З яго нараджэннем сур'ёзна задумаліся аб паляпшэнні жыллёвых умоваў. Жыць упяцёх на 17 квадратных метрах здымнага жылля зрабілася не пад сілу. Ды і законы ў нас прапісаныя для шматдзетных сем'яў. Дзяржпадтрымка гарантуецца. Дык якія могуць быць праблемы? Сабраць неабходныя дакументы, дачакацца дамовы на долевае будаўніцтва, аформіць крэдыт у банку. Але ўсё аказалася зусім не так проста.

Спачатку ў адміністрацыі Партызанскага раёна будавацца Гарбаценкавым прапанавалі ў мікрараёне Масюкоўшчына. А праз нейкі час апавясцілі: прыкладна на паўгода раней пачнецца ўзвядзенне трох шматпавярховых дамоў у раёне вуліц Ваўпшасава - Солтыса: хочаце, размяркуем вас туды.

Гарбаценкавы, вядома, пагадзіліся. І ўжо не раз пашкадавалі.
Будоўля, якая пачалася ў красавіку 2011 года, паводле дамовы павінна была завяршыцца ў сакавіку 2012-га. Насамрэч жа наваселле адкладаецца аж да вясны 2013-га.

«Мала таго, што праз дэвальвацыю ў 2011 годзе метр жылля стаў каштаваць спачатку 2,75 мільёна, а пасля - 6,8 мільёна, дык яшчэ пытанне з тэрмінамі... - адкрывае дагавор долевага будаўніцтва Яўген. - І гэта пры тым, што дом у Масюкоўшчыне, ад якога мы адмовіліся, ужо здадзены, хоць узводзіць яго пачалі пазней за наш».

Сітуацыя ўскладняецца тым, што Гарбаценкавых настойліва просяць пакінуць здымную кватэру. Уладальнікі хочуць выставіць яе на продаж: ім тэрмінова патрэбныя грошы.

«Пераехаць мы абяцалі яшчэ паўгода таму, калі меркавалі наваселле. А цяпер, калі гаспадары даведаюцца, што перасяліцца ў новае жыллё мы зможам толькі ў чэрвені, то, баюся, выставяць з рэчамі за дзверы», - хвалюецца Таццяна.

Зняць іншае жыллё сямейству цяпер не па кішэні. З агульнага невялікага даходу даводзіцца плаціць 200 даляраў плюс камунальныя паслугі за арэнду сціплай 1-пакаёвай кватэры. І гэта для Гарбаценкавых ужо мяжа. Яўген - кіроўца маршрутнага таксі, Таццяна - у адпачынку па доглядзе за дзіцем. Адкуль грошы? Ды і змяняць цяпер жыллё ў спешным парадку - праблема. Бо ёсць яшчэ тэрытарыяльная прывязка: старэйшага сына - у школу, у садок - дваіх малодшых...

Разам з Таццянай і Яўгенам доўгачаканага наваселля чакаюць 249 сем'яў. Чаму не выконваюцца заяўленыя абавязацельствы па тэрмінах здачы аб'екта?

«Паводле экспертнага заключэння Галоўдзяржбудэкспертызы будаўніцтва квартала жылой забудовы ў межах вуліца Солтыса - завулак Солтыса - Ваўпшасава складае 27 месяцаў, пры гэтым падрыхтоўчы перыяд для кожнага з жылых дамоў - 1 месяц, - кажа дырэктар УКБ Партызанскага раёна Віталь Смірноў. - Але мы ўзялі на сябе павышаныя абавязацельствы пабудаваць аб'ект праз год. Пры ўмове, што будуць своечасова ажыццяўляца фінансаванне і пастаўка неабходных матэрыялаў. Фінансавыя калізіі 2011 прывялі да праблемаў з тым і іншым. На момант, калі пачалося будаўніцтва, заводы адмовіліся заключаць дагаворы на пастаўку матэрыялаў (у прыватнасці, на жалезабетонныя пліты і арматурныя вырабы) без стоадсоткавай перадаплаты. Адбыўся адток за мяжу кваліфікаваных рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў. Гэтымі абставінамі і абгрунтаваны перанос заяўленых тэрмінаў. У мінулым годзе будоўлю мы вялі амаль без грошай, а значыць, больш павольна, чым меркавалася, бо выплаты сродкаў былі нерытмічныя...»

Неапраўданыя чаканні? Глядзім: на першым лісце дагавора долевага будаўніцтва, які ёсць на руках у людзей, прапісаны тэрмін яго завяршэння - сакавік 2012 года. У іншым дакуменце, які яны, кажуць, у вочы не бачылі, іншая лічба - 27 месяцаў.
Вераць, вядома, дамове, будуюць у адпаведнасці з ім свае планы, размяркоўваюць падрослых дзяцей у садкі і школы ў раёне новабудоўляў, а пасля ў аўральным парадку пераводзяць бліжэй да месца жыхарства.

Зносіны з чыноўнікамі ўсіх узроўняў будаўніцтва на вуліцы Солтыса не паскараюць.

Гарбаценкавы стукаліся са сваім пытаннем у розныя дзверы. Дзесьці атрымлівалі фармальны адказ, дзесьці - папросту крыўду. Таццяна не можа зразумець такога стаўлення: «Мне адкрытым тэкстам неяк сказала адна дама: "Вы, шматдзетныя, занадта нахабныя". Маўляў, хочаце і крэдыт ільготны, і кватэру за год пабудаваць. Адкуль гэтая злосць? Мы ж не просім міласці. Плаціць за жыллё будзем самі. А на субсідыю і ільготны крэдыт маем права паводле закону".
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?