ЗП «Гербелінвест» адмовілася ад будаўніцтва жылля па літоўскім праекце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 20 лістапада паведаміў першы намеснік дырэктара прадпрыемства Валерый Фрэйтак.

Паводле яго слоў, першапачаткова планавалася будаўніцтва пяці чэргаў дамоў з выкарыстаннем канструкцый літоўскіх вытворцаў.
«Але пытанне з лагістыкай было слаба прапрацавана. Здарылася так, што дастаўка канструкцый стала для нас асноўнай праблемай», — паведаміў Фрэйтак.

Першапачаткова прадукцыя грузілася на аўтамабільны, потым чыгуначны транспарт з далейшай перагрузкай ізноў на аўтамабільны. Потым яна дастаўлялася толькі аўтатранспартам, але ён па некалькі сутак прастойваў на мяжы і мытні. У выніку ў тыдзень атрымлівалася рабіць па адным рэйсе, што зацягвала будаўніцтва.

«Улічваючы такую тэндэнцыю, мы вырашылі пачатыя дамы дабудаваць, чаго б гэта нам ні каштавала, а страты вялікія. Астатнія дамы мы будуем на канструкцыях МАПІД», — паведаміў Фрэйтак.

Гэта «несупастаўна па тэрмінах і расходах». «Я думаю, што наша рашэнне аб спыненні літоўскага праекта апраўдана. Я не думаю, што хтосьці з забудоўшчыкаў пойдзе па нашым шляху, хоць была спроба адміністрацыі Фрунзенскага раёна, але калі мы расказалі ўсю праўду пра кошт, адмовіліся», — паведаміў першы намеснік дырэктара.

Акрамя таго, паводле яго слоў, на згортванне праекта паўплываў валютны крызіс мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?