Беларускія мытнікі затрымалі партыю сухафруктаў коштам прыблізна 800 млн. рублёў і паўпрычэп коштам звыш 200 млн. рублёў.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, на аўтадарозе М-1 Масква — Брэст пры ўездзе з Расіі ў Беларусь быў спынены аўтацягнік «Вольва», якім кіраваў беларускі грамадзянін. Тавар — сухафрукты ў асартыменце — накіроўваўся з Масквы ў Мінск.

Праверыўшы дакументы, праваахоўнікі звярнулі ўвагу на тое, што паўпрычэп-рэфрыжэратар маркі Krone SPR 27 з’яўляецца часова ўвезеным транспартным сродкам міжнароднай перавозкі і на ім не дапускаюцца ўнутраныя перавозкі па мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Падчас правядзення далейшых праверачных мерапрыемстваў высветлілася, што ў вадзіцеля аўтацягніка «Вольва» адсутнічаюць фітасанітарныя дакументы на сухафрукты, паведамляе ДМК.

Паводле звестак мытнікаў, тавар перамяшчаўся з парушэннем патрабаванняў п. 3.2 палажэння аб парадку ажыццяўлення каранціннага фітасанітарнага кантролю (нагляду) на мытнай тэрыторыі Мытнага саюза і патрабаванняў п. 352 пастановы Савета міністраў Беларусі ад 30 чэрвеня 2008 года № 970 «Аб зацвярджэнні правілаў аўтамабільных перавозак грузаў».

Як зазначаюць у ДМК, перавозчык учыніў адразу два адміністрацыйныя правапарушэнні. Сухафрукты і паўпрычэп канфіскаваныя. Праводзяцца праверачныя мерапрыемствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?