Міністр культуры Павел Латушка прызначаны паслом у Францыі. Ва ўрадзе больш не засталося беларускамоўных міністраў.

1. Самы малады

Быў самым юным міністрам і ўвогуле наймалодшым сярод топ-чыноўнікаў. Заняў гэтую пасаду ў 36 гадоў. Перад тым працаваў паслом Беларусі ў Польшчы.

Ён быў і адзіным беларускамоўным міністрам — ад маладосці, не толькі на пасадзе, — хаця на нарадах у Лукашэнкі, якія паказвалі па тэлебачанні, гаварыў толькі па-расейску.

2. Жыве ў Ждановічах

Мала хто ведае, што Павел Латушка жыве ў Ждановічах. Шматлікія міністры атабарыліся ў Драздах і да таго падобных прэстыжных кварталах, а Латушка збудаваў невялікі дамок з мансардай у былым рабочым пасёлку з яго разбітымі вуліцамі і заваленымі сметніцамі. Праўда, мясцовая ўлада адразу ж паклала на Латушкавай вуліцы асфальт. І нават бардзюры — здаецца, гэта адзіная вулка з бардзюрамі ў гэтай частцы Ждановіч.

3. Быў у абойме, але заступіўся за «Палац»

Пры Латушку Міністэрства культуры распрацавала праграму «Замкі Беларусі». Згодна з ёй, за 2012–2018 планавалася аднавіць, да прыкладу, Стары замак у Гродне, замкі ў Лідзе і Любчы, Сапегаўскі палац у Ружанах, закансерваваць руіны іншых знакавых замкаў.

З іншага боку, пры ім жа ўпраўленне ідэалогіі аднавіла «чорныя спісы» дзеячаў культуры: музыкаў, пісьменнікаў. Сам міністр адмаўляў іх наяўнасць. Але калі ў кастрычніку Тэатр беларускай драматургіі адмяніў ужо праанансаваны канцэрт гурту «Палац», Латушка затэлефанаваў дырэктару. І выступ адбыўся.

У скандал Латушка трапіў падчас адбору на «Еўрабачанне-2011», калі пераможцай была прызначаная Алёна Ланская, а папраўдзе перамог гурт «Лайтсаўнд». Віну ўсклалі ўрэшце на стрэлачніка з Тэлерадыёкампаніі.

4. Патрабаваў беларускае піва

«Гэта не скарга. Але прашу праінфармаваць, чаму ў Вашай кавярні не прадаецца беларускае піва…», — такі запіс пакінуў міністр культуры ў кнізе заўваг і прапановаў у сталічным «Ньюс-кафэ» ў 2009-м. Беларускае піва з той пары стала прысутнічаць у гэтай кавярні для цэнтравога бамонду, і нават у асартыменце.

5. Чароўная бландзінка

Пра асабістае жыццё Латушкі вядома мала. Але таблоіды паведамлялі, што ён у разводзе, і адзначалі, што дачка-прыгажуня гадавалася пры ім. Нярэдка ён з ёй з’яўляўся на канцэртах. З ёй жа вальсаваў на нядаўнім балі ў Нясвіжскім палацы.

Апошнія гады Латушка стаў з’яўляцца на публіцы з чароўнай бландзінкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?