Уладзімір Мацкевіч.

16 лістапада прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый сабраліся, каб абмеркаваць надзённае пытанне: што павінна рабіць Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства — узялі ўдзел 44 НДА.

Мерапрыемства праходзіла ў шыкоўным катэджы на ўскрайку Мінска. Месца правядзення арганізатары паведамілі за дзень і прасілі не ўзгадваць у прэсе. Што ж, без канспірацыі сёння аніяк.

Удзельнікі большасцю галасоў (31 з 44-х) прынялі Канцэпцыю развіцця Нацыянальнай платформы на 2012–2014 гады.

Праект гэтага дакумента ўдзельнікі атрымалі ў дзень мерапрыемства. Ён утрымліваў шэсць спрэчных пунктаў, ці «альтэрнатыўных фармуліровак», прапанаваных Таццянай Вадалажскай з Уладам Вялічкам, з аднаго боку, і Вольгай Стужынскай з Дзянісам Мельянцовым, з другога.

Калі коратка, першыя прапаноўвалі шырэйшыя паўнамоцтвы Нацплатформы, яе «палітызацыю» ў некаторым сэнсе. Другія жадалі, каб Платформу працягвала выконваць задачы выключна ў рамках Усходняга партнёрства.

Удзельнікі галасавалі асобна па кожным з спрэчных пунктаў і за дакумент у цэлым. Таксама галасавалі за тое, як галасаваць (выбачаце за паўтор): кваліфікаванай ці простай большасцю, улічваць меркаванне адсутных арганізацый ці не. Асобна галасавалі за… слова «беларусізацыя» ў Прэамбуле дакумента.

Відаць, каб не абед, «разгул дэмакратыі» было б не спыніць і не стрымаць. Абраўшы большасцю галасоў «першы» варыянт Канцэпцыі, удзельнікі прыступілі да больш прыемнага «галасавання»: за курыцу-грыль ці за рыбны шашлык?

Супраць Канцэпцыі прагаласавалі 7 арганізацый. Сярод іх — Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, праваабаронцы з Камітэта «Салідарнасць», Беларускі Хельсінскі камітэт ды іншыя.

Традыцыйна, не абышлося без закідаў у бок адзін аднаго.

Сп. Мацкевіч, якога зацверджаны варыянт Канцэпцыі цалкам задавальняе, назваў тых, хто «супраць» ледзьве не калабарантамі рэжыму: «Іх цалкам задавальняе тое, што адбываецца зараз у Беларусі. Той стан іх лёгкай дысідэнтнасці, лёгкай нязгоды з рэжымам», — заяўляе філосаф.
Маўляў, як толькі «пачнецца рух», тым арганізацыям патрэбна будзе нешта рабіць. А яны ад гэтага адвучыліся.

Прынамсі, гэта тычыцца Офіса за дэмакратычную Беларусь у Брусэлі, які, цытуем, «досыць утульна ўладкаваўся ў Брусэлі. І яго задавальняе такая пасярэдніцкая функцыя — вазіць беларусаў у Брусэль. Ёсць заўсёды занятак, ёсць заўсёды справы».

Мацкевіч «прайшоўся» і па Беларускім Хельсінкскім камітэце: «У мяне вельмі крытычнае стаўленне да таго, што робіць БХК на чале з Алегам Гулакам. Гавораць яны правільныя і дэмакратычныя рэчы. А калі даходзіць да справы, то яны блакуюць аб’яднанні. Загаворваюць рашэнні. Абы нічога не рабіць».

Яшчэ адна арганізацыя, якая галасавала «супраць», — Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Па словах яе прадстаўніка Дзяніса Мельянцова,

прынцыповая нязгода у тым, што дзеянне Нацыянальнай платформы пераводзіцца ў палітычную плоскасць: «Задача BISSа — даследаваць і выпрацоўваць рэкамендацыі для ўсіх структур: і для ўрада, і для апазіцыі, і для грамадзянскай супольнасці. Мы менш за ўсё хацелі б падмяняць сабой дзейнасць палітычных партыяў і выходзіць у палітычнае поле барацьбы з уладамі».

Да таго ж, прынятая версія Канцэпцыі фактычна пераўтварае Платформу ў новую арганізацыію. На думку палітолага, такое аб’яднанне ўжо ёсць — гэта Асамблея недзяржаўных арганізацый. Такім чынам, не выключана, што BISS можа выйсці з Платформы.

Такога меркавання прытрымліваюцца і сп. Гулак, і спн. Кулей.

Сп. Мацкевіч у палітызацыі Платформы не бачыць нічога дрэннага.
Наадварот, «лёсавызначальная місія Нацплатформы — ціск на нашы ўлады, каб перасталі зводзіць краіну з цывілізацыйнага шляху развіцця», кажа філосаф.
На ягоную думку, палітыка — справа кожнага, а не толькі тых, хто змагаецца за ўладу.

«Мы займаемся палітыкай не для таго, каб заняць пасады, стаць дэпутамі, прэзідэнтамі і г.д. Мы змагаемся за тое, каб змяніўся палітычны лад краіны з дыктатуры на дэмакрытыю. Ніхто раней ад імя грамадзянскай супольнасці з такой місіяй не выходзіў».

Але якое змаганне з рэжымам могуць весці апрыёры нейтральныя арганізацыя, як БАЖ, праваабаронцы альбо даследчыкі BISS?

У кулуарах можна было пачуць, што «да Мацкевіча ставяцца з падазрэннем». Маўляў, стварыў структуру «пад сябе», мае палітычныя амбіцыі.

Мацкевіч такія чуткі катэгарычна адмаўляе. У каментары «Нашай Ніве» ён падкрэсліў, што ніколі не казаў, што будзе змагацца за пост «адзінага ці шматлікага»:

«Учора я напісаў усім удзельнікам Нацплатформы адкрыты ліст, у якім сказаў: хопіць гэтай дурноты, што мне патрэбна вылучацца нейкім кандыдатам, адзіным ці шматлікім. Ніколі гэтым не грашыў апошнім часам».
Разам з тым, Мацкевіч прэтэнзіі на лідарства ў грамадзянскай супольнасці не адмаўляе: «Я штурхаю, цягну, прапаноўваю, паказваю шляхі, распрацоўваю праграмы і стратэгіі. У гэтым сэнсе я лідар. І з гэтага лідарскага месца немагчыма мяне скінуць, бо мяне ніхто не выбіраў».

І тыя, што прынялі Канцэпцыю, і тыя, што прагаласавалі супраць, выказвалі шкадаванне, што не ўдалося дасягнуць кансэнсусу. Але далей за шкадаванне справы пакуль што не дайшлі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?