Суд Маскоўскага раёна сталіцы не задаволіў іск заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху» да Мінгарвыканкама. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі член Партыі БНФ Юрый Зяньковіч.

Нагадаем, арганізатары шэсця ў судзе спрабавалі аспрэчыць рашэнне Мінгарвыканкама, у адпаведнасці з якім быў дадзены дазвол на правядзенне ў сталіцы «Чарнобыльскага шляху — 2007», аднак зменены маршрут руху дэманстрантаў і месца правядзення акцыі.

Як паведаміў БелаПАН Ю.Зяньковіч, гарадскія ўлады дазволілі правесці шэсце 26 красавіка з рухам па тратуарах ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор з мітынгам у парку Дружбы народаў з 20.00 да 22.00. «Аднак мы заявілі аб нязгодзе з гэтым рашэннем Мінгарвыканкама, якое прынята з парушэннем заканадаўства, таму што было зменена месца правядзення мерапрыемства без узгаднення з яго заяўнікамі. Гэта мы спрабавалі аспрэчыць у судзе. Але, як і чакалася, суд быў на баку Мінгарвыканкама», — сказаў Ю.Зяньковіч.

Паводле яго слоў, «суд закончылі як мага хутчэй». «Гэта не правасуддзе. І мы абавязкова пададзім касацыйную скаргу на гэтае рашэнне», — зазначыў Ю.Зяньковіч.

Як заявіў актывіст, незалежна ад рашэння суда, арганізатары акцыі будуць дзейнічаць «у адпаведнасці са сваімі планамі».

Нагадаем, арганізатары мерапрыемства маюць намер прыйсці ў 18.00 да заяўленага раней месца збору — на плошчу Якуба Коласа, каб накіраваць людзей, якія збяруцца там, да дазволенага месца збору — пляцоўкі каля Нацыянальнай акадэміі навук. Далей плануецца правесці шэсце па дазволеным маршруце да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай і там ушанаваць памяць ахвяр катастрофы 21‑й хвілінай маўчання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?