18 лістапада спаўняецца 60 гадоў аднаму з вядучых археолагаў Беларусі Эдварду Зайкоўскаму.

Ён нарадзіўся ў 1952 у вёсцы Дубашы Валожынскага раёна на Міншчыне.
Бацька Эдварда Міхаіл Маркавіч пачатак Другой сусветнай вайны сустрэў у шэрагах Войска Польскага, дзе служыў у артылерыі. Пазней працаваў кавалём. Маці Ганна Дамінікаўна была хатняй гаспадыняй. У сям’і Зайкоўскіх акрамя Эдварда гадавалася і старэйшая сястра Фэля.
Дзяцінства Эдварда праходзіла як і ў большасці вясковых хлопцаў той пары: школа, работа ў полі…
Магчыма, на фармаванне зацікаўленасцяў будучага археолага і гісторыка паўплывала тое, што яму давялося спачатку вучыцца ў васьмігодцы, якая знаходзілася ў вёсцы з красамоўнай назвай Вялікія Крывічы.

Пасля заканчэння школы ў мястэчку Ракаў ён вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Разам з Уладзімірам Арловым наладзіў выпуск самвыдавецкага альманаха " Мілавіца».
Тут ён друкаваў свае вершы, якія вызначаліся глыбокай лірыкай…
Пасля сканчэння ў 1975 годзе ўніверсітэта некаторы час працаваў настаўнікам у вясковай школе Валожынскага раёна.
У 1977 годзе Эдвард паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі на спецыяльнасць " археалогія». Перад гэтым, як тады практыкавалася, прайшоў школу на выпрабаванне на раскопках у Тайманаве Быхаўскага раёна пад кіраўніцтвам славутага Леаніда Побаля, дзе неад’емным кампанентам харчавання былі гарохавы суп і сала…

Кірункам навуковай дзейнасці ў аспірантуры сталі помнікі неаліту і бронзавага веку Паўночнай Беларусі. Яго настаўнікам у гэтай справе быў славуты археолаг Міхась Чарняўскі, а навуковым кіраўніком — вядомы расійскі археолаг Ніна Гурына.

У 1985 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, паводле старадаўняй традыцыі, у Вільні- сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.
Апанентам на абароне выступіў вядомы археолаг, яго першы настаўнік па археалогіі, Эдуард Загарульскі. Напрацоўкі кандыдацкай дысертацыі леглі ў невялікую па аб’ёму, але змястоўную кніжку «Першабытныя помнікі Паўночнай Беларусі» , якая выйшла ў свет у 1990 годзе.

І хоць Эдвард Міхайлавіч стаў спецыялістам у галіне неаліту і бронзавага веку, але пасля абароны дысертацыі перавёў свой позірк на духоўную спадчыну старажытнай Беларусі.

Прадметам яго навуковай увагі сталі паганскія вераванні і першабытнае мастацтва, а аб’ектамі даследавання — культавыя камяні, святыя крыніцы, капішчы, сакральная сімволіка.
У выяўленні і вывучэнні гэтых рэліктаў ён, можна сказаць, абышоў усю Беларусь. Правёў раскопкі на свяцілішчах Дзявочая Гара, Верхаўляны, Радагошча. Вывучаў курганы ў Смаргонскім, Чашніцкім, Лагойскім і Барысаўскім раёнах. Гэта знайшло адлюстраванне ў сотнях навуковых артыкулаў, у дзесятках дакладаў і паведамленняў на археалагічных форумах у Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Яго выступы і публікацыі з цікавасцю ўспрымалі найвядомейшыя археолагі: Валянцін Сядоў — аўтар навуковай канцэпцыі этнагенэзу беларусаў, Леанід Аляксееў — даследчык Полацкай зямлі і сярэднявечных помнікаў Беларусі, Ірына Русанава — спецыяліст у вывучэнні дахрысціянскіх помнікаў славян, знакаміты польскі гісторык з беларускімі каранямі, кіраўнік Польскай Акадэміі навук Аляксандр Гейштар. Пра гэта сведчаць і шматразовыя спасылкі на публікацыі Э. Зайкоўскага ў навуковых працах гэтых даследчыкаў.

Эдвард Міхайлавіч мае шырокае кола навуковых інтарэсаў, што вымагае часу і адхіляе ад стаўбавой дарогі, якая, па сутнасці, ужо прывяла яго да навуковай ступені доктара.

Ён не замыкае сябе межамі Беларусі і бярэ ўдзел у вывучэнні помнікаў неаліту і бронзы каля вытокаў Волгі. Лёс кідае яго і на раскопкі славутага Бярэсця пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі. А ў 1980—1981 гг. ён сярод удзельнікаў падземных археалагічных даследаванняў на Менскім замчышчы…
Нават трапіўшы аднойчы ў Прагу, ён не ўпусціў магчымасці пазнаёміцца з чэшскімі калегамі і наведаць археалагічныя раскопкі.
Сярод публікацый Эдварда ёсць працы па музычнай культуры старажытнай Беларусі і па гісторыі харчавання. Апошняя, відаць, нарадзілася з-за сімпатыі да гэтага боку матэрыяльнай культуры беларусаў. Улюбёнымі яго стравамі былі і ёсць сала з праслойкай, грыбы, мачанка, бабка, дранікі, зацірка, свойскія каўбасы.
Усяго за час сваёй навуковай дзейнасці ён апублікаваў больш як тры сотні навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. Э. Зайкоўскі адзін з суаўтараў кніг " Жыватворныя крыніцы Беларусі», " Беларуская старадаўняя кухня», " Міфалогія Беларусі», " Археалогія Беларусі»(у чатырох тамах), " Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі», шасцітомнай «Гісторыі Беларусі» Шмат артыкулаў у археалагічных і гістарычных энцыклапедыях, энцыклапедыях фальклору і этнаграфіі Беларусі.

Эдвард Міхайлавіч- гэта крыніца ведаў, аналітык з душой рамантыка.

Па кожным, ці амаль па кожным пытанні з гісторыі Беларусі (ды і не толькі Беларусі), ён можа даць даведку.
Ягоныя працы, асабліва апошніх гадоў, вызначаюцца глыбінёй і канцэптуальным падыходам. Дасведчанасць часам робіць яго бязлітасным крытыкам у дачыненні да слабых, навукова неабгрунтаваных прац некаторых даследчыкаў.
Эдвард шчыры сябра, які можа доўга і цярпліва слухаць па тэлефоне чыйсьці енк.
Зразумела, што не на ўсё можна атрымаць параду, але галоўнае — цябе выслухаюць і паспачуваюць.

З юбілеем цябе, Эдвард! Жыві доўга і працуй плённа. Ты нам вельмі і вельмі патрэбен!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0