Наталка Бабіна: Пачну з прыватнага. Як глядачка, якая рэгулярна глядзіць канал і ўсім сэрцам жадае яму поспеху, маю дзве канкрэтныя прэтэнзіі да «Белсата». Першае, што выклікае ў мяне пэўнае непрыманне, гэта мова канала. Мне здаецца, важна, каб мова на канале была прыгожай і яснай, каб яна прываблівала. А мне часта мова перадач падаецца штучнай, занадта ўжо «кніжнай», не такой, якую я чую ў школе, дзе вучацца мае дзеці, або ад носьбітаў мовы ў вёсцы, дзе я жыву.

Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гэта важная праблема, але і вельмі цяжкая для мяне асабіста. У гэтым пытанні я не магу мець свайго дакладнага пункта гледжання, бо не ведаю беларускай мовы да такой ступені, каб ацаніць яе стыль, каб ацаніць, калі лепш казаць «ровар», а калі «веласіпед». Але я цалкам згодная, што з тэлевізара павінна гучаць мова, максімальна набліжаная да той, якой гавораць у Беларусі.

Беларуская мова цяпер пад такой пагрозай, што нельга забаўляцца ў нейкія гульні з архаізмамі. Цалкам згодная, што мова павінна быць максімальна зразумелай.
Але для некаторых людзей іх уяўленні пра мову — самыя правільныя і выкараніць іх можна, толькі вырваўшы разам з сэрцам. І варта на хвілінку адвярнуцца — і чарговы фільм зноў перакладзены не так, як хацелася б…

У нас ёсць моўная рэдакцыя, яе ўзначальвае Зміцер Саўка, і ён пільнуе, каб мова інфармацыі і публіцыстыкі былі адпаведныя таму, што ён лічыць правільным.

НБ: Але калі ў серыяле «Пуаро» зразумелае ўсім беларусам слова «міс» перакладаюць як «спадарычна», то гэта так ужо прыцягне гледачоў да мовы…

АР-Г: У справах беларускай мовы часам рэдактары бываюць вельмі эмацыйныя. Нядаўна быў выпадак, калі для польскага канала трэ было перакласці на польскую вельмі добры фільм «Страх у краіне спакою». І калегі настаялі, каб прозвішчы ў цітрах пісаліся не па-польску, але беларускай лацінкай. У выніку вядомае ў Польшчы і зразумелае прозвішча «Шушкевіч» гучала для палякаў як «Сускевіц»… Часам жаданне прадэманстраваць сваю рацыю бывае мацнейшае за здаровы сэнс…

НБ: Чаго яшчэ не стае мне як гледачу, — то гэта відовішчнасці, шоу. Ці плануе «Белсат» рабіць забаўляльныя перадачы, папулярныя ў падлеткаў, тыпу «Украіна мае талент» або «Фабрыка зорак»?

АР-Г: Не, бо гэта страшна дорага каштуе. На жаль, наша самая вялікая праблема — грошы. 1 млн 200 тыс. злотых каштуе толькі аплата за карыстанне спадарожнікам. А на спадарожнік трэба даслаць — гэта чарговыя некалькі сот тысяч злотых. Тэлевізійнае абсталяванне, закуп праграм — гэта ўсё грошы. Хаця, трэба прызнаць, што ў параўнанні з польскімі каналамі наш канал выдаткоўвае вельмі мала.

Увесь наш бюджэт — каля 6 млн еўра на год. Для параўнання, нямецкі канал для замежнікаў «Дойчэ веле» каштуе ў 10 разоў больш — каля 60 млн еўра на год.
Канал «Палонія» каштаваў у 2 разы больш, пры тым, што ён не прадукаваў сваёй інфармацыі. Тэлебачанне — штука дарагая. Я б проста марыла аб тым, каб ствараць свае серыялы, мастацкія фільмы. Але, каб стварыць некалькісерыйны серыял, трэба столькі ж грошай, колькі складае гадавы бюджэт «Белсата». Такія шоу, як вы назвалі, таксама каштуюць дорага — каля дваццаці тысяч еўра кожная перадача. Акрамя таго, адкуль узяць гасцей і вялікую студыю ў Беларусі?

НБ: Як Вы думаеце, ці глядзяць ваш канал чыноўнікі высокага рангу ў Беларусі?

АР-Г: Ці глядзіць наш канал Лукашэнка — не ведаю. Можа, і не. Можа, яму не паказваюць, каб не расстройваць (смяецца).

НБ: Па дзесяцібальнай сістэме якую б адзнаку паставілі «Белсату»?

АР-Г: Моцнае 6. Ёсць перадачы на дзясятку, ёсць і на троечку, а ўвогуле — моцнае 6.

НБ: Вы ўвогуле з аптымізмам глядзіце ў будучыню? У будучыню Беларусі і «Белсата»?

АР-Г: Так, я чалавек, які бачыў цуд, таму я гляджу ў будучыню з аптымізмам.

Я жыла ў камуністычнай Польшчы, і думала, што гэта ніколі не скончыцца. А гэта скончылася за два гады.
Таму я веру ў цуды. У Беларусі кепскае геапалітычнае становішча, яна ва ўсіх сэнсах — у цені Расіі. Але кожны год дзяржаўнасці, незалежнасці, кожны год, калі беларусы адчуваюць сябе беларусамі, а не невядома кім — гэта дадатны год, гэта крок да аптымізму.

***

Рэцэпты ад дырэктаркі канала «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы

Бабка запараная (з кнігі В. Завадскай «Кухарка літоўская»)

3—3,5 л мукі, 1 л малака, 175 г дражджэй, 800 г цукру, 1,5 л жаўткоў, трохі солі, 0,5 шклянкі разынак, скурка апельсіна, 3 шклянкі топленага масла.

1,5 л мукі запарыць трыма шклянкамі малака і расціраць лыжкай, каб не было камячкоў і каб астыла. Узбіць да белага колеру жаўткі з дробным цукрам, уліць гэта ў цеста, моцна вымешаць, уліць дрожджы, размяшаць і паставіць у цёплае месца, каб падышло. Калі падыдзе, усыпаць трохі солі, разынкі, дадаць парэзаную скурку апельсіна і мясіць доўга; у канцы ўліць топленае масла, усыпаць мукі столькі, каб цеста было такой густаты, як на лёгкія бабкі, выбіваць цэлую гадзіну, паставіць, каб падышло, вымешаць, уліваць па трэцяй частцы ў формы, а калі настолькі падыдзе, што формы будуць амаль поўныя, паставіць у гарачую печ на 1 гадзіну 15 хвілін.

Рататуй

2 цыбулі, 4 папрыкі, 6 памідораў, 2 невялічкія кабачкі, 1 зубчык часнаку, 100 г кілбасы, кроп.

Цыбулю пакроіць колцамі, салодкі перац — паскамі, памідоры апарыць гарачай вадой і абабраць скурку, цукіні парэзаць кубікамі. Падсмажыць на аліўкавым алеі цыбулю да празрыстасці, дадаць памідоры, папрыку, патушыць, пакуль не выпарыцца трохі вадкасць, потым загусціць, дадаўшы кабачкі, і патушыць да гатоўнасці. У канцы можна дадаць парэзаную кілбаску, здробнены часнок, пасыпаць кропам і падаць з добрым свежым хлебам.

НБ: Вы вельмі заняты чалавек, ваш працоўны графік вельмі напружаны. Так што напрыканцы пытанне ад чытачак «Нашай Нівы». Як сумяшчаеце працу з хатняй гаспадаркай? Можаце падзяліцца любімым рэцэптам?

АР-Г: Паколькі я гісторык па адукацыі, мне падабаюцца рэцэпты з «Кухаркі літоўскай». Адзін з любімых рэцэптаў — запараная дражджавая бабка. Але яна стала ў мяне выходзіць безакорна толькі праз 12 год пасля таго, як яе пачала рабіць. Нягле-дзячы на няўдачы, я не здавалася, спрабавала кожны год. Нарэшце я яе трохі мадэрнізавала, адкрыла, што, напрыклад, у ХІХ стагоддзі дрожджы былі значна слабейшыя, вадкія, а не цвёрдыя, і таму ў нашыя часы трэба дадаваць іх на 1/3 менш; мука цяпер сушэйшая, не са старога млына, таму трэба нашмат больш малака, чым у старым рэцэпце. Дадаю ў два разы менш яек, яйкі (каля 30 жаўткоў на 1 літр мукі) і цеста ўзбіваю не ўручную на працягу гадзіны, а міксерам дваццаць хвілін… Агулам колькасць інгрэдыентаў з рэцэпта павінна дзяліцца на тры альбо на палову, таму што хто цяпер мае сям’ю на 15 чалавек, каб з’есці такі піражыска.

А вось больш сучасная страва, рататуй з асенняй гародніны, учора мы менавіта яго елі. Страва якраз для занятай жанчыны: вяртаешся з працы, садзіш мужа рэзаць гародніну, потым усё на патэльню — і страва гатовая! (смяецца)

***

    Агнешка Рамашэўская-Гузы працуе дырэктаркай «Белсата» з 2007. Самым вялікім дасягненнем лічыць тое, што канал існуе, бо, «сказаць па шчырасці, сама не верыла, што канал будзе». У снежні 2005 яе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі з Беларусі. Калі яна сядзела ў аэрапорце Мінска і чакала дэпартацыі, у яе і ўзнікла ідэя канала. Вось і стварылі, кажа Рамашэўская-Гузы, «такі праект «Ну, погоди!» для Лукашэнкі». «Мы адразу вырашылі, што будзем шукаць людзей без журналісцкага досведу, але з жаданнем працаваць, — расказвае яна. — Памятаю, як у 2006 годзе я спытала ў Алеся Залеўскага пры першай сустрэчы: «Колькі Вам год?» А ён адказвае: «Ну, хутка 20…» А цяпер мы маем вельмі прафесійны калектыў». «Важна памятаць, што журналісты «Белсата» рызыкуюць, — кажа яна. — І трэба знайсці людзей, якія згодны рызыкаваць. Мы ж не можам зняць гэтыя рызыкі, і журналісты гэта разумеюць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0