У аснову прычын адстаўкі ранейшага кіраўніка КДБ ляглі праблемы ў працы з асабістым складам. «У першую чаргу — гэта нездаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падраздзяленнях КДБ Яна выкліканая недахопамі ў арганізацыі як кадравай, так і ідэалагічнай працы, а таксама перакос пры гарантаванні ўласнай бяспекі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў ён, прынятыя рашэнні перш за ўсё звязаныя з настроем і меркаваннем сярэдняга і ніжэйшага звяна супрацоўнікаў КДБ. «Я іх голас пачуў. Магу сказаць, ваш голас пачуў. Але па-мужчынску хачу вас папярэдзіць, што да вас прыйшоў кіраўніком „Зайцаў у квадраце“. Гэта не той добры хлопец, якога, можа быць, хтосьці тут чакаў, — падкрэсліў Лукашэнка. — Гэта „Зайцаў у квадраце“, але без лішніх заносаў, без галавацяпства, чалавек, нацэлены на прафесіяналізм, адзін з нямногіх, хто жалезабетонна ведае, чаго хоча прэзідэнт ад КДБ».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку бягучага года на калегіі КДБ ужо абмяркоўваліся наяўныя ў ведамстве праблемы. «Тады мною даваліся ўказанні перагледзець падыходы ў працы з асабістым складам. Аднак, да майго жалю, належныя высновы зроблены не былі. Больш за тое, некаторыя праблемы яшчэ больш абвастрыліся, сталі набываць негатыўны грамадскі рэзананс». Тут Лукашэнка ўзгадаў пра сыход з жыцця падпалкоўніка Казака. «Натуральна я быў вымушаны звярнуць увагу на такую ​​сітуацыю і прыняць сур’ёзныя захады. Спачатку быў адпраўлены ў адстаўку начальнік упраўлення ўласнай бяспекі КДБ, а следам і старшыня».

І ён дадаў: «Тым не менш, яшчэ раз хачу падкрэсліць, калі хтосьці думае, што Зайцаў — гэта дрэнны і нягодны для КДБ чалавек… Можа, ён і нягодны, але не таму, што ён дрэнна служыў. Ён па-свойму разумеў свае задачы. Больш за тое, ён разам з вамі вырашаў гэтыя задачы, і на асобных кірунках вельмі эфектыўна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, па словах Лукашэнкі, работа органаў дзяржбяспекі набыла больш сістэмны і нацэлены на прадметнае рашэнне задач характар. Павысіўся ўзровень інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці, контрвыведніцкага забеспячэння дзяржаўных органаў. Прыняты меры па актывізацыі інфармацыйнага супрацьстаяння з нядобразычліўцамі і дэструктыўнымі сіламі, па ўмацаванні выканальніцкай і воінскай дысцыпліны сярод супрацоўнікаў КДБ. «Але была маса хібаў, якія непрымальныя для КДБ», — заявіў Лукашэнка. Ён таксама дадаў: «Зайцаў без працы не застанецца. І ніхто яго з краіны не збіраецца выштурхоўваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?