Ля Чарнобыльскай капліцы па вуліцы Карастаянавай а 15:00 прайшло афіцыйнае мерапрыемства, прымеркаванае да 21‑й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі.

Ужо на падыходах капліцы была чутная жалобная музыка. Ля помніку ахвярам Чарнобыльскай катастрофы сабраліся пару соцень чалавек. Збольшага студэнтаў і школьнікаў, якіх прымусова даставілі на гэтае мерапрыемства. На заплечніках у некаторых маладзёнаў былі значкі «За свабоду», але міліцыя не рабіла ім ніяк заўвагаў.

У беразьняку побач зьбіраліся групкі ліквідатараў. Пілі гарэлку, успаміналі пра тыя часы. Пасьля некаторыя ішлі да помніка, большасьць жа накіроўвалася далей ад гэтага месца.

Высокія дзяржаўныя чыноўнікі, уключна з галоўным ідэолягам краіны Алегам Праляскоўскім, ускладвалі вянкі да помніку. Студэнты клалі гвазьдзікі. Граў вайсковы аркестар. Было зусім мала дзяржаўных журналістаў.

Недзе ў пару мэтрах ад помнікаў пачалася валтузьня. Міліцыянты не давалі прайсьці да помніку аднаму з п’яных ліквідатараў. Той крычаў: «Прапусьціце, гэта наша месца. Гэты помнік усталяваны нам». Ніякіх довады не пераконвалі міліцыянта. Апошняе, што казаў ліквідатар было. «Дайце прайсьці на пахаваньне... Пахаваньне Чарнобыльскіх ільгот». Міліцыянт ізноў не праявіў шкадаваньня. Пасьля чаго ліквідатар, разьвярнуўшыся, сышоў да сваіх сяброў. Яны ўтрох абняліся і пачалі ўспамінаць тых, каго болей няма зь імі, а потым заплакалі.

Яшчэ праз пару хвілін мерапрыемства скончылася, студэнты радасна скіраваліся па сваіх справах. Праз некалькі гадзінаў на гэтым самым месцы мусіць прайсьці і апазыцыйная акцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?