У Бабруйску актывісты дэмакратычных арганізацый сабралі і накіравалі ў гарвыканкам 176 подпісаў грамадзян з просьбай надаць імёны рэпрэсаваных пісьменнікаў Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага вуліцам горада.

Збор подпісаў быў абвешчаны на вечары памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 29 кастрычніка ў офісе мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Як паведаміла галоўны арганізатар збору подпісаў Вольга Піманава,

ідэю аб прысваенні імёнаў рэпрэсаваных бабруйскім вуліцам падаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні ў Бабруйску.
«Ён сказаў, што ў нас быў такі Барыс Мікуліч, пісьменнік, рэпрэсаваны, у гэтым годзе яму спаўняецца 100 гадоў, і Грахоўскі, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць менавіта ў Бабруйску.
Ён нагадаў, што гэты год — Год кнігі, а таксама 75-годдзе года сталінскага тэрору:
у 1937-м абодвух пісьменнікаў рэпрэсавалі», — адзначыла актывістка.

Піманава паведаміла, што, калі ўшчыльную занялася зборам матэрыялаў пра пісьменнікаў, аказалася, што вялікую працу ў гэтым кірунку ўжо правяла бабруйская бібліятэка № 4.

Калектыў гэтай бібліятэкі ўжо некалькі гадоў выступае за тое, каб ёй было прысвоена імя Барыса Мікуліча.

Актывістка распавяла, што супрацоўнікі бібліятэкі звязаліся з жыхарамі пасёлка Машукоўка ў Сібіры, дзе памёр беларускі пісьменнік, і актыўна вядуць з імі перапіску. «Адтуль перадалі шмат матэрыялу аб Мікулічу. Яны даглядаюць магілу беларускага пісьменніка — і дзеці, і грамадскія актывісты», — адзначыла Піманава.

«Памятаюць пра яго людзі там, у Расіі, у Сібіры, а ў нас гэтая тэма нават не ўзнімалася, у нас цішыня», —
сказала Піманава. Паводле яе слоў, такая сітуацыя і падштурхнула прадстаўнікоў усіх бабруйскіх дэмакратычных арганізацый падняць тэму рэпрэсаваных пісьменнікаў.

Як адзначыла Піманава, ініцыятары збору подпісаў далі ўладам свабоду выбару, якім менавіта вуліцах варта надаць імёны Мікуліча і Грахоўскага, — новым ці старым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?