З Гродзенскага ўніверсітэта звальняюць выкладчыкаў — за публікацыю «няправільных» кніг і артыкулаў.
Адначасова фінансавая міліцыя распачала вялікае следства супраць інтэлектуальнага месячніка «Arche» Валера Булгакава.
Гэта — «халодная восень» 2012-га ў Гродне, самым заходнім — геаграфічна і ментальна — горадзе Беларусі.

Горад каралёў Рэчы Паспалітай быў цэнтрам антырасейскага паўстання 1863 года. Горад стаіць на Нёмане і першай чыгунцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбург — Варшава.

Гродна ад часу заснавання было часткай вялікіх еўрапейскіх гандлёвых шляхоў.
Сюды вялікія князі прываблівалі габрэяў, ганзейцаў, галандцаў, каб ажывіць гандаль і рамёствы. Да сёння ў Гродне захаваліся шэдэўры каталіцкай, пратэстанцкай, праваслаўнай архітэктуры тых часоў, хоць галоўную перліну, гатычную Фару Вітаўта, узарвалі ў 1961 г.…
У Гродне ніколі да канца не прымалі ані Расійскую імперыю, ані Трэці Рэйх, ані СССР, ані Лукашэнку.
Трэцяя частка насельніцтва тут — каталікі, дзве траціны — праваслаўныя.
Амаль кожны бываў за «жалезнай заслонай».
Ад Гродна да Польшчы 7 кіламетраў, да Літвы — 15. Нават у савецкі час тут глядзелі польскае тэлебачанне, і цяпер
армія ідэолагаў няздольна схаваць розніцу ва ўзроўні жыцця між аўтарытарнай Беларуссю і краінамі Еўрасаюза.

Пачатак сёлетняй «чысткі» у Гродзенскім універсітэце быў пакладзены звальненнем дацэнта Андрэя Чарнякевіча. Прычына — кніжка аб мінулым горада, якую гісторык падрыхтаваў і выдаў разам са сваімі калегамі ўвесну 2012 года.

«Гродназнаўства» стала хітом продажаў — у шыкоўным, выдатна ілюстраваным выданні не было індактрынацыі. Каб не крывіць душой, аўтары проста абмежаваліся выкладаннем гісторыі да 1991 года.
Такім чынам, перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі проста не згадваўся.
Між тым у тыповай беларускай кнізе «сапраўдная» гісторыя Беларусі акурат пачынаецца з 1994 года, калі «быў пакладзены канец хаосу і дадзены пачатак стабільнаму развіццю».

Была і другая «загана»: на вокладцы быў змешчаны гістарычны герб Беларусі «Пагоня», які лукашэнкаўцы замянілі на эмблему савецкага перыяду.

У выніку кнігу канфіскавалі з бібліятэк, яна знікла з кнігарняў.
«Асобы ў цывільным» наведалі школы, дзе яе выдавалі школьнікам для вывучэння. Гарадская адміністрацыя запатрабавала ад школьных завучаў спіс настаўнікаў, якія выкладаюць «Гродназнаўства». Такім чынам дзесяткі людзей аўтаматычна трапляюць у зону рызыкі (заганнае кола: прафілактычная гутарка, вусная гарантыя лаяльнасці з боку настаўніка альбо звальненне).

Супрацоўнікі КДБ дапыталі аўтараў падручніка — шэсць чалавек: усе яны прафесары, дацэнты, загадчыкі ўніверсітэцкіх кафедраў.

Афіцыйная прычына звальнення Чарнякевіча — «спазненні на працу». Аднак тое спазненне было абумоўлена… доўгай гутаркай з прадстаўніком КДБ акурат наконт падручніка «Гродназнаўства».

Іншым гісторыкам скарацілі гадзіны выкладання ва ўніверсітэце (Святлана Марозава і Вячаслаў Швед), імі зацікавілася падатковая інспекцыя (Алесь Госцеў). Шмат дэталяў дагэтуль застаецца невядомымі, бо выкладчыкам забаронена разгалошваць звесткі з «гутарак».

Пагроза звальнення таксама навісла над Ігарам Кузьмінічам — высокакласным сацыёлагам, які да верасня быў намеснікам дэкана юрыдычнага факультэту ГрдУ.
Прычына — літаратурныя публікацыі, выкладзеныя Кузьмінічам у прыватным блогу, а менавіта дзіцячыя казкі, дзе ўзгадваліся зноў жа Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.
Часопіс «Arche», у сваю чаргу, вінаваціць адначасова і ў фінансавых парушэннях, і ў «экстрэмізме».
Падчас адной з кніжных прэзентацыяў у верасні гэтага года ў Гродне сілавікі арыштавалі кнігі, прывезеныя рэдактарам часопіса Валерам Булгакавым. Яго абвінавацілі ў незаконным продажы прадукцыі, аштрафавалі. Прэзентацыю арганізоўвала тая самая ініцыятыва «Гарадзенская бібліятэка», у серыі акурат і выйшаў падручнік «Гродназнаўства».
Такім чынам, у Беларусі распачата чарговая кампанія застрашвання інтэлектуалаў.
Зрэшты, гэта лагічная тэндэнцыя для краіны, дзе ў турмах працягаюць знаходзіцца палітвязні. Адзін з іх, праваабаронца Алесь Бяляцкі, напрыклад, быў сёлета вылучаны на Нобелеўскую прэмію, у тым ліку і дэпутатамі парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і Еўрапарламента.
У самым цэнтры Гродна, за дзесятак метраў ад галоўнага каталіцкага сабора, стаіць царская яшчэ турма, у якой у сырых, слізкіх камерах, без сонечнага святла сядзяць два іншыя знакамітыя палітвязні.
Адзін з іх — гэта ветэран вайны ў Афганістане, які стаў прадпрымальнікаў і ваяваў з карупцыяй у сваім родным горадзе — Мікалай Аўтуховіч. Другі — лідар «Маладога Фронту», перспектыўны палітык новай хвалі Зміцер Дашкевіч. З абодвух выбіваюць прашэнне аб памілаванні, але яны ўпарта адмаўляюцца.
Таму звальненне з працы — далёка не горшае, што можа чакаць інтэлігента-гуманітарыя ў сённяшняй Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з арганізацыяй Index on Censorship.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?