Мінскія ўлады адмовіліся ад планаў будаўніцтва на тэрыторыі парку Дружбы Народаў стадыёна, паведамілі БелаПАН у прэс-службе экалагічнага таварыства «Зялёная сетка». Пра гэта чыноўнікі інфармавалі ў адказе на зварот грамадзян.

Такое рашэнне прынята «з улікам рэгламенту генеральнага плана Мінска, а таксама зыходзячы з катэгарычнай нязгоды мясцовых жыхароў адносна размяшчэння грамадска-спартыўнага цэнтра ў парку Дружбы Народаў», паведамілі эколагі.

Як паведамлялася раней, 29 кастрычніка прыкладна тысячу подпісаў за захаванне парку Дружбы Народаў перадалі актывісты кампаніі «Гавары праўду!» ва ўладныя структуры:
адміністрацыю Савецкага раёна, Мінгарвыканкам, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і Мінгарсавета. Таксама прыкладна 500 подпісаў сабрала ініцыятыўная група з мясцовых жыхароў.
У парку Дружбы Народаў планавалася пабудаваць грамадска-спартыўны комплекс: футбольнае поле з трыбунамі на 2 тыс. месцаў, кафэ, магазін, паркоўку на 170 месцаў.
Будаўніцтва такога комплексу пацягнула б масавую высечку дрэў. Барацьбу жыхароў Савецкага раёна падтрымалі і іншыя жыхары горада. У адкрытым звароце, падпісаным актывістамі мікрараёнаў Усход-2 і Уручча-2, утрымоўваўся заклік да гарадской адміністрацыі адмовіцца ад планаў па будаўніцтве спартыўнага цэнтра ў парку Дружбы Народаў. Яны лічылі, што не трэба «правакаваць неабдуманымі рашэннямі сацыяльныя канфлікты і зыходзіць з інтарэсаў грамадскасці пры распрацоўцы горадабудаўнічай дакументацыі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?