«Прыехаўшы ў Маскву нелегальна, журналістка змагла з дапамогай НВА «Мемарыял» атрымаць легальны статус.

Перш, чым пачаўся наступны этап яе шляху, яна раптам атрымала нечаканую дапамогу з Крамля: «Мне патрэбна была выязная віза. Уладзіслаў Суркоў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, дапамог яе атрымаць».
Гэтае рашэнне расейскіх улад ілюструе складаныя, часта супярэчлівыя адносіны паміж Мінскам і Масквой. Іх сяброўства пераменлівае», — піша французская газета «Монд» у артыкуле «Беларускі голас з-за мяжы» пра Наталлю Радзіну і сайт «Хартыя-97».
Мы звязаліся з Радзінай і запыталіся, ці яна звярталася да Суркова асабіста ці праз кагосьці?

За мяне прасіла расійская праваабронца Святлана Ганнушкіна, адказала Радзіна. Беларуская журналістка нагадала, што на тэрыторыю Расіі яна трапіла нелегальна, без дакументаў. Яна была пад следствам КДБ па справе пра так званыя «масавыя беспарадкі». Адпаведна, проста так выехаць з Расіі яна не магла.

Яна атрымала ў офісе ААН па справах уцекачоў і ў пасольстве Нідэрландаў часовыя праязныя дакументы, але на іх павінна была стаяць расійская выязная віза.
Свае драматычныя ўцёкі Радзіна апісала ў свой час у артыкуле «Круты маршрут».

«Пасля чатырох месяцаў афармлення статуса ўцекача па лініі ААН паўстала пытанне пра расійскую выязную візу, — расказала журналістка «Нашай Ніве», — і ў ААН мне сказалі, што трэба ісці ў Федэральную міграцыйную службу (ФМС), але мяне могуць арыштаваць, бо я ў вышуку.

Тады Ганнушкіна звярнулася да Суркова пасля сустрэчы праваабаронцаў з Мядзведзевым.
Тады адміністрацыя Мядзведзева — ён тады быў прэзідэнтам — дала згоду на тое, каб мяне адпусцілі з Расіі, і ФМС выдала мне выязную візу».

Святлана Ганнушкіна — кіраўніца камітэта «Грамадзянскае спрыянне», сяброўка Рады па пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці пры прэзідэнце Расіі. Уладзіслаў Суркоў цяпер працуе віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?