Нягледзячы на татальнае ачапленьне плошчы Якуба Коласа і акцыі запалохваньня ля Акадэміі навук, «Чарнобыльскі шлях 2007» сабраў тысячы маніфэстантаў. Абсалютную большасьць іх складала моладзь. Пасьля мітынгу, на рагу Сурганава і Багдановіча, адбыліся сутычкі юнакоў з "чорнакашульнікамі".

22.10 Затрыманых пачалі адпускаць па адным пасьля праверкі дакумэнтаў.

21.00 У Цэнтральным РУУС знаходзяцца 16 затрыманых. Сярод затрыманых Люда Атакулава, Кацярына Краснова, Кася Галіцкая, Юрась Зяньковіч, Уладзімер Сяргееў, Мікола Сергіенка, Алена Дзеаніна, Іван Сьпірын, Юры Шамкаловіч, Лісіенка Алесь, Вячаслаў Веткоўскі, Валянцін Сакалоўскі, Алесь Прэнін, Васіль Прасянкоў, Кацярына Рамашкевіч, Юлія Сяўцова.

20.45 На вуліцы Сурганава насупраць “Макдоналдзу” канфлікты з АМОНам перарасьлі ў сутычкі. "Чорнакашульнікі" зрабілі спробу затрымаць маніфэстантаў, якія адмовіліся згарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі скандуюць “Фашысты”. Амонаўцы спрабуюць атачыць частку маніфэстантаў. Паводле нашай інфармацыі, затрыманы Юрась Зяньковіч. Людзей, як дровы, укідвалі ў падагнаны аўтазак. Моладзь скандуе “Радзіма. Свабода”. У сутычцы пацярпеў Анатоль Лябедзька, які спрабаваў ратаваць затрыманых.

20.35 Спэцназаўцы прымушаюць людзей, якія вяртаюцца ў горад, прыбраць сымболіку. Людзі скандуюць “Ганьба” і “Жыве Беларусь”. Затрыманьняў пакуль не назіралася.

20.30 Пасьля хвіліны маўчаньня маніфэстанты пачынаюць разыходзіцца. Выступаў не было, толькі прафэсар Нікітчанка зачытаў рэзалюцыю “Шляху” без гукаўзмацненьня, якое было сканфіскаванае каля Акадэміі Навук. Рэзалюцыя патрабуе лепшага выкананьня праграмы па ліквідацыі наступстваў катастрофы. Дэманстранты выступаюць таксама супраць адкрыцьця ў Беларусі атамнай электрастанцыі і ажыцьцяўленьня сельскагаспадарчай дзейнасьці на забруджаных тэрыторыях.

20.20 Анатоль Ляўковіч, лідэр сацыял-дэмакратаў, мяркуе: нягледзячы ні на што, акцыя ўдалася, прыйшло многа людзей.

20.15 Вінцук Вячорка зазначае, што акцыя прайшла дастойна, а шматлікасьць сьведчыць пра тое, што тэма людзям баліць.

20.00 Каля Чарнобыльскай капліцы пачаўся жалобны мітынг. Першым трымае слова старшыня аргкамітэту “Шляху” прафэсар Нікітчанка. Мяркуецца, што па выніках мітынгу будзе прынятая рэзалюцыя і дваццаць адной хвілінай маўчаньня будзе ўшанаваная памяць ахвяраў Чарнобылю.

19.55 Галава маніфэстацыі падышла да Чарнобыльскай капліцы. Праваслаўныя сьвятары рыхтуюцца да багаслужбы ў памяць ахвяраў Чарнобылю.

19.52 Сярод людзей раздаюць улёткі з запрашэньнем 1 траўня у 11.30 да Акадэміі навук на першамайскую акцыю.

19.50 Зьміцер Хведарук, актывіст незарэгістраванага Маладога Фронту, кажа, што сёньня апошняя акцыя, калі МФ ідзе на Бангалор.

19.45 За маніфэстацыяй назіралі дыпляматы краінаў Эўрасаюзу і ЗША. Камэнтар кіраўніка аддзяленьня швэдзкага пасольства Эрыксан: не настолькі істотна, колькі людзей выйшла, галоўнае, што людзі засьведчылі гатоўнасьць выходзіць. Прыемна, што сярод людзей пануе такі пазытыўны настрой.

19.40 Калёна падышла да плошчы Бангалор. Колькасьць удзельнікаў маніфэстацыі вырасла да сямі-дзесяці тысяч чалавек.

19.30 На думку Сяргея Калякіна акцыя праходзіць пазытыўна. Дзеяньні міліцыі толькі надаюць ёй дынамізму, разаграваюць моладзь, дадаючы ёй азарту.

19.25 Віктар Івашкевіч пазытыўна ацэньвае сёньняшні “Чарнобыльскі шлях”, адзначае высокую мабілізацыю людзей. Прыкра толькі, кажа ён, што міліцыя парушыла ранейшыя дамоўленасьці — абяцала выдзеліць паласу руху для праходу маніфэстантаў.

19.20Дэманстрацыя падышла да вуліцы Бяды. Каля ўнівэрсаму “Рыга” за дэманстрацыяй назірае натоўп людзей. Яны вітаюць маніфэстантаў, фатаграфуюць на мабільнікі.

19.15 Пад’ехалі два дзясяткі міліцэйскіх машынаў, ізноў выціснулі людзей на тратуар. Месцамі да маніфэстантаў была ўжытая сіла.

19.10 Маніфэстанты рухаюцца па вуліцы Сурганава паабапал праезнай часткі. На рагу Сурганава / Коласа міліцыянты паспрабавалі выхопліваць з калёны маладых людзей. Іх удалося адбіць, міліцыянты адступілі. Пасьля гэтага людзі на знак пратэсту выйшлі на праезную частку.

19.09 На чале калёны нясуць вялікую чорную расьцяжку “Чарнабыльскі шлях”. Пасьля вуліцы Якуба Коласа ачапленьне і міліцэйскія машыны выціснулі людзей на ходнікі. Сярод тых, хто ідзе на чале калёны, ідуць Івашкевіч, Вячорка, Сіўчык, Сідарэвіч, сьвятар Леанід Акаловіч. “Чарнобыльскі звон” нясе Павал Батуеў. Маніфэстанты нясуць расьцяжку “Малады фронт” «Строя новую АЭС – помни ошибки прошлого!», «Беларусь без АЭС», «Руки прочь от чернобыльских льгот», «Атом мірны не бывае», «Не другому Чарнобылю», «За альтэрнатыўную энэргію».

19.08 На прыпынку на вуліцы Сурганава два паддатыя мужыкі глядзяць на дэманстрацыю. "А прыгожы ж, бл...ха, сьцяг!" "У мяне дома тры такія ляжыць!" — "А халеры ж ты іх не вывешваеш?" — "Прыйдзе час — усе тры вывешу!"

19.01 Каля маніфэстантаў уюцца правакатары. Іх неяк заўважна шмат. Яны выпіўшы і іхная тактыка — перад тэлекамэрамі кідацца пад колы машынаў. Цікава, што аднаго зь іх злавіў асабіста палкоўнік Падабед.

19.09 На чале калёны нясуць вялікую чорную расьцяжку “Чарнабыльскі шлях”. Пасьля вуліцы Якуба Коласа ачапленьне і міліцэйскія машыны выціснулі людзей на ходнікі. Сярод тых, хто ідзе на чале калёны, ідуць Івашкевіч, Вячорка, Сіўчык, Сідарэвіч, праваслаўны сьвятар. “Чарнобыльскі звон” нясе Павал Батуеў. Маніфэстанты нясуць расьцяжкі “Малады фронт”, «Строя новую АЭС – помни ошибки прошлого!», «Беларусь без АЭС», «Руки прочь от чернобыльских льгот», «Атом мірны не бывае», «Не другому Чарнобылю», «За альтэрнатыўную энэргію».

19.01 Каля маніфэстантаў уюцца правакатары. Іх неяк заўважна шмат. Яны выпіўшы і іхная тактыка — перад тэлекамэрамі кідацца пад колы машынаў. Цікава, што аднаго зь іх злавіў асабіста палкоўнік Падабед.

18.55 “Чарнобыльскі шлях” скіроўваецца па вуліцы Сурганава ў бок Чарнобыльскай капліцы. Перад калёны набліжаецца да Якуба Коласа, зад яшчэ знаходзіцца на скрыжаваньні праспэкіу і Сурганава. Як толькі ўтварылася калёна, стала рэзка большаць колькасьць людзей. Іх колькасьць пераўзышла пяць, а можа быць і сем тысячаў чалавек. Маніфэстантаў так шмат, што яны заблякавалі рух на дзьвюх палосах вуліцы Сурганава. Скандуюць “Жыве Беларусь”, “Свабоду палітвязьням”. Амонаўцы аднавілі рух па адным з бакоў праспэкту Скарыны, па другім баку рух усё яшчэ спынены.

18.47У раёне Акадэміі мастацтваў кардонам амонаўцаў перакрыты рух у бок Бібліятэкі, у тым ліку і для машынаў. Усіх скіроўваюць на вуліцу Сурганава. Утварыўся вялізны затор.

18.45Мілінкевіч знаходзіцца ля Акадэміі Навук. Раздае аўтографы і фатаграфуецца. Ён адмовіўся ісьці на Бангалор.

18.37Юрась Зяньковіч заклікаў ўсіх ісьці да Чарнобыльскай капліцы. Людзі пачынаюць па тратуарах рухацца ў бок вуліцы Сурганава.

18.36Затрыманая гукаўзмацняльная тэхніка.

Людзі падцягваюцца. Ёсьць сьцягі анархістаў, сьцягі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, большасьць — бел-чырвона-белых.

Уся плошча ля Акадэміі навук запружана людзьмі. Колькасьць можна ацаніць на 3—4 тысячы чалавек.

Пайшлі папярэджаньні, што за парушэньне парадку, будуць прымененыя спэцсродкі.

18.26 Пачатак калёны, што ідзе па праспэкце, падышла да Акадэміі навук. Агульную колькасьць людзей можна ацаніць у некалькі тысяч чалавек. У руках трымаюць партрэты Зьмітра Дашкевіча.

18.19 Сьцягоў ля Акадэміі навук паболела. Ля Акадэміі — каля 700 чалавек. Моладзь у жоўтых накідках з рэсьпіратарамі і надпісы “Чарнобыльскі шлях”. Шмат людзей выходзіць з мэтро.

18.13 У калёне, што рухаецца па праспэкце, ужо сабралася каля 2000 чалавек. Яна ўвесь час расьце па набліжэньні да Акадэміі Навук. Маладафронтаўцы раздаюць самаробныя сьцяжкі.

18.05 На Праспэкце каля плошчы Якуба Коласа зьявіліся тры вялікія сьцягі, людзі таксама маюць малыя сьцяжкі. Каля ЦУМу зь людзьмі — Зяньковіч, Палевікова, Мілінкевіч, Кулей, Вячорка, Янукевіч.

18.03 Ля ЦУМУ выступіў Юрась Зяньковіч, ён заклікаў усіх ісьці на Акадэміі навук. Людзі (каля 150 чалавек) пайшлі да Акадэміі. Зьявіліся маленькія сьцяжкі. Колькасьць людзей можна ацаніць на 500—700 чалавек.

18.00 Каля Акадэміі навук распачалася ўстаноўка сцэны. Выстаўленая варта зь ліку дружыны. Зьявіліся каля дзесяці сьцягоў, транспаранты. Тутака прысутнічаюць Віктар Івашкевіч, Анатоль Сідарэвіч зь ліку арганізатараў шэсьця.

17.57 Аляксей Янукевіч і Аляксандар Мілінкевіч гуртуюць людзей каля ЦУМу. Тым часам каля Акадэміі Навук пачалася ўстаноўка сцэны, выстаўленае ачапленьне. Там знаходзяцца Юлія Казуліна, Анатоль Сідарэвіч, Віктар Івашкевіч. Узьянтыя каля дзясятка сьцягоў, ёсьць транспаранты.

17.57 Арганізатары знаходзяцца ля ЦУМу.

На прыступках Прэзыдыюму Акадэміі навук таксама пачынаюць зьбірацца людзі. На гэты момант іх каля дзьвюх соцень. Расьцягнулі плакат “Свабоду Казуліну”.

17.55 Мілінкевіч у гэты момант знаходзіцца ля ЦУМУ

17.45 Арганізатары маніфэстацыі знаходзяцца ля ЦУМУ.

17.40 Людзі стаяць ля Лідо і ля ЦУМУ. Там і там па 50 чалавек. Палітыкаў пакуль няма.

17.18 Ля рэстарану "Лідо" ўсталёўваюць жалезныя парканы.

17.16 Група людзей (моладзь) спрабуе прайсьці дварамі з Якуба Коласа да Плошчы Перамогі , але тут усе перакрыта. Трамваі на Якуба Коласа не сьпыняецца.

17.10 Перакрыты падыходы з боку Плошчы Перамогі. Міліцыянты стаяць ля "Эўраопту", "Лянка".

17.06 Плошча цалкам перакрыта.

17.00 Міліцыянты стаяць ланцугом ля Філярмоніі. Не прапускаюць людзей да помніка Якуба Коласа, ля якога сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. За філярмоніяй і «Алімпам» стаіць некалькі міліцэйскіх аўтобусаў. Перакрыты падыходы з Камароўкі.

Міліцыянты папярэджваюць, што мэтро не спыняецца на Якуба Коласа.

Каля Філярмоніі каля 100 ціхароў. Гэтыя сядзяць на лаўках. Пакуль, візуальна, ціхароў болей, чым міліцыянтаў.

Камароўка заблякаваная двойчы: каля Імпульсу і каля выхаду з мэтро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?