Прэзідэнт Уругвая са сваім сабачкам

Прэзідэнт Уругвая са сваім сабачкам

Прэзідэнцкі "Фальксваген" 1987 года выпуску.

Прэзідэнцкі "Фальксваген" 1987 года выпуску.

Практычна ў любой краіне свету людзі часта скардзяцца на тое, што палітыкі не ведаюць і не разумеюць, як жыве просты народ. Але не ва Уругваі. Знаёмцеся: прэзідэнт Хасэ Мухіка, аскет і вегетарыянец. Ён жыве на старэнькай ферме і аддае амаль увесь заробак на дабрачыннасць.

Перад яго домам на вяроўках сушыцца бялізна. Па ваду трэба хадзіць да калодзежа пасярод зарослага травой двара. Дом ахоўваюць усяго двое паліцыянтаў і трохногі сабака па мянушцы Мануэла.

Менавіта так жыве Хасэ Мухіка — прэзідэнт Уругвая, чый стыль жыцця мала падобны на той, якім звычайна жывуць моцныя гэтага свету.

Прэзідэнт Мухіка адмаўляецца жыць у афіцыйнай рэзідэнцыі
і аддае перавагу сваёй ферме непадалёк ад Мантэвідэа. Да дома вядзе толькі адна вузкая грунтавая дарога.

Прэзідэнт і яго жонка вырошчваюць кветкі на продаж. Наёмных работнікаў у іх няма.

«Я вельмі добра жыву»

За такі аскетычны стыль жыцця, а таксама за тое, што прэзідэнт Мухіка аддае на дабрачыннасць каля 90% свайго заробку (а ён атрымлівае 12 тыс. даляраў у месяц), яго называюць самым бедным прэзідэнтам у свеце.

«Я так жыву ўсё жыццё, — кажа Мухіка, седзячы ў сваім садзе на старэнькім крэсле. На крэсле падушка, якую ўпадабаў сабака Мануэла. — Я вельмі добра жыву маючы тое, што ў мяне ёсць».

Прэзідэнт аддае свае грошы дабрачынным арганізацыям, якія дапамагаюць бедным і дробнаму бізнэсу.

У выніку яго заробак прыкладна роўны сярэдняму па Уругваю — 775 даляраў у месяц.

Усе дзяржаўныя служачыя ва Уругваі абавязаны дэклараваць свае даходы і асабістую маёмасць. У 2010 годзе маёмасць прэзідэнта складалася з машыны «Фальксваген-Жук» 1987 г. коштам у 1800 даляраў.

У гэтым годзе Мухіка таксама ўнёс у дэкларацыю палову маёмасці жонкі — гэта зямля, некалькі трактароў і дом. У выніку яго капітал вырас да 215 тыс. даляраў.

Хасэ Мухіка быў абраны прэзідэнтам Уругвая ў 2009 годзе. У 60-я і 70-я гады ён ваяваў на баку атрадаў левага руху «Тупамарас», які быў натхнёны ідэямі кубінскай рэвалюцыі.

Шэсць раз ён быў паранены, і 14 гадоў правёў у турме. Большую частку тэрміну Мухіку трымалі ў камеры-адзіночцы.
На волю ён выйшаў у 1985 г., калі ва Уругваі зноў запанавала дэмакратыя.

Па словах прэзідэнта, гады, праведзеныя ў зняволенні, сфармавалі яго погляды на жыццё.

«Мяне называюць самым бедным прэзідэнтам, але я бедным не пачуваюся.
Бедныя — гэта тыя, хто працуюць толькі для таго, каб жыць у раскошы. Ім увесь час хочацца ўсё больш і больш».

«Калі ў вас мала рэчаў, то няма сэнсу ўсё жыццё працаваць як раб, для таго каб набываць гэтыя рэчы. У выніку будзе больш часу для самога сябе».

«Можа, я і падобны на старога дзівака… Але гэта мой выбар».

Легалізацыя марыхуаны

Прэзідэнт Уругвая паўтарыў гэтую ж думку на чэрвеньскім саміце «вялікай дваццаткі» у Рыа-дэ-Жанейра.

«Увесь дзень мы казалі аб устойлівым развіцці. Пра тое як змагацца з беднасцю. Але пра што мы думаем? Няўжо мы хочам дасягнуць узроўню развіцця і спажывання багатых краін? Я вас пытаюся: што стане з нашай планетай, калі ў індыйцаў на кожную сям’ю будзе столькі ж машын, як і ў Нямеччыне? Колькі кіслароду застанецца тады на планеце?»

«Ці ёсць на нашай планеце дастаткова рэсурсаў для таго, каб сем ці восем мільярдаў чалавек дасягнулі таго ж узроўню марнатраўства, як у багатых краінах? Бо менавіта такое гіперспажыванне і наносіць шкоду нашай планеце», — заявіў ўругвайскі лідар на саміце.

Хасэ Мухіка абвінавачвае большасць сучасных палітычных лідараў у тым, што яны «апантаныя ідэяй росту эканомікі за кошт спажывання, як быццам без гэтага наступіць канец свету».

Але як бы ні адрозніваўся прэзідэнт-вегетарыянец Уругвая ад іншых лідараў, ён застаецца палітыкам.

«Мухіка падабаецца многім з-за свайго стылю жыцця. Але гэта не азначае, што яго не крытыкуюць за палітыку ўрада», — кажа ўругвайскі сацыёлаг Ігнасіа Суаснабар.

Уругвайская апазіцыя заяўляе, што рост эканомікі краіны не прывёў да паляпшэння ў адукацыі і сістэме аховы здароўя. Рэйтынг прэзідэнта ўпершыню ўпаў ніжэй за 50%.

Прэзідэнт падвяргаецца крытыцы і за шэраг сваіх рашэнняў.
Кангрэс Уругвая прыняў закон, што легалізуе аборты тэрмінам да 12 тыдняў цяжарнасці. У адрозненне ад свайго папярэдніка прэзідэнт Мухіка не наклаў вета.

Ён таксама падтрымлівае ідэю легалізацыі ўжывання марыхуаны і хоча ўвесці дзяржаўную манаполію на гандаль «траўкай».

«Ужыванне марыхуаны — не самая страшная рэч, — лічыць ўругвайскі прэзідэнт. — Сапраўдная праблема — гэта наркагандаль».

Аднак хвалявацца з нагоды падзення папулярнасці сярод выбаршчыкаў Мухіку не варта. Законы Уругвая не прадугледжваюць магчымасці перавыбрання прэзідэнта на другі тэрмін. Акрамя таго, яму ўжо 77 гадоў, і хутчэй за ўсё, у 2014 годзе ён проста сыдзе.

Калі гэта адбудзецца, ён пачне атрымліваць пенсію. І ў адрозненне ад некаторых іншых былых прэзідэнтаў, яму наўрад ці прыйдзецца прывыкаць да рэзкага зніжэння даходу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?