карысная функцыя Лукашэнкі ў тым, што ён даў людзям магчымасць у самай яўнай форме рэалізаваць чаканні ад унутранай палітыкі. Просты прыклад: дзеці пад наглядам бацькоў таксама павінны мець мажлівасць дакрануцца пальцам да гарачага праса. Затое так яны не будуць сумнявацца ў атрыманні пашкоджанняў пра кантакце з гарачым металам.

Такім чынам, здзіўляючыся вынікам выбараў 1994-га, Мантэг павінен быў бы зразумець, што колькасць людзей, не падрыхтаваных да рынкавых адносінаў і да скасавання інтэрнацыянальнай дзяржавы, была крытычнай. Людзям 70 год абяцалі «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбах». Таму ім быў неабходны паступовы курс пераходу да новых рэаліяў, няхай сабе і расцягнуты на дзесяцігоддзі.

Мы, будучы меншасцю цяпер, няўхільна перацякаем у большасць. Гэта — заслуга Лукашэнкі. Дзякуй яму. Лукашэнка мон амур.
Міф другі. Пакайся!

Фарбер прашаптаў на вуха, што апазіцыя павінна каяцца за тое, што яна дапусціла Лукашэнку да выбараў у 1994-м і не замяніла яго на сябе да нашага часу.

Давайце паглядзім, чаму і што адбылося на самой справе. У любой дэмакратычнай дзяржаве ўлада рана ці позна прайграе апазіцыі. Знакамітая скрыня цвікоў і шчырыя абяцанні адабраць, пасадзіць, а рэшту — падзяліць — усё гэта адпавядала чаканням электарату Лукашэнкі.

Мантэг павінен для сябе вырашыць, чаго ён чакае ад палітыкаў.
Ён хоча ставіць у віну Шушкевічу тое, што ён не быў Лукашэнкам, ці тое, што Лукашэнка на дадзены момант — не Шушкевіч, якога прынята згадваць з паблажлівай усмешкай, паўтараючы Фарберавы мантры тыпу: «Шушкевіч не быў палітыкам» ці «Пазняк спужаў беларусаў сваёй радыкальнасцю». Нібыта французы станавіліся бельгійцамі з прычыны з’яўлення нацыяналіста Лё Пэна, а не сацыяліста Алянда.
Сутнасць жа ў тым, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады, бо нехта павінен быў даказаць (няхай і за 18 год), што галеча не знікае пасля рытуалу вяртання савецкай сімволікі. Так што дзякуй яму другі раз і зноў Лукашэнка мон амур.

Усё адбывалася так, як мусіла. Улада прайгравала, апазіцыя перамагала. Усе згодна з дэмакратычнай працэдурай.

… А пасля Лукашэнка стаў дыктатарам.

Міф трэці. Нічога, акрамя кайданоў

А я таксама не перастаю здзіўляцца. Звычайна чалавеку на фармуляванне прэтэнзій да бліжняга хапае некалькіх хвілін. Бывае — некалькіх дзён. Некаторыя людзі генеруюць прэтэнзіі да бліжніх завочна і бязадрасна кожную секунду ўсё сваё радаснае жыццё. Але калі справа даходзіць да Аляксандра Рыгоравіча — Мантэгі пачынаюць несці нейкія глупствы. Самае пашыранае з іх: «Лукашэнка кепскі, бо ён — дыктатар».

На першы погляд, матрыца ў нас абсалютна зразумелая. Дыктатура — гэта кепска, а дэмакратыя — гэта добра. Разважаючы пра такія паняцці, Мантэг мае на ўвазе не саму з’яву, а нейкія ідэальныя ўяўленні пра яе. Мантэг за роўныя правы, Мантэг за абсалютную свабоду, Мантэг — за дзяржаву для народу, а не наадварот. Ён чуў, што пры дэмакратыі ўсе жывуць шчасліва, а пры дыктатуры вакол канцлагер і варанкі. Пры гэтым у разлік не бярэцца той факт, што сегрэгацыя неграў працягвалася цэлае стагоддзе пры дэмакратыі, а інквізіцыю адмяніў дыктатар і самадур Напалеон. Наш герой мысліць катэгорыямі электронных прыладаў па прынцыпе «калі - то».

Але вось пытанне:

уявім, што да ўлады прыйшоў антылукашэнка, якім бы хацелі яго бачыць тыя, хто ставіць П(іА)ПРБ у віну схільнасць да дыктату.
Давайце паглядзім, як яго ўяўляюць многія героі інтэрнэт-форумаў. Гэта мусіць быць па-першае такі ж самы арганізм, які «не распрадасць». Адсюль няўмольна вынікаюць усе неабходныя якасці. Спыняцца на іх не будзем — бачылі.

Па-другое, яго, імаверна, таксама павінна вельмі клапаціць моўнае пытанне. Ці павінен ён казаць, што ў свеце існуюць толькі дзве вялікія мовы: беларуская і англійская? Ці мусіць ён заявіць, што ўсе, хто хоча ў Беларусі гаварыць па-расейску — пятая калона і найміты Усходу?

Мажліва, будучы выказанымі па ТБ нашым уяўным прэзідэнтам, гэтыя сентэнцыі выклікалі б вялікую хвалю захаплення шмат унутры каго. І не выключана, што і ўнутры мяне.

Дык за што ж, Мантэг, ты не любіш брандмайстра Біці? Ён жа робіць усё так, як табе падабаецца. Проста ён робіць тое, што падабаецца не табе, а суседу.
Лукашэнка — мон амур у трэці раз. Але Лукашэнка мон амур як функцыя, а не як вектар.

Для сябе я сфармуляваў сутнасць прэтэнзіі ў наступным.

Лукашэнка кепскі не таму, што дыктатар, а таму, што, кажучы паліткарэктна, мае праблемы з духоўнай акцэнтуацыяй. Не адрознівае кепскае ад добрага і прыгожае ад непрыгожага.
Ён, я мяркую, не глядзіць аніякага кіно, акрамя дарослага. Не чытае кніг. Ён, напэўна, адкажа, што часу няма. Ён не слухае музыкі ў адрыве ад гендарнай прыкметы выканаўцы.

З забаваў ён выбірае хакей, у якім ёсць свае, а ёсць чужыя, і толькі адсюль і толькі так утвараюцца кепскія і добрыя. Ёсць канкрэтная мэта і канкрэтны час.

Дыктатар, калі ён дыктатар уцямны, мяркуе, што рана ці позна ягоная тэмпература наблізіцца да пакаёвай і да гэтага часу трэба шмат чаго зрабіць і шмат чаго растлумачыць таму селектарату, які будзе ўплываць на развіццё краіны пасля. Лукашэнка нічога не тлумачыць. Ён проста абяцае. Напрыклад, 500 баксаў. Ён не акрэслівае ніякіх перспектыў, акрамя 500 баксаў.

Што рабіць беларусу, які дачакаўся 500? Пакуль няясна.

Рэакцыя ў Лукашэнкі імгненная. Гэта добра. Але 9 млн насельніцтва вымушаны рэагаваць не на тыя выклікі, якія кідае ім глабальны, даруйце за штамп, свет, а на тыя непрыемнасці, якія паўстаюць персанальна перад Аляксандрам Рыгоравічам.

Лукашэнка, можа быць, і хацеў бы стаць нашым Лі Куан Ю. Але ён не можа быць добрым дыктатарам.

СССР мог праіснаваць пасля смерці Сталіна яшчэ 40 год, паразітуючы на ідэі будавання камунізму. Бо здавалася, нібыта ёсць нешта большае за Сталіна. Аляксандр жа Рыгоравіч не мае амбіцыяў ані «сэрца мільёнаў падслухаць біцця», ані жыць у сэрцах пасмяротна. Яму, як мне падаецца, больш даспадобы маркіза Пампадур з яе «пасля нас хоць патоп». І тут пачынаецца Лукашэнка мон амур — 4, бо ягоная безыдэйнасць выратавальная. Бо гэта той механізм самазнішчэння, які ён падшмароўвае штодзень. І калі Лукашэнка як функцыя выканае сваю справу і беларусы зразумеюць, што

ён ім даваў тое, што яны прасілі, але яны прасілі не тое і вінаватыя самі,
— вось у гэты момант наш брандмайстар, як і ў кнізе Брэдберы, знікне, і больш ніхто пра яго не згадае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?