Памёр расійскі пісьменнік Барыс Стругацкі. Ён памёр 19 лістапада ў шпіталі, у апошнія некалькі дзён дактары ацэньвалі стан яго здароўя як вельмі цяжкі. Прычынай смерці сталі праблемы з сэрцам. Пісьменніку было 79.

Барыс Стругацкі быў адным з самых вядомых савецкіх і расійскіх пісьменнікаў-фантастаў XX стагоддзя.
У суаўтарстве з братам Аркадзем ён напісаў каля 30 раманаў і аповесцей, у тым ліку такія, што сталі культавымі «Панядзелак пачынаецца ў суботу», «Цяжка быць богам» і «Пікнік на абочыне».
Творы Стругацкіх неаднаразова экранізавалі.
Найбольш вядомы фільм «Сталкер», зняты Андрэем Таркоўскім па «Пікніку на абочыне» у 1979 г.

Пасля смерці брата ў 1991 г. Барыс Стругацкі выпусціў некалькі твораў, напісаных ім у адзіночку, напрыклад раман «Бяссільныя гэтага свету» (выйшаў у 2003 годзе — пад псеўданімам С. Віціцкі, як і некаторыя іншыя творы Стругацкага). Акрамя таго, з 2002 года Стругацкі быў галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Полдень. XXI век».

Барыс Стругацкі — лаўрэат прэміі прэзідэнта Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва і ўладальнік Ордэна Пашаны, а таксама шэрагу іншых ганаровых узнагарод і прэмій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?