19 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску падпісана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы на 2012–2014 гады.

Намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што ў рамках праграмы запланавана рэалізацыя мерапрыемстваў і сумесных праектаў, накіраваных на развіццё культуры і мастацтва абедзвюх краін.

«Мы чакалі гэтую праграму. Мы перакананыя, што яна стане важным стымулам для дзяржаўных органаў і арганізацый па развіцці культуры. Мы таксама спадзяёмся, што праграма абудзіць шырокую грамадскую супольнасць на развіццё актыўнага культурнага супрацоўніцтва. Праграма ўключае шэраг пунктаў, сярод якіх развіццё супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, тэатральнага мастацтва, канцэртна-гастрольнай дзейнасці, рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, музейнай справы і выставачнай дзейнасці, бібліятэчнай справы, стварэння помнікаў дзеячам культуры і мастацтва, арганізацыі абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры», — паведаміў Стружэцкі.

Паводле слоў намесніка міністра культуры, «у межах праграмы плануецца папулярызацыя спадчыны Станіслава Манюшкі, стварэнне дасье па Аўгустоўскім канале для ўнясення яго ў спіс Сусветнай спадчыны, правядзенне дзён культуры Беларусі ў Польшчы, а таксама дзён краіны-суседкі ў нас».

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка дадаў: «Хацелася б, каб культура Польшчы была даступная для шырокай грамадскасці ў Беларусі. Гэта праграма стане штуршком для развіцця культуры ў краінах-суседках. Мы будзем старацца, каб усе праекты, запланаваныя намі, атрымаліся».

Да канца гэтага года Міністэрства культуры Беларусі плануе падпісаць праграму супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Латвіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?